Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра дапамогу Кітаю: «Мы будзем рабіць усё, каб вашыя інтарэсы былі прадстаўленыя на эўрапейскім кантынэнце»


Аляксандар Лукашэнка са старшынём КНР Сі Цзіньпінам
Аляксандар Лукашэнка са старшынём КНР Сі Цзіньпінам

Падчас візыту ў Пэкін кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Кітай можа разьлічваць на дапамогу Беларусі ў прасоўваньні сваіх інтарэсаў у Эўропе.

Пра гэта Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы са старшынём Пастаяннага камітэту Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі і Кітаю няма якіх-колечы праблемаў у палітычнай супрацы. Ён адзначыў, што склаліся добрыя дачыненьні як на ўзроўні лідэраў дзьвюх краінаў, так і асобных міністэрстваў і ведамстваў.

«Мы гэтыя дачыненьні выбудоўвалі доўга, па цаглінцы, і прыйшлі да ўзаемнага даверу. Мы гэта цэнім у Беларусі, і вы павінны быць упэўненыя, што ў цэнтры Эўропы вы маеце пляцоўку для прасоўваньня сваіх інтарэсаў. Вы можаце на нас разьлічваць. Мы будзем рабіць усё, каб вашыя інтарэсы былі прадстаўленыя на эўрапейскім кантынэнце», — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу, Чжан Дэцзян заявіў, што кітайскі бок разглядае Лукашэнку «ў якасьці блізкага сябра» і гатовы прыкладаць дадатковыя намаганьні для разьвіцьця двухбаковай супрацы.

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў Кітаі зь дзяржаўным візытам з 28 па 30 верасьня. У падсумаваньне перамоваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінам былі падпісаныя 27 пагадненьняў аб супрацы ў розных сфэрах.

Сярод іх пагадненьне аб наданьні крэдыту пад гарантыю ўраду Беларусі, пагадненьне аб пачатку выбаркі крэдытных сродкаў па праекце «Слаўкалій», а таксама мэмарандум аб прасоўваньні інвэстыцыяў кітайскіх кампаніяў у Беларусь.

«Асядлаць кітайскага дракона не пашэнціла і ўжо не пашэнціць»

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, візыты Лукашэнкі ў Кітай пакідаюць устойлівае ўражаньне дэжавю.

«Беларускія дыпляматы мусяць выдумляць нейкія эпітэты. У чарговай дэклярацыі „стратэгічнае партнэрства“, якое ўжо даўно было абвешчана, цяпер пераходзіць на ровень „даверлівага“. Вынаходзяць розныя эпітэты. Бо насамрэч двухбаковая супраца паводле многіх парамэтраў забуксавала і выглядае зусім не ўзаемавыгаднай. Нельга дэклярацыяй усталяваць узаемную выгаду. Насамрэч беларускі экспарт у Кітай за сем месяцаў сёлета ўпаў амаль што ў 5 разоў, пры тым, што кітайскі экспарт захаваўся практычна на леташнім роўні. У выніку бачым гіганцкі мінус пад мільярд даляраў ад пачатку году. Тое, што кажа Лукашэнка, — гэта набор нейкіх шаблёнаў, проста каб было пра што гаварыць.

Гэта як мураш будзе хадайнічаць пра інтарэсы слана

Выклікае ўсьмешку тэза, якая паўтараецца рэфрэнам, што Беларусь стане нейкім трамплінам для прасоўваньня кітайскіх інтарэсаў у Эўропе. Гэта зусім несувымерныя маштабы краінаў, гэта як мураш будзе хадайнічаць пра інтарэсы слана. Кітай у прынцыпе ня мае патрэбы ў нейкіх такіх вось пасярэдніках, бо Кітай сёньня лёгка размаўляе і з Эўропай, і з ЗША. Тым больш вельмі самаўпэўнена гучаць заявы беларускага кіраўніцтва, што мы, маўляў, паможам вам абцяпаць нейкія справы з Эўропай, калі ўлічыць, што афіцыйны Менск толькі што сам вылез з-пад эўрапейскіх санкцыяў. Ці даўно ставілі кляймо апошняй дыктатуры Эўропы, не пускалі туды — а тут ужо такія вялікія пасярэднікі і прасоўвальнікі кітайскіх інтарэсаў. Дай бог самім неяк наладзіць дачыненьні з той Эўропай, бо няма яшчэ міжнароднага аўтарытэту ў беларускага рэжыму. То бок гэта ўсё пустыя словы, якія павісаюць у паветры. Адзінае, што прагматычныя кітайцы насамрэч могуць выкарыстаць Беларусь як лягістычную перавалачную базу».

Паводле Класкоўскага, раней у пэўных расейскіх дзеячоў выклікала скрыгат зубоў тое, што Беларусь з дапамогай Кітаю стварыла ракетную зброю.

«Гэта добры сродак супраць гібрыднай вайны. Я маю на ўвазе рэактыўную сыстэму залпавага агню „Палянэз“. Тут насамрэч Лукашэнка за кошт кітайцаў добра вырашыў праблему, якая паўстала перад ім пасьля Крыму. Як паказаць кулак на выпадак гібрыднай вайны. У гэтым сэнсе кітайцы дапамаглі добра. У вайсковай сфэры супраца ідзе, хоць Масква пастараецца ёй перашкодзіць. Я думаю, што дэ-факта сёньня афіцыйны Менск больш разьлічвае на Кітай менавіта як на нейкую дадатковую геапалітычную апору, каб было зручней балянсаваць паміж Масквой і Захадам.

А што да эканомікі, дык тут уся барабанная рыторыка ідзе з інэрцыі. Кажучы вобразна, асядлаць кітайскага дракона не пашэнціла і ўжо відавочна не пашэнціць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG