Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзелавы клімат Беларусі: ад наступстваў абменнага курсу да адсутнасьці прававых гарантыяў


Прэзэнтаваныя вынікі чарговага апытаньня прадстаўнікоў нямецкіх кампаніяў пра стан дзелавога клімату ў Рэспубліцы Беларусь. Бізнэсоўцы канстатуюць агульнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне, а ў прагнозах досыць асьцярожныя.

Прадстаўляючы супольную працу экспэртаў, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар акрэсьліў асноўную мэту дасьледаваньня — атрымаць незалежную ацэнку ўмоваў вядзеньня бізнэсу ад першакрыніцы — непасрэдных удзельнікаў працэсу. Дыплямат удакладніў, што падобныя апытаньні рэгулярна праводзяцца ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і дапамагаюць нямецкім інвэстарам абʼектыўна ацаніць рызыкі, якія могуць чакаць пры ўваходзе на новы і малазнаёмы рынак.

«Па выніках апытаньняў патэнцыйныя інвэстары, якія разглядаюць тую ці іншую краіну ў якасьці эканамічнага партнэра, маюць магчымасьць атрымаць поўнае і праўдзівае ўяўленьне пра ўмовы вядзеньня бізнэсу з улікам меркаваньня рэспандэнтаў — нямецкіх фірмаў, якія дзейнічаюць у канкрэтным рэгіёне», — падкрэсьліў спадар Дэтмар.

Гэта ўжо пятае па ліку апытаньне субʼектаў гаспадараньня зь нямецкім капіталам, пачынаючы ад 2012 году. Як і раней, яго правяла і сыстэматызавала Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь. Сёлета свае ацэнкі эканамічным рэаліям выставілі 60 прадстаўнікоў кампаніяў, якія прадстаўлялі прамысловыя прадпрыемствы, сфэры паслугаў, гандлю, будаўніцтва, энэрга- і водазабесьпячэньня. Пры гэтым больш за 90% удзельнікаў апытаньня адносяцца да малога і сярэдняга бізнэсу з колькасьцю супрацоўнікаў менш за 250 чалавек і ў сваім сукупным абароце на 80% арыентаванага на экспарт.

Кіраўнік Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімер Аўгусьцінскі кажа: падобныя апытаньні дапамагаюць скласьці найбольш абʼектыўную карціну, бо дадзеныя афіцыйнай статыстыкі дапаўняюцца асабістымі адчуваньнямі дзелавых людзей, якія рэальна і штодня варацца ў агульным «эканамічным катле».

Уладзімер Аўгусьцінскі
Уладзімер Аўгусьцінскі

Такім чынам, першая і асноўная выснова: у зьвязку з рознымі зьнешнімі і ўнутранымі фактарамі агульная эканамічная сытуацыя ў Беларусі пакідае жадаць лепшага. Доля нэгатыўных ацэнак перавысіла 70%, тым часам як летась такіх было крыху больш за 50%, а ў 2014-м — 43%. Лік тых, хто назваў эканамічны стан «здавальняючым», зьнізіўся амаль удвая — ад 48% да 26%.

У якасьці найбольш сурʼёзных рызыкаў для эканамічнага разьвіцьця свайго прадпрыемства рэспандэнты назвалі, перш за ўсё, істотныя ваганьні абменнага курсу, зьніжэньне попыту і звужэньне рынкаў, рызыкі, выкліканыя зьменамі «рамачных» палітыка-эканамічных умоваў, гандлёвыя барʼеры ў выглядзе прэфэрэнцыяў айчынным кампаніям, цяжкасьці фінансаваньня, а таксама забесьпячэньне прававых гарантыяў.

Тым ня меней спадар Аўгусьцінскі зьвяртае ўвагу на трэнд, які нібыта супярэчыць вышэйпададзеным ацэнкам. Чаканьні на 2016 год аказаліся досыць пазытыўнымі: нягледзячы на рэцэсійныя прагнозы, колькасьць прадпрыемстваў, якія спадзяюцца на стабілізацыю, узрасла да 60%, тым часам як два гады таму гэты паказьнік складаў усяго 25%. Гэта дае падставу казаць, што пасьля пэрыяду спаду і дасягненьня «дна» прадпрымальнікі ўсё ж разьлічваюць на паступовае аднаўленьне эканомікі.

Яшчэ адзін удзельнік сёньняшняй прэзэнтацыі, старшыня праўленьня Нямецка-беларускага эканамічнага клюбу Хаўсэп Васканян выказаў думку, што ў немалой ступені такому аптымізму бізнэсоўцаў паспрыялі палітычныя падзеі — адмена заходніх санкцыяў (рашэньне набыло сілу пры канцы лютага) і, як вынік, збліжэньне пазыцыяў Менска і Брусэля. Калі ўлічыць, што 80% зарэгістраваных кампаніяў зь нямецкім капіталам працуюць на экспарт і маюць гэткія ж праблемы, як і мясцовыя субʼекты гаспадараньня, скасаваньне гандлёвых абмежаваньняў павялічыць для іх свабоду манэўру. Праўда, на яго думку, у аўтаматычным рэжыме нічога не запрацуе — сваю волю Менск мусіць падмацаваць глыбокімі структурнымі рэформамі.

Яшчэ адзін міжнародны аспэкт апытаньня прысьвечаны падзеям ва Ўкраіне. На пытаньне — як расейска-ўкраінскі канфлікт і зьвязаныя з гэтым эканамічныя санкцыі ЭЗ і ЗША супраць Масквы паўплывалі на вашу дзейнасьць? — дзьве траціны рэспандэнтаў далі нэгатыўныя адказы: «хутчэй нэгатыўна» — 43%, «вельмі нэгатыўна» — 19%.

Тым часам пры ацэнцы фактараў дзелавога клімату прадстаўнікі нямецкіх бізнэс-структураў адзначылі пэўныя недагляды ў працы беларускага ўраду. У прыватнасьці, нэгатыўную дынаміку прадэманстравалі такія пункты, як барацьба з карупцыяй і злачыннасьцю (блізу 40% адмоўных водгукаў супраць 19% летась, хоць прыроду такога абвалу спадары Аўгусьцінскі і Васканян камэнтаваць не ўзяліся), дзяржаўная палітыка ў галіне аплаты працы, гнуткасьць працоўнага заканадаўства ды іншыя.

А найбольш нэгатыўных ацэнак атрымалі такія моманты, як «плацёжная дысцыпліна» (53% галасоў рэспандэнтаў) і «якасьць фінансавых паслугаў» (48%).

Нават леташні «аўтсайдэр» — «прадказальнасьць эканамічнай палітыкі» — у актуальным прагнозе атрымаў менш нездавальняючых ацэнак (45% супраць 64% летась). Экспэрты тлумачаць гэта тым, што на фоне складанай эканамічнай сытуацыі ў краіне на дзейнасьць нямецкіх кампаніяў найбольш адмоўна паўплывалі пагаршэньне фінансавага становішча беларускіх партнэраў і ўмовы доступу да крэдытных рэсурсаў.

Нават з улікам субʼектыўнага і адноснага характару прадстаўленых вынікаў ініцыятары апытаньня адзначаюць: у 2016 годзе Беларусь у рэйтынгу «краінавай прывабнасьці» ацэненая значна лепш, чым у папярэднія гады — 13-е месца супраць 19-га летась і ў 2013-м і 22-га ў 2012-м. Выключэньнем стала высокая 10-я пазыцыя пазалетась, але, як кажа Ўладзімер Аўгусьцінскі, той узьлёт быў абумоўлены, хутчэй, эмацыйным успрыняцьцем геапалітычнай сытуацыі на фоне канфлікту ва Ўкраіне. Сёлета Беларусь разьмясьцілася ў сярэдзіне сьпісу з 25 краінаў побач з Расеяй, Славаччынай, Славеніяй, Чарнагорыяй, Сэрбіяй, Вугоршчынай.

У той жа час колькасьць нямецкіх прадпрыемстваў, якія былі б гатовыя зноў выбраць Беларусь у якасьці месца ўкладаньня інвэстыцыяў, складае палову ад апытаных — 52%. Гэта адпавядае леташняму выніку, але істотна адстае ад паказьнікаў 2013–2014 гадоў, калі такое жаданьне вагалася ў межах 70%. Замест не заўсёды прадказальнай беларускай эканомікі расчараваныя бізнэсоўцы называлі, перш за ўсё, сваю радзіму Нямеччыну і суседнюю Аўстрыю. Сярод лідэраў рэйтынгу даверу — такія новыя сябры Эўразьвязу, як Чэхія, Польшча, Літва, Эстонія, а таксама ўсясьветны эканамічны гігант Кітай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG