Ці застаецца інтрыга ў пытаньні, хто стане кандыдатам у прэзыдэнты ЗША пасьля праймэрыз у Нью-Ёрку?
Цыганкоў: Прадпрымальнік Дональд Трамп і былы дзяржсакратар Гілары Клінтан атрымалі ў аўторак пераканаўчую перамогу на першасных прэзыдэнцкіх выбарах Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў у Нью-Ёрку.
Трамп, паводле папярэдніх дадзеных, атрымаў каля 60 адсоткаў галасоў рэспубліканскіх выбаршчыкаў у штаце. Гэта першы штат, дзе за Трампа прагаласавалі больш за 50 працэнтаў выбарцаў. За Клінтан аддалі галасы каля 57 адсоткаў выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў дэмакратычных праймэрыз. На яе адзінага канкурэнта — сэнатара Бэрні Сандэрса прыпала амаль 43 адсоткі галасоў выбарцаў.
Выступаючы пасьля абвяшчэньня вынікаў, Дональд Трамп заявіў, што перадвыбарная гонка скончаная. Яго бліжэйшы супернік Тэд Круз, па словах Трампа, «зьнішчаны», калі зыходзіць з матэматычных разьлікаў. Круз на гэта запярэчыў, што перамога ў сваім родным штаце нічога ня значыць.
Але можна зь вялікай пэўнасьцю сьцьвярджаць, што перамога на першасных выбарах у Нью-Ёрку сапраўды фактычна здымае інтрыгу з пытаньня, хто будзе кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі — Гілары Клінтан. Акрамя выбаршчыкаў ад штатаў, за яе, відавочна, прагаласуе большасьць так званых «супэрдэлегатаў» — прадстаўнікі істэблішмэнту, творчай эліты, якім дадзена права ўдзельнічаць і галасаваць на зьезьдзе партыі.
Гэта ж чыньнік пакідае адкрытым пытаньне пра намінацыю Трампа. Відавочна, што партыйная эліта рэспубліканцаў выступае супраць ягонага кандыдацтва — яшчэ і таму, што Трамп мае даволі вялікі нэгатыўны рэйтынг ня толькі сярод усяго электарату ЗША, але нават і сярод прыхільнікаў рэспубліканскай партыі. Паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў, на сёньня Трамп відавочна прайграе Гілары Клінтан.
Дракахруст: Клінтан крыху мяняе сваю пазыцыю ў бок канкурэнта, Бэрні Сандэрса. Дональд Трамп зараз стаў крыху больш памяркоўным, менш скандальным, хоць няма такога зруху да пазыцыяў Тэда Круза, бо тыя пазыцыі шмат па якіх пытаньнях досыць радыкальныя. Вобраз enfant terrible, такога скандаліста Трампа тлумачыцца ня ўсім комплексам ягоных поглядаў, а асобнымі выказваньнямі наконт мігрантаў, жанчын. А ў цэлым, калі браць яго погляды, скажам, у эканоміцы, — яны даволі памяркоўныя.
Выглядае, што скандальным іміджам Трамп здолеў увайсьці ў кампанію, набраць шмат галасоў, а цяпер яму трэба змагацца з той тэндэнцыяй, пра якую вы сказалі. Яна не такая непераадольная — вялікі нэгатыўны рэйтынг. Я думаю, што ён цяпер спрабуе зьмякчаць гэты вобраз. Перад Нью-Ёркам лідэры, Клінтан і Трамп, прайгралі ў некалькіх штатах, і гэта як бы такое вяртаньне тэндэнцыі. Тая ж Клінтан у сямі з васьмі штатах прайграла. Але ўжо была набраная нейкая перавага, якая і забясьпечыла тое, што яна фактычна выйграла намінацыю.
Ну, а ў Трампа вельмі шмат сапраўды пытаньняў, і што будзе на зьезьдзе, ніхто сказаць ня можа. Бо ідуць размовы, што будзе свабоднае галасаваньне, што ён наўрад ці набярэ, як ён сказаў, арытмэтычную палову, а там ужо пойдуць у ход розныя трукі.
Карбалевіч: Цяперашняя выбарчая кампанія ў ЗША носіць беспрэцэдэнтны характар. Асаблівасьці зьвязаныя з тым, што і ў рэспубліканцаў, і ў дэмакратаў сярод двух лідэраў адзін пазасыстэмны. Трамп у рэспубліканцаў выклікае моцныя пратэсты сярод партыйнага істэблішмэнту, і Сандэрс сярод дэмакратаў лічыцца левым, ледзь не сацыялістам, што для амэрыканскай палітычнай сыстэмы амаль што шок. Тое, што такі пазасыстэмны палітык — яшчэ і мільярдэр, яшчэ больш надае цікавасьці працэсам у амэрыканскім грамадзтве.
Тое, што Трамп прайграў адзін з папярэдніх штатаў, экспэрты тлумачаць той беспрэцэдэнтнай інфармацыйнай кампаніяй, якія разгорнутая супраць яго з боку партыйнага істэблішмэнту. Хоць пэўны час гэтая кампанія давала і зваротны эфэкт, яна ўсё ж дае вынік у дачыненьні да нейкіх груп выбарцаў. Таму Трампу не ўдаецца набраць такі разьбег, каб дайсьці ў ролі лідэра да фінішу. Акрамя таго, Трамп заяўляе, што калі яго ня вылучаць, то ён пойдзе як самастойны незалежны кандыдат. Гэта ўвогуле можа паламаць усю традыцыю амэрыканскіх выбараў.