Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прыкідвалі, як выгадна «прадаць Беларусь»


Стэнд Buy Belarus у гатэлі «Рэнесанс»
Стэнд Buy Belarus у гатэлі «Рэнесанс»

Летась у Беларусі пабывалі 300 тысяч арганізаваных турыстаў, а ў «неспакойнай» Украіне — 12 мільёнаў. Што рабіць, каб замежныя турысты палюбілі і «купілі» Беларусь, вырашалі на сэмінары Buy Belarus.

У Менску прайшоў міжнародны турыстычны сэмінар Buy Belarus, на якім прадставілі магчымасьці мясцовай інфраструктуры дзеля прыёму гасьцей. Гэта першая сур’ёзная спроба «прадаць Беларусь» замежным апэратарам, якія выяўляюць цікавасьць да адпачынку, лекаваньня ці карпаратыўных імпрэзаў.

Арганізатары — кампанія Travel Connections і партал tio.by — небеспадстаўна называюць падзею «гістарычнай». Дагэтуль галоўным чынам ладзіліся спэцыялізаваныя выставы-кірмашы, мэтай якіх было вывезьці беларусаў разам зь іхнімі грашовымі ашчаджэньнямі на марскія ўзьбярэжжы іншых краінаў ці прадаць аўтобусныя туры па Эўропе.

Сёлета ў сакавіку звыклы фармат вырашана было зьмяніць, прапанаваўшы мясцовым кампаніям больш уважліва зірнуць на патэнцыял унутранага рынку. Адбыўся першы сэмінар Buy Belarus, на якім паспрабавалі зьвесьці прадаўцоў паслугаў з прадстаўнікамі гатэляў, санаторыяў, аграсядзібаў — суб’ектаў, якія арганізуюць прыём.

Адна з сэкцыяў сэмінару
Адна з сэкцыяў сэмінару

Першы досьвед прызналі ўдалым, і гэтым разам колькасьць удзельнікаў пашырылася дзякуючы іншаземцам, якія дагэтуль ня мелі ўцямных прапановаў наконт супрацоўніцтва ад беларускіх партнэраў.

Бонусы геаграфічнага становішча і палітычнай нэўтральнасьці

Як сказала рэдактар турыстычнага парталу tio.by Лілія Кобзік, за некалькі дзён да пачатку сэмінару былі запрошаныя прафэсіяналы галіны з Азэрбайджану, Літвы, Польшчы, Расеі, Украіны, якіх пазнаёмілі з турыстычнымі магчымасьцямі Беларусі. Падчас тураў ім прадэманстравалі прыродныя, архітэктурныя, інфраструктурныя адметнасьці краіны. Наступным этапам стала сумесная праца ў фармаце дзелавога кантактаваньня. Галоўныя пытаньні на парадку дня — як знайсьці пункты паразуменьня ды актывізаваць турыстычны рынак Беларусі?

Экспанэнты з боку гаспадароў — агенцтвы прыёму і комплекснага абслугоўваньня турыстаў, а таксама гатэлі, здраўніцы, сядзібы, сярод іх «Мэрыёт», «Рэнэсанс», «Прэзыдэнт гатэль», «Альфа-Радон», «Пліса», «Наносы-Навасельле», «Сула», «Чырвоны бор», «Шышкі» ды іншыя.

Асабліва акцэнтаваліся на магчымасьцях так званых MICE-мерапрыемстваў, якія лічацца адным з самых пэрспэктыўных інструмэнтаў разьвіцьця бізнэсу. Па словах Ліліі Кобзік, гэтая карпаратыўная індустрыя ўключае ў сябе выставачны турызм, інтэнсіў-туры, кангрэсы, сустрэчы з рэгіянальнымі партнэрамі ды іншыя кантакты па-за межамі краіны сталага пражываньня.

Гендырэктар «Рэнэсанс Менск гатэля» Аціс Захаранс
Гендырэктар «Рэнэсанс Менск гатэля» Аціс Захаранс

На перакананьне Аціса Захаранса, генэральнага дырэктара «Рэнэсанс Менск гатэля» і гаспадара пляцоўкі, дзе адбываліся імпрэзы ў рамках сэмінару Buy Belarus, дзякуючы геаграфічнаму становішчу і палітычнай нэўтральнасьці Беларусь магла б заняць вядучыя пазыцыі ў прыцягненьні карпаратыўных кліентаў. Пакуль жа перашкаджаюць візавыя бар’еры ды нераскручанасьць краіны як паўнавартаснай удзельніцы эўрапейскіх працэсаў:

«Патэнцыял я бачу нядрэнны, многія рэчы маюць пазытыўны ўплыў на разьвіцьцё рынку. Перадусім, усё больш якасных пляцовак для правядзеньня імпрэзаў, ёсьць магчымасьць забясьпечваць адпаведны ўзровень сэрвісу і абслугоўваньня мерапрыемстваў. Сёньня гэта, бадай, галоўны фактар, які дае нам шанец стаць рэгіянальным цэнтрам — пакуль што не замахваючыся на статус міжнароднага. Не сакрэт, што для прафэсійных арганізатараў выставаў ці канфэрэнцыяў візавае пытаньне застаецца надзвычай актуальным, бо ня толькі цягне за сабой дадатковыя выдаткі, але гэта істотны адміністрацыйны працэс. На жаль, самім фактам свайго існаваньня ён перанакіроўвае міжнародныя турыстычныя плыні ў краіны, дзе найбольш лёгка і даступна арганізаваны візавы рэжым».

Ці ня самым пазытыўным сыгналам да зьмены сытуацыі Аціс Захаранс лічыць праект аблегчанага наведваньня Беларусі для грамадзянаў амаль 80 краін на тэрмін да 5 дзён. Зацікаўленыя структуры абяцаюць прыняць дакумэнт да канца 2016 году. Пры гэтым суразмоўца разумее, што было б легкадумна спадзявацца на аднамомантавы масавы эфэкт, бо ў спосабах наведваньня краіны застаюцца абмежаваньні, і адно зь іх — абавязковы прылёт і адлёт з аэрапорту «Менск». Але ён верыць, што гэта першыя крокі, якія паступова пашырацца і на сухапутныя памежныя пункты.

Пакуль жа, калі не лічыць расейцаў, для якіх не існуе сэзоннасьці ў наведваньні Менску ды іншых гарадоў краіны, для астатніх патэнцыйных гасьцей Беларусь на эўрапейскай мапе застаецца «белай плямай».

Кіраўніца Літоўскай турыстычнай асацыяцыі Дануце Мажэйкайце
Кіраўніца Літоўскай турыстычнай асацыяцыі Дануце Мажэйкайце

Дзеля пачатку інтэграцыі з Эўропай можна было б падключыцца да рэгулярных тур-сэрыяў, якія ахопліваюць краіны Балтыі. Як у гэтым зьвязку ўдакладняе кіраўніца Літоўскай турыстычнай асацыяцыі Дануце Мажэйкайце, наколькі шырока будуць адчыненыя вокны і дзьверы з боку Беларусі, настолькі вялікі будзе і турыстычны паток звонку:

«Па-першае, гістарычны інтарэс да Беларусі, які ў літоўцаў быў і заўсёды будзе, гэта лягічна ўжо з гледзішча добрасуседзтва. Па-другое, непасрэдна месцы, дзе можна пабачыць і пазнаць вашу культуру, магчыма, нават далучыцца ў практычным сэнсе. Усё гэта ёсьць, трэба толькі больш адкрыта выходзіць з прапановамі. Па-трэцяе, што тычыцца візаў, якія перашкаджаюць сумеснай працы. У краінах Балтыі папулярны маршрут Літва — Латвія — Эстонія, часам дадаецца Калінінградзкая вобласьць. Можна пералік пашыраць за кошт Беларусі. Але адразу ўзьнікае пытаньне: як прыехаць у Менск? Значыць, трэба працаваць, каб зьняць бар’еры. Можа, будзе як у выпадку спартоўца і трэнэра: літоўскія турапэратары змогуць у якасьці трэнэраў казаць пра патэнцыял Беларусі сваім партнэрам у іншых краінах».

Пляцоўка, каб здымаць напружанасьць і наладжваць сувязі

Маскоўскі бізнэсовец Павел Васін даўно працуе на турыстычным рынку, але ў Беларусь прыехаў упершыню. Ягоная кампанія Business Travel Management займаецца дзелавым турызмам і карпаратыўнымі мерапрыемствамі. Сам ён не выключае, што Buy Belarus заахвоціць вярнуцца ў якасьці дасьведчанага пасярэдніка паміж кліентам і заказчыкам. Патэнцыял мясцовага рынку ацэньвае наступным чынам:

Павел Васін, кампанія Business Travel Management (другі зьлева)
Павел Васін, кампанія Business Travel Management (другі зьлева)

«Памятаеце выказваньне наконт курыцы, якая ня птушка, а нейкая краіна — не замежжа? Мабыць, многія расейцы пакідаюць Беларусь „на потым“: маўляў, куды-куды, а да Менску даляцім у любы момант. І вось высьвятляецца, што дарэмна так думаем: Беларусь — „заграніца“, яшчэ якая. Дзіўная рэч, але факт. Перадусім гэта пляцоўка, якая адносна ўсіх недзе пасярэдзіне. Нездарма згадваем і Менскія дамоўленасьці, якія дапамагаюць замірыцца Расеі з Украінай, самі былі сьведкамі, як тут пасябравалі Азэрбайджан зь Літвой, падпісаўшы мэмарандум аб супрацоўніцтве. Гэта сьцяг, які вы можаце несьці і мець свае дывідэнды. Само сабой, як ужо гучала, было б дачасна лічыць, што Беларусь можа выступіць у якасьці глябальнага гульца MICE-фармату, але як пляцоўка для правядзеньня камунікацыйных сустрэчаў — гэта абсалютна рэальная задача».

Павел Васін кажа, што быў усьцешаны тым, як шмат аб’ектаў у турыстычным сэктары Беларусі створаныя на прыватныя інвэстыцыі, то бок без удзелу дзяржавы. Па яго словах, гэта вельмі добра, бо ніякі чыноўнік ня зможа дыктаваць, як далей жыць і разьвівацца.

Апошнім часам фіксуецца нечакана высокі рост інтарэсу да беларускіх турыстычных аб’ектаў з боку жыхароў Азэрбайджану. Найперш гэта сьведчыць, што ўзровень жыцьця грамадзянаў нафтагазавага рэгіёну дазваляе больш актыўна пашыраць свае геаграфічныя рамкі, па-другое, цэнавы ўзровень паслугаў у Беларусі канкурэнтны зь іншымі прапановамі.

Руслан Гуліеў, Асацыяцыя падтрымкі мэдычнага і тэрмальнага турызму Азэрбайджану
Руслан Гуліеў, Асацыяцыя падтрымкі мэдычнага і тэрмальнага турызму Азэрбайджану

Як кажа заснавальнік Асацыяцыі падтрымкі мэдычнага і тэрмальнага турызму Азэрбайджану Руслан Гуліеў, калі з 5 мільёнаў ягоных суайчыньнікаў, якія адпачываюць за мяжой, нават 3% прыедуць у Беларусь, гэта ўжо будзе нядрэнна. А для пачатку падзяліўся вопытам вырашэньня візавай праблемы на прыкладзе сваёй краіны:

«У нас таксама ўрад працаваў над тым, як прыцягнуць замежнікаў. Дык вось пасьля аблягчэньня візавага рэжыму прыток турыстаў у Азэрбайджан вырас у 30 разоў! 85% гатэляў у сэзон перапоўнена, можаце сабе ўявіць? Гэта да таго, што зь візамі трэба нешта рабіць... Па MICE-мерапрыемствах Менск — вельмі ўдалае месца, якое будзе мець высокі попыт. Што тычыцца ўласна супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, то можна дамаўляцца і па экатурызьме, і па лячэбным турызьме, і асобна па паляваньні. Ёсьць магчымасьці зайдзейнічаць усе сфэры. З улікам паветраных зносінаў варта разьвіваць туры выходнага дня, папулярныя яшчэ за савецкім часам. Людзей можна акцэнтаваць на шопінг, на добрыя рэстараны беларускай кухні. Плюс было сюрпрызам, якую колькасьць гістарычных аб’ектаў за апошні час удалося аднавіць і вярнуць у турыстычны абарот».

Дзеля справядлівасьці, галіновае ведамства даўно настойвае перад вышэйшымі ўладамі, што краіна павінна быць больш адкрытай. Але ў адказ чуе асьцярогі, што ў выніку празь мяжу могуць рушыць «некантраляваныя масы». Тым ня меней кансультант дэпартамэнту турызму Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова пераконвае, што іншага шляху ў эўрапейскай Беларусі няма:

Беларускія і замежныя ўдзельнікі круглага стала
Беларускія і замежныя ўдзельнікі круглага стала

«Мне прыемна, што Беларусь пазыцыянуе сябе дзяржавай з разнастайным турыстычным прадуктам, які ствараецца дзякуючы гісторыка-культурным, прыродным адметнасьцям, удасканаленьню інфраструктуры. Таму сэмінар як прагрэсіўнае, новае ў такім выглядзе для Беларусі мерапрыемства варты таго, каб міністэрства яго падтрымала і сёньня, і ў будучым. Што да таго, ці будзе да канца году прыняты ўказ аб зьмякчэньні візавага ўезду? Не магу нічога гарантаваць на 100%, але ведамства ўсяляк над гэтым пытаньнем працуе і яго максымальна прасоўвае. Як ужо легалізавалі свабоднае наведваньне на тры дні Белавескай пушчы, як у бліжэйшыя дні гэта запрацуе ў дачыненьні да Аўгустоўскага каналу. Паступовыя крокі да таго, каб наша краіна нарэшце стала больш даступнай, пра неабходнасьць чаго цяпер так шмат кажуць».

Паказаць прывабнасьць краіны празь яе гасьціннасьць

Падсумоўваючы вынікі другой часткі сэмінару Buy Belarus у новым, міжнародным фармаце, адна з арганізатарак імпрэзы і кіраўніца кампаніі Travel Connections Алеся Гладунчык выказала надзею, што неўзабаве ўдасца прыцягнуць да супрацоўніцтва ня толькі бліжэйшых суседзяў, а ўсю Эўропу:

Алеся Гладунчык, кампанія Travel Connections
Алеся Гладунчык, кампанія Travel Connections

«Другі раз ладзім сэмінар, нашы экспанэнты ўжо больш інфармаваныя, ведаюць, што прадугледжвае фармат. Канечне, не абыходзілася без таго, каб некаму расказваць па азбуцы, што і як рабіць. Спадзяюся, на будучы год ахвотных будзе нашмат больш, бо некаторыя прыглядаліся, прыходзілі ў якасьці наведнікаў, каб ацаніць эфэктыўнасьць і далучыцца наступным разам. Нас справядліва крытыкавалі калегі: давайце меней друкаванай інфармацыі, каб не было лішняй вагі ў багажы, усё ж ХХІ стагодзьдзе, можна загнаць у інтэрнэт. Наогул, вялікая праца праведзена з гасьцямі, хоць гэтым разам запрасілі пераважна расейскамоўныя рынкі: аб’ектыўна кажучы, мы яшчэ не зусім гатовыя свабодна гаварыць з нашымі пакупнікамі на іншых мовах. Але мінуць год-два, запросім прафэсіяналаў з усёй Эўропы. Прынамсі разьлічваем, што Buy Belarus будзе штогадовым».

Згодна са зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія летась прыбылі ў Беларусь, склала блізу 300 тысяч чалавек. У 2014 годзе іх было ў 2,2 раза менш — 137 тысяч. Сярэдняя працягласьць знаходжаньня на тэрыторыі краіны — 5 дзён.

Пры гэтым перавага выязнога турызму па-ранейшаму нашмат большая: звыш паўмільёна выехалі за мяжу ў 2015 годзе, а ў 2014-м, да абвастрэньня эканамічнага крызісу, лічба набліжалася да 800 тысяч.

Калектыўны здымак на памяць
Калектыўны здымак на памяць

Найбольшую долю ва ўязным турызьме ў Беларусі традыцыйна займаюць расейцы, хоць абсалютныя лічбы іх прысутнасьці не называюцца. З па-за межаў СНД лідэрамі ў наведваньнях — грамадзяне Нямеччыны, Кітаю, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Францыі, Эстоніі.

Зрэшты, нават двухразовы рост — арытмэтычная хібнасьць у параўнаньні з краінамі-суседзямі. Напрыклад, Літва штогод прымае больш за 3 мільёны замежнікаў, Латвія — амаль 7 мільёнаў, Польшча — блізу 16 мільёнаў. Нават ва Ўкраіну, якая ваюе, летась прыехалі 12 мільёнаў іншаземцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG