У экспэртызе бяруць удзел эканаміст Леанід Злотнікаў і дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.
Валер Карбалевіч: «Цяпер, калі прайшоў пэўны час, як можна ацаніць тое рашэньне эканамічных уладаў перад Новым годам аб урэгуляваньні валютнага крызісу? Наколькі ўдалым яно было? Якія мэты ставіліся і ці дасягнуты яны? Чаму было б не зрабіць нармальную дэвальвацыю на 30% і не заблытваць усіх?»
Леанід Злотнікаў: «Па-першае, улады ў сьпешным парадку імкнуліся спыніць паніку, якая ўзьнікла вакол валюты. Па-другое, такая заблытаная схема была скіраваная на тое, каб не ўжываць слова „дэвальвацыя“. Бо прэзыдэнт абяцаў, што дэвальвацыі ня будзе».
Аляксандр Чубрык: «Думаю, простых шляхоў на той момант не існавала. Абвяшчэньне дэвальвацыі на 30% ня зьбіла б паніку на валютным рынку. Таму ўлады проста фактычна паралізавалі валютны рынак».
Карбалевіч: «Паніку зьбілі, але стратэгічныя праблемы беларускай эканомікі так і не былі вырашаныя. Ці ўдалося схаваць ад насельніцтва фактычную дэвальвацыю?»
Злотнікаў: «Хто сачыў за валютным рынкам, той заўважыў, што дэвальвацыя адбылася пад іншай назвай»
Чубрык: «Схаваць немагчыма, як ты гэта ні называй».
Карбалевіч: «Якія эканамічныя і сацыяльна-палітычныя наступствы тых рашэньняў, якія прынятыя ўладамі апошнім часам?»
Злотнікаў: «Хоць дэвальвацыя адбылася фактычна на 30%, але яна недастатковая. Бо ў Расеі дэвальвацыя адбылася на 50%. Ёсьць і ўнутраныя прычыны дэвальвацыі. За апошнія 2,5 года рэальныя заробкі ў Беларусі падвысіліся на 36%, а валавы ўнутраны прадукт — на 1–2%. Мы спажываем больш, чым ствараем. Таму дэвальвацыя будзе працягвацца».
Чубрык: «Эканамічныя наступствы гэтых рашэньняў уладаў вельмі адмоўныя для ўсіх эканамічных агентаў. Страцілі экспартэры, бо мусяць купляць валюту на біржы па больш высокай цане, чым прадаваць. Імпартэры вымушаны купляць валюту на 30% даражэй, а павышаць цэны на ўнутраным рынку ім забаронена.
Больш важная праблема эканомікі палягае ў тым, што буйныя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы ў вялікай ступені страцілі расейскі рынак. У такіх умовах пачнецца скарачэньне працоўных месцаў і фіксацыя заробкаў у беларускіх рублях на цяперашнім узроўні».
Злотнікаў: «Падвышэньне ставак па рублёвых дэпазытах да 50% — гэта часовая мера, на 1–1,5 месяца. Бо гэта гульня ў фінансавую піраміду. Згодзен, што нашы праблемы палягаюць у рэальным сэктары, а не ў манэтарнай палітыцы. Нас чакае цяжкі час».