Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрэбны дыялёг, а не забароны». У Кіеве адрэагавалі на польскі закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе пра неаб’ектыўнасьць і катэгарычную непрымальнасьць заканадаўчых норм, што ўводзяцца ў Польшчы за выказваньні пра нацысцкія лягеры сьмерці як пра «польскія» і за адмаўленьне злачынстваў «бандэрызму».

«Глыбока занепакоены рашэньнем польскага парлямэнту. Гістарычная праўда патрабуе шчырай размовы і дыялёгу, а не забаронаў. Ацэнкі, якія зьмяшчаюцца ў гэтым рашэньні абсалютна неаб’ектыўныя і катэгарычна непрымальныя», — напісаў Пятро Парашэнка на сваёй старонцы у Facebook.

Паводле яго, Польшча і Ўкраіна мусяць памятаць пра агульныя перамогі і барацьбу супраць таталітарных рэжымаў.

«Ніводнае палітычнае рашэньне ня можа замяніць гістарычную праўду. Прыняты законапраект не адпавядае абвешчаным прынцыпам стратэгічнага партнэрства між Украінаю і Польшчаю. Заклікаю Польшчу да аб’ектыўнасьці ды дыялёгу. Толькі разам пераможам», — перакананы Парашэнка.

На думку кіраўніка Ўкраінскага інстытуту памяці Ўладзімера Вятровіча, закон, ухвалены сэнатам Польшчы, накіраваны ў першую чаргу на ўкраінцаў, якія цяпер пражываюць на польскай тэрыторыі.

Вятровіч зьвяртае ўвагу на абгрунтаваньне неабходнасьці ўхваленьня ў Польшчы новага закону пра Інстытут нацыянальнай памяці, у якім ініцыятары новаўвядзеньняў спасылаюцца менавіта на павелічэньне міграцыйнага руху з Украіны, а значыць і павелічэньне колькасьці на польскай тэрыторыі носьбітаў «украінскага нацыяналізму і адэптаў сьветапогляду, які абапіраецца на ўслаўленьне фарміраваньняў, якія ўчынілі генацыд».

«Наступны кавалак тэксту ня менш цікавы. Выяўляецца, закон закліканы нармалізаваць міжнародныя адносіны (ён ужо гэта „зрабіў“ — сьведчаньне рэакцыя Ўкраіны, Ізраіля, ЗША) і падтрымаць „сапраўды дэмакратычныя супольнасьці ва Ўкраіне“. Улічваючы тое, што ва Ўкраіне гэты закон станоўча ўспрымаюць выключна прарасейскія сілы, становіцца зразумела, каго зьбіраюцца падтрымліваць польскія палітыкі», — мяркуе Вятровіч.

Палітоляг Віктар Уколаў перакананы ў абсурднасьці заканадаўчых новаўвядзеньняў.

«У нас гэта называлася б распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці, а ў Польшчы гэта цяпер афіцыйная дзяржаўная палітыка. Будзем спадзявацца, што неўзабаве нацыяналістычны ўгар ў Польшчы разьвеецца і яны зноў ўбачаць агульных ворагаў за „усхднімі крэсамі“ і нэанацыстаў, якія ходзяць дэманстрацыямі па Варшаве», — адзначыў Уколаў.

У ноч на чацьвер, 1 лютага, у польскім Сэнаце адбылося галасаваньне за зьмены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якімі ўводзіцца крымінальная адказнасьць за адмаўленьне злачынстваў «украінскіх нацыяналістаў», а таксама за прыпісваньне польскаму народу нацысцкіх злачынстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG