«Працягваем вось ужо на працягу дзевяці месяцаў выконваць задачы ў памежжы. Мы, вядома, шукаем там пэўныя рэзэрвы. І яшчэ дадатковае прыкладаньне нашых намаганьняў для забесьпячэньня бясьпекі — мы займаемся ня толькі тэрытарыяльнай абаронай, але і падрыхтоўкай „народнага апалчэньня“ там у памежжы», —сказаў намесьнік кіраўніка МУС (відэа ў ютуб-канале ўнутраных войскаў).
«Народнае апалчэньне», дадаў Карпянкоў, гэта «тыя, хто не прызваныя ў тэрытарыяльную абарону і застаецца на месцах». «І яны гатовыя і здольныя павінны выконваць задачы ў інтарэсах органаў унутраных спраў. Гэта падтрыманьне рэжыму надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, гэта блёкпасты, гэта патрулі, гэта ахова крытычна важных аб’ектаў. Таму на гэты момант актыўна рыхтуем «народнае апалчэньне», — адзначыў намесьнік міністра.
«Ва ўсіх гэтых гарадках [ля мяжы з Украінай], вы ведаеце, жадаючых сотні, але могуць быць набраныя 150–200 чалавек, каб была спарадкаваная сыстэма падрыхтоўкі і яны былі разьбітыя на пэўныя такія падразьдзяленьні», — сказаў ён.
У гэтыя падразьдзяленьні, паводле яго слоў, набіраюцца «сурʼёзныя мужыкі, якія ў 70–80-я гады [мінулага стагоддзя] служылі ў войску», — заявіў Карпянкоў.
У Беларусь «вельмі часта» залятаюць бесьпілётныя лятальныя апараты (БПЛА) з тэрыторыі Ўкраіны, таксама заявіў Мікалай Карпянкоў.
Карпянкоў дэ-факта прызнаў у інтэрвʼю, што беларуская сыстэма абароны не спраўляецца з такімі баявымі дронамі. Іх паходжаньне ён не назваў.
«Бог ахоўвае Рэспубліку Беларусь, — так намесьнік кіраўніка МУС паспрабаваў растлумачыць адсутнасьць цяжкіх наступстваў ад падзеньня дронаў на беларускай тэрыторыі. — Вось колькі яны ў палях падалі, столькі яны выбухалі. Колькі яны падалі ў населеных пунктах — Лойнікі, у Хоеве (верагодна, гаворка аб Хойніках і Лоеве, раённых цэнтрах Гомельскай вобласьці. — „Позірк“.) ... Вы ведаеце, яны не выбухаюць».
Паводле яго сьцьвярджэньня, тэхнічная аснашчанасьць падразьдзяленьняў МУС, якія процідзейнічаюць БПЛА", падрасла«. «І сапёр па-ранейшаму ў касьцюме па разьмінаваньні падносіць рэнтген і глядзіць, атрымліваецца, што ў гэтым дроне вось знаходзіцца. Альбо аскепкава-фугасны, альбо тэрмабарычны боепрыпас. Глядзіць, дзе там слабое месца, ёсьць самаліквідатар ці не. І мы іх разьмініруем», — адзначыў намесьнік кіраўніка ведамства.
- Незалежныя інфармацыйныя рэсурсы і СМІ рэгулярна паведамляюць пра падзеньне расейскіх БПЛА на тэрыторыі Беларусі.
- 4 кастрычніка мінулага года Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэньня мяжы баявымі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускі бок іх зьбівае незалежна, украінскія яны ці расейскія.
- Пэрыядычна яны падаюць на будынкі.
- Афіцыйныя ведамствы не камэнтуюць залёт расейскіх дронаў у Беларусь.
- Менск падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.
Форум