Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне каб нават у Крамлі кватэру давалі, не паехала б» — 94-гадовая бабуля


Хвядора Беразьняцкая
Хвядора Беразьняцкая

Самая старэйшая жыхарка сярод самасёлаў чарнобыльскай вёскі Савічы Брагінскага раёну — 94-гадовая Хвядора Маркаўна Беразьняцкая. Жыве яна адна. Мясцовыя жыхары называюць яе — баба Ходзя. Ногі хворыя, і бабуля толькі зрэдку выходзіць на падворак. Тупае часьцей з двума кіёчкамі па сваёй хаце, а то, бывае, днямі сядзіць каля вакна.

За трыццаць гадоў пасьля Чарнобылю вёска Савічы Брагінскага раёну перажыла розныя пэрыяды. Адсюль адсялілі 373 сямʼі, потым больш як паўтары сотні самасёлаў вярнуліся. Улады давалі надзею, што вёска адродзіцца.

Цяпер у Савічах засталіся апошнія трынаццаць жыхароў. Апусьцелыя падворкі пры ўезьдзе закапалі нядаўна ў дол. А тыя, што засталіся на доўгіх вуліцах Леніна ды Перамогі, выглядаюць прывідамі — зарасьлі быльнягом, дзікім хмелем, кустоўем і нават ладнымі дрэвамі. І толькі сем хацін яшчэ сьвецяцца вокнамі сярод гэтай нематы й запусьценьня. Хата бабулі Ходзі стаіць пры самым канцы вуліцы Перамогі.

Пакуль торбы грошай не панабівалі — не высялялі

«Я тут найбольш пры вуліцы сяджу, — дзеліцца сваімі штодзённымі клопатамі бабуля Ходзя. — Вуліца наша хоць і апусьцела, але ж паўз хату лесьнікі едуць у свой радыяцыйны запаведнік — усё весялей. І ноччу яны дзяжураць на сваёй базе. Бывае, дроў прынясуць, юшку ў грубе зачыняць, бо яна высока — я ўжо сама не дастану. У мяне й сацыяльная даглядчыца ёсьць — жанчына зь вёскі Грушнае. Гэта далёка, пяць кілямэтраў. Тры разы на тыдзень прыяжджае. А дапамагае мне найбольш Грыша Чэчка. Працы ў яго няма, дык ён мне й дапамагае штодня. І вады, і дроў прынясе. Во зараз градку ўскапаем, цыбулькі пасадзім. А супчыку якога я сабе яшчэ й сама звару».

Запасы вады ў бабулі — дзякуючы Рыгору Чэчку
Запасы вады ў бабулі — дзякуючы Рыгору Чэчку

Бабуля хоць і мае салідныя гады, але памяць у яе добрая, учэпістая. Згадвае, што вёску выселілі, па сутнасьці, гвалтам. Прычым ня ў траўні 1986 году, як суседнія вёскі, а ўжо ўвосень.

«Пакуль усю тэхніку не распрадалі, торбы грошай не панабівалі, то й не высялялі. Нездарма ж дырэктар саўгасу, як перабраўся на Гарадзеншчыну, то й засіліўся», — кажа бабуля.

Лепей не дажыць, чым перажыць

Сама бабуля Ходзя з мужам, вэтэранам вайны, пераехала ў Менск да сына:

«Тры гады там жылі. У дзеда гангрэна падключылася, спачатку адну нагу адрэзалі, а потым і другую. Намучылася. Усё ў Бога прасілася, каб забраў, але ж не бярэ. Я так скажу: лепей не дажыць, чым перажыць. Шчыра кажу. Восемдзесят гадоў — сама добра».

Хвядора Маркаўна як дазналася, што людзі сталі вяртацца ў Савічы, то сама прасілася ў дзяцей назад у выселеную вёску. Кажа, галасіла дзень і ноч. Урэшце вярнулася, прапісалася тут. Ну, а пасьля й дзеда прывезьлі, бо пакідаць яго ў Менску на догляд сына ці дачкі не выпадала. Дый мала мужу заставалася быць на гэтым сьвеце.

Хата бабулі Ходзі пры канцы вуліцы Перамогі
Хата бабулі Ходзі пры канцы вуліцы Перамогі

«Няхай бы далі мне, — кажа бабуля Ходзя, — хоць у Маскве ў Крамлі кватэру і грошы на дадатак плацілі, я не паехала б. Нікуды не хачу, акрамя сваёй хаты. Свая хатка, як родная матка. Дочкі прыяжджаюць, прыбяруць тут усё, памыюць. Ну, і тэлефануюць. Узімку тры месяцы была ў дачкі ў Сьветлагорску. Як пацяплела крыху, то вярнулася назад у сваю хатку. От, так тут і жыву».

З Савіч у Курск, з Курску — у Рэндсбург

Бабуля згадвае, што колісь яны з мужам тры гады будавалі сваю хату, жывучы побач у сьвёкра. Хату зрабілі, як звон — прасторную, сьветлую. Выгадавалі з мужам чатыры дачкі і сына. Усе разьехаліся. Адна дачка ў Гомелі, другая — у Сьветлагорску, трэцяя — у Менску, чацьвёртая — у Маскве. А сын — той ажно ў Нямеччыне:

«Так лёс распарадзіўся: муж ваяваў зь немцамі, я была ў іх у выгнаньні, а сын наш сваю долю знайшоў у Нямеччыне».

Калі пачалася вайна з нацыстамі, Ходзю зь іншымі вяскоўцамі выправілі гнаць статак кароў і авечак у Курскую вобласьць — далей ад фронту, хоць фронт той пазьней дакаціўся і да Курску.

«Прызнаюся, я толкам карову даіць ня ўмела — гэтым маці найбольш займалася. Аберагалі мяне, бо ў нас у сямʼі было тры хлопцы, а я чацьвёртая — дзяўчына. Давялося вучыцца ў дарозе. Два тыдні гналі мы тых кароў і авечак у Расею. Намучыліся страшна сказаць як. Адагналі, здалі, а пасьля два тыдні пехам ішлі назад у Савічы».

Па вяртаньні Ходзі выпала новая неспадзяваная дарога — выгнаньне ў Нямеччыну:

«Ажно тры гады я працавала ў баўэра ў гарадку Рэндсбург. Ён быў агароднікам, трымаў яшчэ й тры каровы. Сьпярша мяне навучылі езьдзіць на „лісапедзе“. Каровы пасьвіліся за рэчкаю з развадным мостам. Вось я туды й езьдзіла на лісапедзе зь бітонам даіць кароў. Падаю — і вязу гэты бітон назад гаспадару. На тыдзень мы адпачывалі ў нядзелю толькі чатыры гадзіны, а то ўсё працавалі. Памідоры, агуркі вырошчвалі. Кветкі розныя. Там было так прыгожа, столькі кветак, што я ніяк у толк не магла ўзяць: чаго гэта немцы да нас з вайною палезьлі? Мо дармавую сілу мець хацелася».

Вайна і радыяцыя аднолькава цэляць — у чалавека

Цяпер бабуля Ходзя, параўноўваючы вайну і радыяцыю, прыходзіць да высновы, што для чалавека яны аднолькава згубныя:

«Адна страляе гучна, другая — бясшумна, але ж цэляць яны аднолькава — у чалавека».

Савічы, вуліца Перамогі
Савічы, вуліца Перамогі

Хвядора Маркаўна шкадуе сваю вёску. Кажа, была яна дабрэнная — школа трохпавярховая, сельсавет, пошта, клюб, дзіцячы садок, тры крамы. Жыві й радуйся.

«Ворагі, лічы, нас выселілі, — безапэляцыйна цьвердзіць бабуля. — У вёсцы ў год аварыі штаб быў міліцэйскі зь Менску, а за вёскай цэлы полк стаяў. Усе казалі, што высяляць ня будуць. Нейкія службоўцы з Урала былі, дык цьвердзілі, што ў іх там нават большая радыяцыя. Пасьля ўжо сталі нас зь месца зрываць — знайшлі нібыта наўкола багата радыяцыі».

Бабуля Ходзя, назіраючы праз вакно за навакольным сьветам, заўважыла, што сёлета паўзь яе вокны езьдзіў трактар зь вялікімі плугамі:

«Тут жа ў нас даўно ўсё сеюць — прыяжджаюць ці то з Чамярысаў, ці то з Камарына. І яравыя сеюць, і азімыя. Адно толькі бульбу ня садзяць. А пасьля ж гэтым ураджаем худобу кормяць, а праз худобу ж і да чалавека трапляе тая радыяцыя. Я думаю, што калі б радыяцыя не зайшла за мяжу і адтуль не ўзьнялі трывогу, то мы наагул нічога б ня ведалі пра аварыю. Пыхкае тая атамная станцыя сабе дый пыхкае».

Перажыўшы чарнобыльскую эвакуацыю, бабуля й дагэтуль ня ведае, якую карысьць мела Беларусь ад той Чарнобыльскай атамнай станцыі. А вось ліха адхапіла напоўніцу. Глянь толькі на Савічы, і сэрца сьцінаецца ад жалю — такую вёску загубілі. Ды каб толькі адну: 289 населеных пунктаў перасталі існаваць пасьля катастрофы на ЧАЭС.

Ходзя, канечне, чула і праз тэлевізар бачыла, што Беларусь і сама будуе сваю атамную станцыю. Згоды ў грамады не пыталіся, а будуюць.

«Нельга яе будаваць каля людзей — хіба толькі ў нетрах якіх ставіць, калі знойдуцца ў нас такія», — кажа Хвядора Маркаўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG