Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месячны заробак беларускага гастарбайтэра ў Расеі зьменшыўся на 1000 даляраў


Падзеньне вартасьці расейскага рубля прывяло да адтоку працоўных мігрантаў з Масквы, Санкт-Пецярбургу ды іншых гарадоў, дзе найбольшая запатрабаванасьць у дадатковых працоўных руках. У іх ліку — і беларусы: за апошнія месяцы людзі істотна страцілі ў прыбытках і зьяжджаюць зь нявыгадных заробкаў.

Паводле неафіцыйных зьвестак, блізу мільёна грамадзянаў Беларусі цягам году сэзонна ці стала выяжджаюць на заробкі за мяжу, прычым абсалютная бальшыня — у Расею. Такі крок цалкам апраўданы: пакуль беларускія ўлады дэкляравалі мэту дасягнуць запаветнай вышыні ў 500 даляраў, будаўнік у Маскве атрымліваў у 4–5 разоў больш. Ня дзіва, што сярод інтэрнацыянальных брыгадаў на расейскіх будоўлях аднымі з самых шматлікіх былі беларускія.

Але другая палова 2014 году ўнесла істотныя карэктывы. Заходнія санкцыі супраць Масквы за агрэсію ва Ўкраіне і харчовае эмбарга, абвешчанае Расеяй у адказ, спарадзілі эканамічныя праблемы, якія, разам з падзеньнем коштаў нафты, прывялі да абясцэньваньня расейскай валюты. За некалькі наступных месяцаў прывабныя заробкі апусьціліся ледзь не да ўзроўню беларускіх, што зрабіла паездкі эканамічна нявыгаднымі.

Беларускі прадпрымальнік Алесь Каліта заснаваў у Маскве рамонтна-эксплюатацыйную фірму, якая спэцыялізуецца на будаўнічых працах, усталёўваньні вэнтыляцыі і сыстэмаў кандыцыянаваньня. Кажа, што ў новых умовах, выкліканых абясцэньваньнем рубля, пацярпелі як самі работнікі, так і гаспадары кампаній:

Алесь Каліта
Алесь Каліта
«Вядома, падзеньне рубля адбілася шмат на якіх прадпрымальніках, у тым ліку на мне, таму што свае актывы я не зьбіраю ў Расеі, а спрабую нейкім чынам тут іх уладкаваць. Адпаведна, зьберажэньні, якія я меў у расейскіх рублях, літаральна за месяц абясцэніліся. І тыя кантракты і дамовы, якія былі заключаныя, напрыклад, у жніўні, на сёньняшні момант перагледзець немагчыма, бо яны фіксаваныя. Але тыя сумы, якія былі ў жніўні, непараўнальныя з тымі, што я магу атрымаць цяпер. І гэта паўсюль. Тое ж тычыцца кантрактаў прадпрымальнікаў, якія працуюць з краінамі Эўразьвязу, — яны ўсе былі ў эўра ці далярах. А цяпер гэтыя даляры трэба набываць па нашмат большых коштах. Таму шмат якія фірмы зачыняюцца, бо проста не выцягваюць гэта эканамічна».

Колькі тыя ж будаўнікі ў Расеі маглі зарабляць у сярэдзіне мінулага году і пад канец 2014-га? Алесь Каліта кажа, што прынамсі цяпер гэта заробкі, блізкія да беларускіх, таму сэнсу ў паездках застаецца ўсё меней:

«За паўгода розьніца ў 1000 даляраў. Калі ў жніўні адмысловец мог зарабляць у Расеі ў сфэры будаўніцтва, інтэр’еру, вэнтыляцыі, кандыцыянаваньня, рэстаўрацыйных працаў у сярэднім 70–80 тысяч расейскіх рублёў, што было эквівалентна 2000–2200 далярам, то цяпер гэта 1000–1200 даляраў. Калі адняць усе выдаткі — праезд, пражываньне, харчаваньне — урэшце выходзіць тое на тое. Але калі ён будзе працаваць у сябе дома, на радзіме, дагледжаны, пакормлены, пастаянна каля сям’і, то лепш, вядома, працаваць у Беларусі, чым у Расеі — невядома дзе, як і за якія грошы. Таму многія беларусы ўжо і ня хочуць туды ехаць. Мой штат на 90% цяпер складаюць расейцы — Масква, Падмаскоўе. Мне прасьцей і ім прасьцей: ня трэба вырашаць нейкія жыльлёвыя пытаньні для сваіх работнікаў, ня трэба вырашаць пытаньні міграцыйныя. Яны жывуць на месцы, і той заробак, які я ім плачу, іх задавальняе, таму што гэта сярэдні кошт. А беларусу трэба даць жытло, забясьпечыць нейкімі іншымі патрэбамі, суправаджаць яго, умоўна кажучы. Зноў жа, ёсьць і пэўны псыхалягічны фактар: сваіх звальняць складаней, калі яны займаюцца п’янкамі альбо не выконваюць належным чынам працу».

Калі адняць усе выдаткі — праезд, пражываньне, харчаваньне — урэшце выходзіць тое на тое

Адрозна ад гастарбайтэраў зь Сярэдняй Азіі, Каўказу, нават Украіны, беларусы ня маюць праблемаў з часовай легалізацыяй у Расеі. Большыя правы забясьпечаныя адпаведнымі пагадненьнямі ў рамках Мытнага саюзу і так званай саюзнай дзяржавы. У сваю чаргу, бурнае будаўніцтва ў расейскіх гарадах, якое мела месца прынамсі да апошняга часу, забясьпечвала працоўны рынак дастатковай колькасьцю вакансіяў. Аднак ці захочуць беларусы далей карыстацца сваім асаблівым статусам — Алесь Каліта сумняецца:

«Статус беларусаў, натуральна, вышэйшы за астатніх, ён абсалютна легальны. Іншымі словамі, для беларусаў няма нейкіх адмысловых рэгістрацыйных патрабаваньняў — дазволаў ці патэнтаў на працу. Таму што датычна гэтага Мытнага саюзу, саюзнай дзяржавы ў беларусаў сапраўды праблемаў няма. Але калі казаць пра канкурэнцыю, то ёсьць Дагестан, ёсьць Чачня, іншыя тэрыторыі, якія зьяўляюцца суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі. І тыя ж дагестанцы, чачэнцы проста едуць і працуюць у Маскве, маючы яшчэ больш легальны статус».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі адны з самых высокіх заробкаў — менавіта ў будаўнічай галіне. Праўда, калі некалькі месяцаў таму яны складалі ў эквіваленце 1000–1500 даляраў, то з улікам неабвешчанай дэвальвацыі пры канцы 2014 году мінус ад сумы склаў 200–300 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG