Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці забясьпечыць прарыў у беларуска-кітайскіх адносінах чарговы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў КНР?


Удзельнікі: палітолягі Андрэй Фёдараў і Андрэй Елісееў.

Чым адметны візыт Аляксандра Лукашэнкі?

Валер Карбалевіч: «Аляксандар Лукашэнка зьдзейсьніў дзявяты візыт у Кітай. Здаецца, часьцей ён езьдзіць толькі ў Расею. Чым быў адметны гэты візыт?»

Андрэй Фёдараў: «Ня ўсе гэтыя візыты былі дзяржаўныя. Там былі візыты і менш высокага ўзроўню. У дэклярацыі гаворыцца, што ўзровень адносін стаў значна вышэйшы. Партнэрства ўжо ня проста стратэгічнае, а нейкае „давернае“, „усенадворʼевае“. Чым яно адрозьніваецца ад проста стратэгічнага партнэрства, незразумела. З 2013 году, калі было зафіксавана „стратэгічнае партнэрства“, ніякіх стратэгічных зрухаў у адносінах не адбылося. Тут больш рыторыкі. І ў мяне няма чаканьняў, што з гэтым візытам адбудзецца нешта надзвычайнае».

Андрэй Елісееў: «Кітай вельмі ўважліва ставіцца да фармулёвак у дакумэнтах. Фармальны ўзровень стасункаў сапраўды павялічыўся. Хаця, зь іншага боку, Кітай мае стратэгічнае партнэрства і з Расеяй, і з Украінай, і з Польшчай, і з 15 краінамі ЭЗ.

Адметнасьць апошняга этапу беларуска-кітайскіх адносін палягае ў тым, што Беларусь хоча шчыльней разьвіваць вайсковае і тэхналягічнае супрацоўніцтва з Кітаем. Таксама Беларусь спрабуе выйсьці на іншыя фарматы інвэстыцыйнага супрацоўніцтва. Напрыклад, Беларусь дамаўляецца, каб Кітай адкрыў крэдытную лінію беларускім банкам, дзеля таго каб тыя фінансавалі сярэдні і дробны бізнэс».

Ці адпавядае патасная рыторыка рэчаіснасьці ў двухбаковых дачыненьнях?

Валер Карбалевіч: «І сам Лукашэнка, і дзяржаўныя мэдыі расцэньваюць гэты візыт у патасных тонах. Прэсавая служба прэзыдэнта кажа, што міждзяржаўныя адносіны выйшлі на якасна новы ўзровень. Выступаючы перад студэнтамі Пэкінскага ўнівэрсытэту, кіраўнік Беларусі заявіў: «Будзе магутны і моцны Кітай — будзе сувэрэнная і незалежная Беларусь. Таму што гэта наш сябар, на плячо якога мы заўсёды зможам абаперціся».

Падпісаная дэклярацыя аб устанаўленьні стратэгічнага партнэрства. Таксама падпісаная вялікая колькасьць дакумэнтаў.

Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў кіраўніка Кітаю Сі Цзіньпіна новым, невядомым дасюль ордэнам «За ўмацаваньне міру і дружбы». Старшыня КНР стаў першым, каго ўганаравалі гэтай узнагародай.

Ці адпавядае гэтая патасная рыторыка рэальнасьці?

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Думаю, гэта пакуль адны спадзяваньні беларускага боку. Чаго можа чакаць Беларусь ад Кітаю ў палітычным сэнсе? Падтрымкі ў ААН? Дык яна і так ёсьць. Калі, ня дай Бог, нехта замахнецца на беларускую незалежнасьць, цяжка ўявіць, што Пэкін заступіцца за Беларусь нейкім рашучым чынам, а не абмяжуецца, як звычайна, «400-м кітайскім папярэджаньнем».

Карбалевіч: «Думаю, сёньня „кітайскае папярэджаньне“ гучыць важка. Ня так, як у 1960-я гады, калі ўзьнікла гэтая фраза пра кітайскае папярэджаньне».

Фёдараў: «Але ваяваць за Беларусь Кітай ня будзе. У любым выпадку, думаю, што гэтыя спадзяваньні ня маюць пад сабой вялікай асновы. Рыторыка прыгожая, але ўзаемны таваразварот падае. За першыя 7 месяцаў гэтага году экспарт Беларусі ў Кітай склаў толькі 20% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году. І сам Лукашэнка, і віцэ-прэмʼер Сямашка прызналі, што з паркам „Вялікі камень“ адбываецца ня тое, чаго чакалі. Так, зьбіраюць легкавікі „Джылі“, але ці знойдзецца рынак збыту ў такіх абʼёмах? Кітайцы зьбілі кошт беларускага калію амаль на траціну. Кітаю Беларусь цікавая як склад на шляху кітайскіх тавараў у Эўропу. І ня болей за тое».

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

Елісееў: «Сапраўды, піяру болей за рэальныя справы. Але як можа быць інакш пры візыце кіраўніка адной аўтарытарнай краіны ў іншую аўтарытарную краіну? Беларускаму кіраўніцтву хочацца падкрэсьліць асаблівыя адносіны з глябальнай дзяржавай.

Аднак у прыярытэтных для Беларусі кірунках супрацоўніцтва з Кітаем адбываюцца правалы. Так, правал з прамымі кітайскімі інвэстыцыямі. Правал у экспарце ў Кітай беларускіх прамысловых тавараў. Доля такіх тавараў у беларускім экспарце складае 5–10%. Адбываецца таптаньне на месцы з паркам «Вялікі камень».

Чаму не ідуць у Беларусь кітайскія інвэстыцыі?

Карбалевіч: «Вось сп. Елісееў ужо пачаў гаворку пра прамыя кітайскія інвэстыцыі. Вядома, што ў Кітаю ёсьць шмат лішніх грошай. Беларускія ўлады робяць беспрэцэдэнтныя высілкі, каб прыцягнуць кітайскія грошы ў Беларусь. І шмат грошай сапраўды прыйшло. Але ў асноўным гэта крэдыты, прычым зьвязаныя. Кітайскія інвэстыцыі ў Беларусь не ідуць. І нават стварэньне Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку „Вялікі камень“ ня надта памяняла сытуацыю. Дык чаму не ідуць інвэстыцыі? Ці зьменіцца нешта ў гэтым пляне пасьля цяперашняга візыту Лукашэнкі ў Кітай?»

Фёдараў: «Ёсьць цэлы шэраг абставінаў, якія перашкаджаюць прыходу ў Беларусь кітайскіх інвэстыцыяў. Найперш, неспрыяльны інвэстыцыйны клімат. Кітайскія інвэстыцыі не ідуць з той жа прычыны, зь якой не ідуць іншыя замежныя інвэстыцыі. Мы памятаем, як былі нацыяналізаваныя кандытарскія фабрыкі, ёсьць і іншыя прыклады. І кітайцы цудоўна гэта разумеюць.

Таму кітайцам выгадней выдаваць Беларусі зьвязаныя крэдыты. Не заўсёды Беларусь задавальняе якасьць кітайскага абсталяваньня, якое ідзе ў зьвязку з крэдытамі. Тут ёсьць нэгатыўныя прыклады. Тая ж сумная гісторыя з цэмэнтнымі заводамі. Дарэчы, нягледзячы на ўсю патасную рыторыку, доля Кітаю ў агульным замежным гандлі Беларусі складае ўсяго каля 4%.

Елісееў: У Беларусі проста няма цікавых бізнэсаў для Кітаю. Куды тут укладаць грошы? У неканкурэнтаздольныя дзяржаўныя прадпрыемствы? Калі ўскрыліся дакумэнты „Вікілікс“, то там ёсьць інфармацыя амэрыканскага дыплямата пра размову з кітайскім дыпляматам. Там гаворка ідзе пра візыт у Беларусь дэлегацыі кітайскіх бізнэсоўцаў, якія не знайшлі для сябе цікавых абʼектаў для інвэстыцыяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG