Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень Волі гамельчукі згадалі барацьбітоў за свабоду


На вуліцы Дзімітрава, дзе стаяў дом Палуты Бадуновай
На вуліцы Дзімітрава, дзе стаяў дом Палуты Бадуновай

Дэмакратычныя актывісты Гомеля ў Дзень Волі наведалі месцы жыцьця й пахаваньня выбітных барацьбітоў за свабоду і незалежнасьць Бацькаўшчыны — Палуты Бадуновай, Цімоха Вострыкава, Міхася Жызьнеўскага, Рыгора Клімовіча.

У кожнага зь іх — свая жыцьцёвая дарога, свой абсяг змаганьня. Агульнай была толькі мэта — свабода і незалежнасьць Беларусі.

Палута Бадунова, жыцьцё й праца якой працяглы час былі зьвязаныя з Гомелем, уваходзіла ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, была міністрам сацыяльнай апекі, нястомнай змагаркай за незалежнасьць Беларусі і, у пэўным сэнсе, увасабленьнем непераможнага беларускага духу.

У 1937 годзе яе арыштавалі энкавэдысты і неўзабаве расстралялі. Месца пахаваньня яе невядомае. Аднак вядома, што дом сямʼі Бадуновых стаяў у Гомелі пры цяперашняй вуліцы Дзімітрава. На пустцы паміж шматпавярховікамі гомельскія дэмакратычныя актывісты і ўсклалі кошык з кветкамі. Намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў у кароткай прамове зазначыў, што афіцыйныя ўлады гораду не пагадзіліся на прапанову трох сотняў гараджанаў перайменаваць вуліцу, якая носіць імя баўгарскага камуніста Дзімітрава, у гонар Палуты Бадуновай. Няма нават памятнага знака, што тут стаяў дом выбітнай змагаркі за беларускую незалежнасьць.

«Лёс Палуты Бадуновай нагадвае лёс Беларусі, — сказаў Палякоў. — Імя яе вядомае ў гісторыі, жыцьцё яе яскравае, але поўнае пакутаў — гэта ж можна сказаць і пра Беларусь. У нас ёсьць спадзяваньні, што бліжэйшым часам імя Палуты Бадуновай будзе ўшанавана. Будзе ня толькі вуліца яе імя, але й помнік. І кожны жыхар Гомеля будзе ведаць, што беларуская незалежнасьць пачалася з абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, а БНР непарыўна зьвязаная зь імем нашай славутай зямлячкі».

Прамову Васіль Палякоў скончыў заклікам: «Жыве Беларусь», грамада адказала: «Жыве!».

Вясковыя могілкі ў Раманавічах, дзе пахаваны Цімох Вострыкаў
Вясковыя могілкі ў Раманавічах, дзе пахаваны Цімох Вострыкаў

На могілках у вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну пахаваны дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву Цімох Вострыкаў. У жніўні 1952 году ў складзе «чацьвёркі» Вострыкаў дэсантаваўся ў Беларусі з амэрыканскага самалёта як прадстаўнік Рады БНР. Праз тыдзень у выніку здрады быў арыштаваны і тры гады адседзеў у менскай турме КДБ.

Па прысудзе за «здраду Радзіме са зброяй у руках» Цімох Вострыкаў правёў 23 гады ў лягерах у Мардовіі. Пасьля вызваленьня жыў у абласным цэнтры, працаваў у абʼяднаньні «Гомсельмаш». Памёр Цімох Вострыкаў у лістападзе 2007 году.

Перш чым ускласьці вянок і кветкі да сьціплага помніка беларускаму змагару, гомельскі палітык і грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора сказаў: «Мы аддаём сёньня даніну павагі подзьвігу Цімоха Вострыкава, чалавека, які верыў, што і ў часы сталіншчыны можна здабыць для Беларусі свабоду й незалежнасьць, адрадзіць яе гісторыю й культуру».

Хвілінай маўчаньня прысутныя ўшанавалі памяць нязломнага барацьбіта за вольную Беларусь.

«Я асабіста быў знаёмы зь Цімохам Вострыкавым, — згадвае былы кіраўнік гуманітарнага ліцэю ў Гомелі Алесь Яўсеенка. — У дзевяностыя гады мы распрацоўвалі адмысловы курс для ліцэю: „Гісторыя беларускага моладзевага руху“. Нашы сябры ў Менску мелі некаторы доступ да архіву КДБ, дзе й адкрылі імя Вострыкава, паглядзеўшы кіназапіс допыту гэтага нацыянальнага патрыёта. Яго прадстаўлялі, безумоўна, як замежнага шпіёна. Сябра, які бачыў хроніку допыту маладога Вострыкава, так казаў пра яго: „Гэта чалавек — скала“. Падчас вайны Цімох уваходзіў у „Саюз беларускай моладзі“ — яны дбалі пра беларускае адраджэньне, займаліся, па сутнасьці, тым, што робіць у наш час гістарычна-культурніцкая суполка „Талака“. Мяне ў Вострыкаву зьдзівіла тое, што, фармальна ня маючы вышэйшай адукацыі, ён меў калясальныя веды па гісторыі Беларусі, яе літаратуры, цудоўна валодаў роднай мовай. Гэта былі самародкі, шчырыя патрыёты Бацькаўшчыны».

На магіле Рыгора Клімовіча
На магіле Рыгора Клімовіча

Гомельскія актывісты наведалі сёлета ў вёсцы Церуха, што пад Гомелем, і магілу Рыгора Клімовіча, аднаго зь лідэраў руху супраціву ў ГУЛАГу, кіраўніка Нарыльскага паўстаньня 1953 году, аўтара гімну паўстанцаў «Не страшны нам тиранства большевизма». Магілу бацькі паказваў ягоны сын — Юры Клімовіч.

У памяць пра Міхася Жызьнеўскага
У памяць пра Міхася Жызьнеўскага

Ад мінулага году дэмакратычныя актывісты наведваюць у Дзень Волі ў вёсцы Сьцяг Працы й магілу героя Нябеснай Сотні, беларускага рыцара ўкраінскага Майдану Міхася Жызьнеўскага, каб ушанаваць і яго памяць. Бо лічаць, што Жызьнеўскі, змагаючыся за свабоду і годнае жыцьцё ва Ўкраіне, адначасова змагаўся і за незалежнасьць Беларусі.

Помнік на магіле Міхася Жызьнеўскага
Помнік на магіле Міхася Жызьнеўскага

Пасьля таго як дэмакратычныя актывісты наведалі знакавыя месцы, зьвязаныя з імёнамі выбітных асобаў беларускай незалежнасьці, яны сабраліся ў грамадзка-палітычным цэнтры на Палескай вуліцы. Тут падрабязьней згадалі гісторыю ўтварэньня БНР, паказалі слайды пра выбітных дзеячоў беларускага адраджэньня, жыцьцё якіх так ці інакш было зьвязанае з Гомельшчынай.

Вальжына Цярэшчанка выканала шэраг патрыятычных песень на словы беларускіх паэтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG