За трыццаць гадоў пасьля Чарнобылю вёска перажыла розныя пэрыяды. Адсюль адсялілі 373 сям’і, потым больш як паўтары сотні самасёлаў вярнуліся. Улады давалі надзею, што вёска адродзіцца.
Цяпер у Савічах засталіся апошнія трынаццаць жыхароў. Апусьцелыя падворкі пры ўезьдзе закапалі нядаўна ў дол. А тыя, што засталіся на доўгіх вуліцах Леніна ды Перамогі, выглядаюць прывідамі — зарасьлі быльнягом, дзікім хмелем, кустоўем і нават ладнымі дрэвамі. І толькі сем хацін яшчэ сьвецяцца вокнамі сярод гэтай нематы й запусьценьня. Пра долю самасёлаў апавядаюць самі вяскоўцы.
Саша + Ірына = тры дачушкі
У Савічах пры канцы вуліцы Леніна — тым, што ўпіраецца ў вясковы пагост — стаіць ладная па вясковых памерах хаціна. На пацямнелых ад часу бярвёнах, часаных сякераю, — жоўтыя плямы ад сукоў.
Кожнага, хто набліжаецца да гэтага дома, вясёлым брэхам сустракаюць трое сабачак рознай масьці. Яны першымі нагадваюць падарожніку, што сярод гэтай пустэльні й нематы цепліцца жыцьцё. Прычым — на дзіва! — маладое.
У вялікай стараватай хаце жывуць ажно пяцёра: гаспадар Аляксандар Скачок, яго жонка Ірына ды тры малыя дачушкі. Разам яны складаюць ледзьве не палову ўсіх цяперашніх савіцкіх самасёлаў. Гэта выглядае нейкім выключэньнем, чарнобыльскай анамаліяй, якая дзівіць, шакуе і нават палохае. Дзеці й радыяцыя — малая яна ці вялікая — ніяк не сумяшчаюцца ў сьвядомасьці.
«Дзяўбу, дзяўбу — не пагаджаецца»
Пачуўшы залівісты брэх сабачак, на падворак выходзіць невысокага росту жанчына. Гэта і ёсьць Ірына, маці трох дачок. Раней, як і муж Аляксандар, Ірына працавала ў лясьніцтве Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку, бо год таму нарадзілася меншая дачка — Маргарыта.
Чаму ў Савічах? Маладая жанчына тлумачыць проста:
«Цішыня, спакой, ніхто нэрвы не матае. Дый Саша ня хоча нікуды пераяжджаць. Я яму ўжо дзяўбу, дзяўбу — не пагаджаецца».
У гэтай сям’і даводзілася быць дзесяць гадоў таму — летам 2006-га. Тады цяперашняя сярэдняя дачушка Сашы й Іры была зусім маленькая, ляжала ў калысцы. Жывы быў яшчэ й дзед Іван, бацька Сашы. Гасьцявалі ў хаце й дзеці Сашы ад першага шлюбу.
Лазьню ў Савічах даўно развалілі, але дзед Іван ведаў, чым яе замяніць, прынамсі для ўнукаў. І, праўдападобна, не зважаў на радыяцыю:
«Вось дождж прайшоў, дык у калюгу — у гразі купаюцца. Купацца яны любяць. А то вунь у начоўкі, у балею — і няхай плаваюць».
Ірына кажа, што дзеда ўжо чатыры гады як няма. Затое падрастае Маргарытка. А дзяцей сям’я купае па-старому: вады з калодзежа наносяць, у чыгуне ці вялікай каструлі нагрэюць — і ў балею. І купаюць.
Пра радыяцыю шматдзетная маці надта ня думае:
«Прыяжджалі неяк навукоўцы — буракі правяралі. Казалі, што чыстыя. Чаго яе баяцца, тае радыяцыі — яна ўсюды. Сталі цяпер хаты кінутыя закопваць, дрэвы. Чысьцей выглядае, а то неяк дзіка».
Курэй пакраў шуляк
Вялікая сям’я трымае сьвіней, трох сабачак, пару катоў — для забаўкі дзецям.
«Былі і куры, — кажа гаспадыня,— але шуляк пакраў. Толькі пятух на падворку й застаўся. Адбіваўся, мусіць, удала ад налётчыкаў».
У двары ў гаспадароў ня толькі певень. Стаяць тут і матацыклы — адзін напаўразабраны, іншы на хаду і нават зь люлькаю. Поўна на падворку і ўсялякага іншага жалезьзя. Аляксандар хоць і працуе ў радыелягічным запаведніку, але і нейкі прыработак патрэбны — а яго прыносіць здача мэталалому. І цяперашняя сям’я вялікая, і ранейшай сям’і, што засталася паблізу ў вёсцы Грушнае, таксама трэба дапамагаць.
Дзьве большыя дачкі — школьніцы пятага і сёмага клясаў. Старэйшая Ніна кажа, што кожны будзённы дзень па іх прыяжджае аўтобус з Хракавічаў, забірае ў школу, а пасьля прывозіць назад у Савічы.
І бацькі, і самі дзяўчаткі разумеюць, што ў выселенай вёсцы яны жывуць, пакуль малыя — няма рады, калі бацькі вырашылі атабарыцца ў гэтай выселенай вёсцы.
«Гуляем тут, на ровары катаемся», — Ніна дзяўчынка нешматслоўная. Больш усьміхаецца, чым гаворыць. Вядома, не яна распараджаецца сваім лёсам. Тлумачыць, што калі скончыць школу, то паедзе куды-небудзь вучыцца, і ў Савічы, канечне, жыць ня вернецца. Ня тое месца, каб шкадаваць і нудзіцца:
«Цікавага тут нічога няма, хіба што яноты або дзікі прыходзяць. А радыяцыі я не адчуваю, і ў школе нам пра яе асабліва не расказваюць».
Галаву шматдзетнай сям’і засьпець не ўдалося — паехаў адведаць сясьцёр у Рагачоўскі раён і меўся быць толькі вечарам.
«А куды я пераеду?»
Ірына апавяла, што іншым разам да іх заяжджае мясцовае начальства:
«Прыедуць і толькі нэрвы трэплюць: чаго тут седзіце, чаго седзіце? А рэальна дапамагчы ніхто ж ня хоча — ні з хатай, ні зь пераездам. Кажу: а куды я пераеду — у чыстае поле?»
Гаспадыня згадвае, што апошнім часам начальнікі знаходзяць што сказаць і на гэта — раяць браць крэдыт і купляць хату дзе-небудзь у жывой вёсцы, бліжэй да цывілізацыі. Але Ірына і з такімі прапановамі ў паняверцы:
«Я ж з бацькам сваіх дачок афіцыйна не расьпісаная. Ён, я ж казала, упарціцца пераяжджаць. А самой мне хто дасьць крэдыт, калі я ў дэкрэце? Дый заробкі ў прыбіральшчыцы, нават калі я й працавала, — не пазайздросьціш. Як і куды пераяжджаць, відаць, і Бог ня скажа».