Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Ігара Пцічкіна, які памёр на «Валадарцы»: Сына забылі сябры, выйшла замуж ягоная дзяўчына, а для мяне ён жывы і сёньня


Жана Пцічкіна пасьля суду
Жана Пцічкіна пасьля суду

Маскоўскі суд Менску асудзіў на 3 гады калёніі-пасяленьня фэльчара «Валадаркі» Аляксандра Крылова, прызнаўшы яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў, што прывяло да сьмерці ў 2013 годзе вязьня Ігара Пцічкіна. Як такі вырак ацэньвае маці Пцічкіна Жанна, якую сьледзтва прызнала пацярпелай у справе? Ці пастаўленая гэтым выракам кропка ў трохгадовай гісторыі з патрабаваньнем суду над вінаватымі ў сьмерці яе сына?

Жанна Пцічкіна кажа, што задаволеная пакараньнем фэльчара Крылова, але ня можа пагадзіцца з тым, што вінаватым у сьмерці яе сына прызнаны ён адзін. Таму яна будзе дамагацца новага расьсьледаваньня, хоць ня вельмі верыць у посьпех сваіх намаганьняў.

— Мяркую, яны наўмысна арганізавалі гэты суд, каб закрыць мне рот. Але ў судзе нам так і не сказалі, адкуль узяліся на целе сына сінякі і траўмы. Таму буду зноў зьвяртацца ў пракуратуру. Скардзіцца, што ў Сьледчым камітэце не давялі да канца справу і перадалі яе ў суд. Крылоў, на маю думку, ведае, хто зьбіваў майго сына, ці здагадваецца пра гэта, але маўчыць. Таму хай сам ідзе ў калёнію. Хаця што яму гэтая калёнія-пасяленьне? Праз год-два за добрыя паводзіны вызваляць, і ўсё, забудзе. А сына майго не вярнуць.

— Чым вы зьбіраецеся даказваць, што справу сына дрэнна расьсьледавалі?

— Ды ў нас хапае доказаў. Прыкладам, у судзе колькі разоў гучала, што ў сына на руках і нагах былі сінякі. Адкуль, калі, як кажуць на «Валадарцы», яго ўсяго толькі прывязалі да ложка адмысловымі мяккімі стужкамі? Суд пагадзіўся зь міліцыянтамі, што ад гэтых стужак. А вось экспэрт Герасімовіч сказаў, што сьляды на руках — дакладна такія ж, як застаюцца ад кайданкоў. І яшчэ адзін экспэрт з гэтым быў згодны. Дадайце словы экспэртаў пра «тупы ўдар» у вобласьць сэрца, пра згусткі крыві ў бронхах. Усё прыводзіць да высновы, што сына моцна зьбілі перад сьмерцю, магчыма, прывязанага білі. І Крылоў пра гэта ня можа ня ведаць, але маўчыць. Тады хай пасядзіць, падумае.

— Чаму вы ня выставілі яму пазоў, не патрабуеце кампэнсаваць матэрыяльныя і маральныя страты? Шкадуеце ягонае малое дзіця?

Тры гады амаль кожны дзень я дагэтуль плачу

— Дзіця сапраўды шкада, а пазоў выстаўляць яшчэ буду. З гэтым я не сьпяшалася, бо раптам яго б апраўдалі. Вось прысуд уступіць у законную сілу, тады і заяўлю. І матэрыяльныя, і маральныя страты хай кампэнсуе. Ён мне столькі гора зрабіў. Тры гады амаль кожны дзень я дагэтуль плачу. На могілкі вось цяпер раз на тыдзень езьдзіла, бо на суд хадзіла, а так я празь дзень у яго была. Для мяне сын быццам толькі ўчора памёр. Я па ім сумую, не магу безь яго. Так, сябры ўсе яго ўжо забылі, ягоная дзяўчына выйшла замуж, а мне яго не хапае, я ўсё роўна яго чакаю. І мне ня верыцца, што яго няма, а калі пра яго кажуць «нябожчык», я адразу пачынаю плакаць. І гэтак часам на мяне находзіць, нават у аўтамабілі, што не магу выйсьці. Сяджу і ціха плачу, каб толькі ніхто ня бачыў.

— Крылоў пасьля прысуду сказаў, што абскардзіць яго. Не баіцеся, што можа дамагчыся адмены прысуду?

— У нашай дзяржаве сапраўды ўсё магчыма. Гэта так. Але ўсё ж наўрад ці яны зусім прысуд адменяць. Ня дзеля таго яны пачалі гэта, каб адмяняць. Яны ж хочуць, каб усё суцішылася, і я таксама — маўляў, вось жа ёсьць вінаваты, ён пакараны, дык забудзь. А калі адмяніць прысуд, дык зноў такі шум пачнецца, зноў суды. А мае скаргі яны цяпер будуць паціху адхіляць ды рабіць выгляд, што ўсё па законе. І Крылова праз годзік выпусьцяць, і ўсё для яго будзе оʼкей.

— Ад пракурора ў судзе прагучала, што Аляксандар Крылоў так і ня выбачыўся перад вамі. А вы чакалі ягоных выбачэньняў?

— Не выбачэньняў, але спачуваньня — так. А што ад яго ня будзе выбачэньняў, дык адразу было зразумела. Неяк падчас працэсу я ў мэтро зь ім сутыкнулася і кажу: «Вы ж не вінаваты, вы ж яго нават ня бачылі, навошта вы на сябе гэта бераце, што прывязвалі яго?» Ён на гэта мне кажа: «А хто яго прывязаў? Канечне — я». Гэта прызнаў. А тое, што больш за 20 гадзін трымаў сына прывязаным без вады і туалету — гэта, значыць, не віна? На судзе яму пра гэта згадала — нічога не пачула ў адказ.

— За час сьледзтва і за час суду ці вы сутыкнуліся з такой зьявай, як карпаратыўная салідарнасьць міліцыянтаў, сьледчых, судзьдзяў? Ёсьць гэта?

— Найперш я сутыкнулася з тым, што цябе ўсе «пасылаюць», што ты, просты чалавек са сваімі праблемамі, для іх ніхто. Колькі я пабегала па кабінэтах, дык адчула, што яны багі, а мы — нішто! Гэтак і казала сьледчым, цытавала Купалу: «Бо я мужык, дурны мужык» — пра таго мужыка, што хадзіў, дамагаўся свайго, а зь яго толькі пасьміхаліся. Гэтаксама і да мяне: хадзіла, плакала, а яны зь мяне проста пасьміхаліся. Праўда, вось у пракуратуры больш чалавечна да мяне паставіліся, у выніку гэта ж пракуратура прымусіла завесьці справу хоць супраць Крылова. Яшчэ судзьдзя аказалася добрая, колькі яна нацярпелася за гэты працэс, якая была ад яе вытрымка! Але за межы гэтага сьледзтва, якое правёў Сьледчы камітэт, яна ўсё роўна ня выйшла: хто зьбіваў, як зьбіваў — нічога не высьвятляла. Таму будзем зноў змагацца, што зробіш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG