Новы законапраект, які падтрымала большасьць дэпутатаў ізраільскага парлямэнту, фактычна зробіць незаконнай формай адмаўленьня Галакосту польскі законапраект, які забараняе «насуперак фактам» казаць пра суадказнасьць польскага народу за злачынства нацыстаў, піша ізраільскае выданьне The Jerusalem Post.
Ізраільскія дэпутаты як ад ураду, так і ад апазыцыі, прапанавалі папраўкі ў Закон аб абароне супраць адмаўленьня Галакосту. Мэта гэтых паправак — не дазволіць зьмяншаць адказнасьць тых, хто дапамагаў нацыстам. Акрамя таго, зьменены закон гарантуе юрыдычную дапамогу тым, хто перажыў Галакост і тым, хто займаецца адукацыяй пра лягеры сьмерці, калі супраць іх за мяжой пададуць судовыя пазовы за ўспаміны з часоў Галакосту.
Паводле закону, прынятага ў Ізраілі ў 1986 годзе, кожны, хто адмаўляе Галакост ці падтрымлівае злачынствы супраць габрэйскага народу, можа атрымаць да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня.
На гэтым тыдні Сэнат Польшчы мае разглядаць папраўкі, якія дазволяць прысуджаць штраф або на тры гады турмы за фармулёўку «польскія лягеры сьмерці». Паводле закону, кожны, хто публічна і насуперак фактам прыпісвае польскаму народу або дзяржаве поўную або частковую адказнасьць за злачынствы, учыненыя гітлераўскай Нямеччынай або іншыя злачынствы супраць чалавецтва, міру і ваенныя злачынствы — будзе пакараны штрафам або пазбаўленьнем волі тэрмінам да трох гадоў.
Закон датычыць грамадзян Польшчы і іншаземцаў, незалежна ад правілаў, якія дзейнічаюць у месцы ўчыненьня злачынства — гэта значыць, што такія выказваньні будуць лічыцца крымінальнымі нават калі яны зробленыя не на тэрыторыі Польшчы.
Польскі законапраект выклікаў дыпляматычны скандал з Ізраілем. «Многія палякі чулі, ведалі і дапамагалі нацысцкай машыне вынішчэньня, — цытуе The Jerusalem Post ізраільскага дэпутата Іцака Шмулі. — Польская спроба перапісаць гісторыю і заткнуць рот тым, хто выжыў у Галакосьце, непаважлівая, абуральная і агідная. Мы не дазволім калябарантам хавацца за нацыстамі і адмаўляць сваю гістарычную адказнасьць».
Польскія афіцыйныя асобы ўжо заяўлялі, што польскі законапраект не скіраваны супраць рэальных успамінаў тых, хто выжыў у Галакосьце, а толькі супраць тых, хто займаецца гістарычнымі фальсыфікацыямі.