Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Менску зьявіцца амэрыканскі амбасадар


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 13 чэрвеня працягнуў на год дзеяньне ўведзеных у 2006 годзе санкцый у дачыненьні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. На чым грунтаваліся спадзяваньні беларускіх уладаў на размарожваньне дачыненьняў са Злучанымі Штатамі? Чаму не апраўдаліся надзеі? Калі ў Менску зьявіцца амэрыканскі амбасадар?

Удзельнікі: палітолягі Павал Патапейка і Андрэй Фёдараў.

Ці быў рацыянальным разьлік на новую адміністрацыю?

Валер Карбалевіч: «Пасьля абраньня Дональда Трампа прэзыдэнтам ЗША ня толькі ў Расеі, але і ў беларускіх афіцыйных колах зьявіліся пэўныя спадзяваньні, што з новай адміністрацыяй удасца дамовіцца і палепшыць адносіны. Пра гэта казалі і пісалі дзяржаўныя мэдыі. Аляксандар Лукашэнка даслаў новаму прэзыдэнту даволі цёплае віншаваньне з нагоды ягонага абраньня. У дзяржаўных мэдыях прэзыдэнцкую кампанію Трампа параўноўвалі з прэзыдэнцкай кампаніяй 1994 году Аляксандра Лукашэнкі. Маўляў, абодва пачулі голас народу. Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка быў камандзіраваны ў Вашынгтон на канфэрэнцыю, прысьвечаную двухбаковым дачыненьням, што бывае ня часта. На чым грунтаваліся такія спадзяваньні афіцыйнага Менску? На тым, што Трамп — бізнэсовец, а не палітык, ці на ягоных перадвыбарчых заявах?»

Павал Патапейка: «Беларускія ўлады спадзяваліся на прагматызм Дональда Трампа, на тое, што новая адміністрацыя, у адрозьненьне ад папярэдняй, ня будзе выстаўляць у палітыцы наперад ідэалягічныя моманты. І сапраўды гэта так і адбываецца. Дарэчы, на наступны год фінансаваньне апазыцыйных структур Беларусі будзе спынена».

Карбалевіч: «Хачу ўдакладніць. Прапануецца спыніць фінансавую падтрымку Злучанымі Штатамі ўвогуле шмат якіх краін, у тым ліку і Беларусі. Прычым новая адміністрацыя зьбіраецца адмяніць усе праграмы адносна Беларусі, а ня толькі падтрымку грамадзянскай супольнасьці».

Андрэй Фёдараў: «Так, сапраўды, спадзяваньні беларускіх уладаў грунтаваліся на перадвыбарчых выказваньнях Дональда Трампа, які дэкляраваў прагматызм. Менск нэгатыўна ставіўся да кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан, справядліва лічачы, што тая, у выпадку выбраньня, працягвала б курс адміністрацыі Абамы. Таму былі спадзяваньні на тое, што Трамп — сьвежы чалавек, не палітык, не зьвязаны з палітычнай спадчынай, ён новымі вачыма паглядзіць на амэрыканска-беларускія адносіны, зьменіць сваё стаўленьне да афіцыйнага Менску».

Чаму працягнулі санкцыі?

Карбалевіч: «Вось прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 13 чэрвеня працягнуў на год дзеяньне ўведзеных у 2006 годзе санкцый у дачыненьні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Гэта быў чаканы крок ці нечаканы? Чаму ЗША не мяняюць палітыку адносна Беларусі?»

У цяперашняй адміністрацыі ніхто не плянуе выпрацоўваць нейкую асобную палітыку адносна Беларусі

Патапейка: «Можна сказаць, што стаўленьне новай адміністрацыі ЗША да Беларусі грунтуецца на традыцыі, на палітычных падыходах ранейшай адміністрацыі. У цяперашняй адміністрацыі ніхто не плянуе выпрацоўваць нейкую асобную палітыку адносна Беларусі. Наша краіна не прыярытэт у палітыцы Трампа. Таму дзейнічае сіла інэрцыі, якая працягнецца і далей.

Таму што колькі гадоў таму Белы дом занёс Беларусь у шэраг недэмакратычных дзяржаў. Па інэрцыі такі падыход і працягваецца. Ніхто не зьбіраецца па-новаму паглядзець на Беларусь».

Фёдараў: «Так, палітыка ЗША адносна Беларусі не зьмянілася. Але магла б зьмяніцца, калі б не рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў адносна ўдзельнікаў вулічных акцый вясной гэтага году.

Ня ўпэўнены, што Трамп з ходу знойдзе Беларусь на мапе. І палітыка ЗША адносна Беларусі вызначаецца нават не Дзярждэпартамэнтам, а нейкім аддзелам гэтай структуры, які адсочвае сытуацыю ў Беларусі і вакол яе. У сваю чаргу, гэты аддзел прыслухоўваецца да пазыцыі амбасады ЗША ў Беларусі. Дарэчы, Дзярждэпартамэнт ніяк не выказваўся адносна падзей у Беларусі вясной гэтага году. Толькі амэрыканская амбасада выказала крытыку на адрас беларускіх уладаў».

Карбалевіч: «Сэнат ЗША прыняў закон аб новых санкцыях супраць Расеі. Ці можна тут правесьці нейкія паралелі адносна палітыкі ЗША ў дачыненьні Беларусі і Расеі? Ці гэта абсалютна розныя кейсы?»

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі — галоўная перашкода на шляху двухбаковых дачыненьняў

Фёдараў: «Гэта розныя кейсы. Гэты закон Сэнату быў выкліканы скандалам з умяшаньнем Расеі ў выбарчы працэс ЗША. Можа, сам Трамп і не хацеў бы раздуваць гэты скандал, але ён адзін не вызначае замежнапалітычную лінію ЗША. На яе таксама ўплывае Кангрэс.

Што тычыцца Беларусі, то эканамічныя санкцыі ЗША прыпыненыя, мараторый на іх працягнуты. Тыя санкцыі, якія цяпер працягнуў Трамп, — пэрсанальныя, яны скіраваныя супраць асобных беларускіх чыноўнікаў. Яны, хутчэй, маральныя, могуць нанесьці маральную шкоду гэтым пэрсонам. Таму тут няма пашырэньня ці ўзмацненьня ціску на Беларусь».

Калі ў Менску зьявіцца амэрыканскі амбасадар?

Карбалевіч: «З 2008 году няма амбасадара ЗША ў Менску і амбасадара Беларусі ў Вашынгтоне. Ініцыятарам адкліканьня амбасадараў сталі беларускія ўлады. І пакуль няма сьведчаньняў, што блізкім часам нешта памяняецца. Чаму? Хто, які бок тармозіць вяртаньне амбасадараў?»

Патапейка: «Мне здаецца, што тармозіць амэрыканскі бок. Беларускія афіцыйныя асобы дэманструюць жаданьне палепшыць адносіны з ЗША.

На маю думку, прычына канфлікту палягае вось у чым. Амэрыканскія дыпляматы — выпускнікі „школы“ Зьбігнева Бжэзінскага. Паводле ягонай канцэпцыі, усе краіны Ўсходняй Эўропы апантаныя нацыянальным духам. А Беларусь выбіваецца з гэтага шэрагу — бо, як лічаць у ЗША, яна недасьпелая — але і яна прыйдзе да таго, да чаго прыйшла Ўкраіна. Насамрэч гэта ня так. Але гэтае стэрэатыпнае мысьленьне — перашкода для выбудоўваньня добрых адносін паміж нашымі краінамі».

Карбалевіч: «Галоўная прэтэнзія ЗША да Беларусі — гэта парушэньне правоў чалавека, праблемы з дэмакратыяй. Можа, гэта і ёсьць галоўная перашкода?»

Патапейка: «Праблемы з правамі чалавека ёсьць паўсюль, нават у саміх ЗША».

Фёдараў: «У мяне цалкам іншае бачаньне гэтай праблемы. Лічу, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі — галоўная перашкода на шляху двухбаковых дачыненьняў. Але спрэчка на гэтую тэму завядзе нас далёка ад пастаўленых пытаньняў.

Думаю, у сытуацыі з амбасадарамі мяч на беларускім баку. Афіцыйны Менск больш зацікаўлены ў нармалізацыі двухбаковых дачыненьняў, чым Вашынгтон. Але беларускае кіраўніцтва патрабуе адмены спачатку пэрсанальных санкцый, бо яны вельмі крыўдныя для яго. І адмена санкцый — умова з боку Менску для вяртаньня амбасадараў.

І яшчэ адзін момант. Беларусь у 2008 годзе выслала амэрыканскага амбасадара. І, магчыма, Вашынгтон хацеў бы атрымаць выбачэньне за гэта. Але, паколькі беларускаму боку нармалізацыя адносін патрэбная болей, то ён павінен рабіць больш рашучыя крокі ў гэтым кірунку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG