Аляксандар Лукашэнка 19 кастрычніка сустрэўся з амбасадарам Кубы ў Беларусі Херарда Суарэсам Альварэсам, які цяпер завяршае дыпляматычную місію ў Беларусь, перадае БЕЛТА.
Аляксандар Лукашэнка прасіў амбасадара перадаць «майму сябру Раулю (кіраўніку Кубы Раулю Кастра. — РС) самыя цёплыя пажаданьні». Ён мяркуе, што неўзабаве здолее пабываць на Кубе, бо ў яго ёсьць абавязак перад Фідэлем Кастра — Лукашэнка мусіць пабываць на ягонай магіле.
Візыт таксама мусіць паспрыяць «актуалізацыі тэматыкі двухбаковых дачыненьняў», а Беларусь «заўсёды адкрытая і гатовая» нечым дапамагчы Кубе. Афіцыйнае агенцтва БелТА піша, што ў Беларусі і Кубы супадаюць пазыцыі наконт «ключавых міжнародных праблемаў», абедзьве краіны ўдзельнічаюць у Руху недалучэньня. Аб’ём двухбаковага гандлю між Беларусьсю і Кубай за студзень–жнівень 2017 году склаў 50 млн даляраў.
Фідэль Кастра. Міт і рэальнасьць
На пахаваньне Фідэля Кастра ў лістападзе 2016 году лятаў Віктар Шэйман, там ён выступіў з прамовай.
Фідэль Кастра памёр 26 лістапада ва ўзросьце 91 году. Ён узначальваў камуністычную астраўную дзяржаву на працягу амаль паўстагодзьдзя, пры ім Куба была жорсткай дыктатурай, насельніцтва жыла надзвычай бедна, хоць і мела бясплатную адукацыю і ахову здароўя. Пахаваны Фідэль Кастра ў сталіцы краіны Гаване. Пасьля пахаваньня кубінскі парлямэнт забараніў выкарыстоўваць імя Фідэля пры называньні вуліц або якіх-небудзь іншых аб’ектаў, а таксама для назвы ўзнагарод або тытулаў.
***