Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Адбылося прыстойнае шэсьце па праспэкце. Някляеў: Каля Купалы мы сказалі, што хочам жыць не ў лукашэнкаўскай, а ў купалаўскай Беларусі


Пра вынікі сёньняшняга адзначэньня Дня Волі ў Менску Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў распавялі карэспандэнту Свабоды.

Мікола Статкевіч не пайшоў разам з тымі, хто рушыў шэсьцем ад кінатэатру «Кастрычнік» да ўнівэрсаму «Рыга».

«Я ўжо сказаў, што на Дзень Волі я не пайду ў бок Бангалора. Акцыя прайшла, шэсьце прайшло па праспэкце Незалежнасьці. Куды яшчэ?»

Спадар Статкевіч падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сёньняшняй акцыі. Ці ўсё плянаванае ўдалося зрабіць?

«Я задаволены першай часткай, бо прыйшла дастаткова вялікая колькасьць людзей на несанкцыянаваны мітынг ля помніка Янку Купалу. Адбылося прыстойнае шэсьце па праспэкце да кінатэатру „Кастрычнік“. Мне таксама спадабалася, што прыйшло даволі шмат людзей да гэтага кінатэатру. Але далей — людзі ў нізіне, стаяць кіраўнікі палітычных партыяў, у мэгафон нешта гавораць, іх не чуваць, не відаць, як у нейкай яме стаяць. Гэта ня сьведчыць пра павагу ні да сьвята, ні да сябе. Я думаю, можна было нешта прыдумаць, каб пазьбегнуць такога самапрыніжэньня. Альбо зь нейкай іншай кропкі выступаць, калі міліцыя не пускае залезьці наверх. Бо атрымалася, што ўверсе над натоўпам стаяць гэтыя тэатралы, а ўнізе нябачныя, нешта самі сабе выступаюць лідэры апазыцыйных партыяў. Хоць бы ўжо нейкую драбіну прынесьлі.

І безумоўна, што не спадабалася. Варыянт пачаць шэсьце ад Янкі Купалы быў кампрамісны, агульны. І, на жаль, частка тых, хто ўдзельнічаў у аргкамітэце, потым не падтрымала свой уласны кампрамісны варыянт. Частка апазыцыйных лідэраў прыйшла да Янкі Купалы, заклікала туды. А частка адмовілася ад гэтага кампрамісу. Кампраміс у тым, што я прапаноўваў Кастрычніцкую плошчу, калегі прапаноўвалі Бангалор. Мы пагадзіліся на сквэр Янкі Купалы. І яны потым самі ад гэтага адмовіліся. І гэта таксама ў мяне не выклікае захапленьня».

Уладзімер Някляеў распавёў карэспандэнту Свабоды, што таксама не пайшоў у бок плошчы Бангалор. Падводзячы вынікі сьвяткаваньня, ён сказаў:

«Адбылося лепш, чым чакалася. Бо на ўсіх прадпрыемствах, установах быў загад ні ў якім разе не адпускаць людзей з працы раней, нягледзячы на пятніцу. Ну, рыхтаваліся ня толькі мы, але і зь іншага боку.

Сапраўды, час быў трохі зараньні для акцыі. І гэтыя разьбежкі людзей, хто каля помніка Купалу, хто каля „Кастрычніка“, — усё гэта працавала не на карысьць сёньняшняга сьвяточнага шэсьця.

Але тым ня менш яно адбылося. Людзей было значна больш. А галоўнае, што людзі былі настроеныя значна весялей.

Не хапала, канечне, арганізаванасьці, бо падчас падрыхтоўкі былі супярэчлівасьці ў арганізатараў, не дапрацавалі тэхнічна. Усё-ткі там у яміне каля „Кастрычніка“ з мэгафонам стаяць і гаварыць было амаль што бяз толку, бо людзі нічога ня чулі.

Але што там асабліва можна было пачуць? Усе ведалі, што там хто можа сказаць. Усе ведалі, чаго яны прыйшлі і чаго дамагаюцца, і асабліва агітаваць іх ня трэба было.

Мы каля Купалы сказалі, што мы хочам жыць не ў лукашэнкаўскай, а ў купалаўскай Беларусі. У лукашэнкаўскай Беларусі ўсё нечыя, як у таго Карбаса-Барабаса адны мае палі. А ў купалаўскай Беларусі народ сам гаспадар. Вось гэта і было сёньня прадэманстравана».

Што да рэакцыі ўладаў, то, паводле Някляева, сёньня супрацоўнікі міліцыі не падыходзілі і не складалі пратаколаў. Аднак ён не выключае, што за акцыю каля помніка Купалу гэтыя пратаколы «могуць скласьці задняй датай, бо там былі людзі, якія заўсёды гэтым займаюцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG