30 верасьня завяршыўся дзяржаўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай — ягоны самалёт ужо вылецеў у Менск з аэрапорту Пэкіна. Паведамляецца, што па выніках візыту быў падпісаны пакет пагадненьняў і мэмарандумаў аб супрацоўніцтве дзьвюх краінаў у розных сфэрах.
Свабода падабрала найбольш цікавыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі зь ягонай кітайскай паездкі (цытаты паводле БЕЛТА).
«Крыніца ўсіх крызісаў — у культываваньні правоў і свабодаў чалавека»
Выступаючы перад студэнтамі Пэкінскага ўнівэрсытэту, Аляксандар Лукашэнка расказаў, у чым, на ягоную думку, глыбінная крыніца ўсіх крызісаў:
«Я ўжо казаў, будучы ў ААН, што глыбінная крыніца ўсіх крызісаў крыецца ў штучным несувымерным культываваньні індывідуальных правоў і свабодаў чалавека на шкоду грамадзкім інтарэсам. Пад прыкрыцьцём лёзунгу абароны правоў чалавека зрынаюцца ўрады, руйнуюцца дзяржавы, арганізуюцца ваенныя інтэрвэнцыі. Па сутнасьці, насаджваюцца хаос і анархія са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Але ж нават шчыра добрыя мэты не павінны дапускаць непрыдатных сродкаў іх дасягненьня».
«Будзе магутны і моцны Кітай — будзе сувэрэнная і незалежная Беларусь»
Аляксандар Лукашэнка сказаў кітайскім студэнтам, што незалежнасьць Беларусі залежыць ад магутнасьці Кітая як гаранта шматпалярнасьці сьвету:
«Будзе магутны і моцны Кітай — будзе сувэрэнная і незалежная Беларусь. Таму што гэта наш сябар, на плячо якога мы заўсёды зможам абаперціся».
«Ён памятае да коскі ўсю гэтую размову»
Аляксандар Лукашэнка расказаў і пра сваё знаёмства зь Сі Цзіньпінам. Знаёмства адбылося яшчэ тады, калі той на пасадзе намесьніка старшыні КНР наведаў зь візытам Беларусь.
«Мы пяць гадзін у мяне ў кабінэце стаялі перад глёбусам і абмяркоўвалі сусьветныя праблемы. Размова была абсалютна шчырая. Кітайцы — людзі стрыманыя. Яны доўга могуць ісьці, але калі прымуць рашэньне, то пойдуць. Так атрымалася зь Сі Цзіньпінам. Я бачу, што, стаўшы кіраўніком такой імпэрыі, як Кітай, ён памятае да коскі ўсю гэтую размову ў кабінэце».
«У нас тады занадта шмат было лібэралаў»
Аляксандар Лукашэнка расказаў прэмʼеру Дзяржсавету Кітая Лі Кэцяну, што, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету, прапаноўваў выкарыстаць кітайскі досьвед у разьвіцьці Беларусі. «Але ў нас тады занадта шмат было лібэралаў, якія абралі заходні шлях разьвіцьця», — сказаў ён.
«Інтуітыўна яшчэ тады — да свайго прэзыдэнцтва — я зразумеў, што будучыня нашай плянэты за Кітаем. Як бачыце, я не памыліўся», — сказаў Лукашэнка.
«У цэнтры Эўропы вы маеце пляцдарм для прасоўваньня сваіх інтарэсаў»
На сустрэчы са старшынём пастаяннага камітэту Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам Аляксандар Лукашэнка паабяцаў прадстаўляць кітайскія інтарэсы ў Эўропе:
«Вы павінны быць упэўнены, што ў цэнтры Эўропы вы маеце пляцдарм для прасоўваньня сваіх інтарэсаў. Вы можаце на нас разьлічваць. Мы будзем рабіць усё, каб вашы інтарэсы былі прадстаўленыя на эўрапейскім кантынэнце».