Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьце на Дзень Волі ў Менску. Коратка пра ўсё


25 сакавіка менчукі і госьці Менску адзначылі 98-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі шэсьцем ад помніка Янку Купалу да ўнівэрсаму «Рыга»..

Традыцыйнае адзначэньне Дня Волі ў 2016 годзе прайшло па незвычайным сцэнары. Заяўнікі акцыі мелі намер сабрацца каля Акадэміі навук і прайсьці да парку Янкі Купалы. Чыноўнікі хацелі вярнуць шэсьце на ранейшы маршрут: ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор. Але арганізатары вырашылі іначай.

Севярынец: «Беларусь ніколі ня будзе калгасам»Статкевіч: Адбылося прыстойнае шэсьце па праспэкце. Някляеў: Каля Купалы мы сказалі, што хочам жыць не ў лукашэнкаўскай, а ў купалаўскай Беларусі

Частка 1. Частка мітынгоўцаў сабралася адразу ў парку Янкі Купалы, дзе адбыўся 20-хвілінны мітынг. Іншая частка сабралася ў дазволеным уладамі месцы — ля «Кастрычніка».

Першыя ўсклалі кветкі да помніка Купалу і рушылі ходнікамі праспэкту Незалежнасьці да другіх (прыпыніўшыся, каб ускласьці кветкі Коласу). Міліцыя не перашкаджала шэсьцю.

ГЛЯДЗЕЦЬ ФОТАГАЛЕРЭЮ

ВІКТАРЫНА: ЦІ ВЕДАЕЦЕ ВЫ ГІСТОРЫЮ БНР

Частка 2. Тым часам каля «Кастрычніка» актывісты «Арт-сядзібы» паставілі “фатасьцены” (тантамарэскі) з выявамі «Пагоні» і «Вершніцы», ладзілі гульні і сьпевы. Калі «купалаўскія» сустрэліся з «кастрычніцкімі», адбыўся яшчэ адзін паўгадзінны мітынг. «Арт-сядзібаўцы» наракалі: прамовы палітыкаў перашкаджалі іхнім забаўляльным акцыям.

«Купалаўскіх» мітынгоўцаў налічвалася, па розных ацэнках, ад 500 да 1000, «кастрычніцкіх» — некалькі соцень. На мітынгах выступілі палітыкі Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер Някляеў, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў і Віталь Рымашэўскі, прадпрымальніцкі лідэр Алесь Макаеў ды іншыя. Прысутнічаў і Анатоль Шумчанка, але не прамаўляў.

Частка 3. Па заканчэньні мітынгу пад «Кастрычнікам» арганізатары павялі людзей да гандлёвага цэнтру «Рыга» — па частцы дазволенага ўладамі маршруту — але адмовіліся ісьці да плошчы Бангалор і тым больш ладзіць мітынг у Парку дружбы народаў. Дарогу да «Рыгі» тлумачылі памкненьнем да эўрапейскай сталіцы, шляхам Беларусі ў Эўропу. Янукевіч таксама згадаў, што ў Рызе вяршыліся лёсы народаў, быў заключаны гістарычны Рыскі мір (ацэнак яго вынікам ён не даваў).

Частка 4. Багата людзей далучылася да шэсьця, але шмат хто застаўся і пад «Кастрычнікам». Каля «Рыгі» палітыкі прасілі мітынгоўцаў згарнуць сьцягі і разысьціся.

Частка 5. Але і пасьля гэтых заклікаў людзі стаялі насупраць гандлёвага цэнтру, грэліся сьпевамі пад гітару і а-капэла («хэдлайнэр» — стары «Ляпіс Трубяцкі»).

Пра затрыманьні ці штрафы на менскіх мітынгах і шэсьцях на момант публікацыі невядома. Ня выключана, зрэшты, што штрафы арганізатарам ці ўдзельнікам выпішуць завочна, як было на акцыях у падтрымку прадпрымальнікаў і акцыях за вызваленьне Надзеі Саўчанкі.

Тым часам у Горадні ўдзень затрымалі актывістаў, які ішлі віншаваць з Днём Волі старшыню гарвыканкаму, а арганізатара традыцыйнага віншаваньня з Днём Волі студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі запрасілі правесьці сьвята ў ваенкамаце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG