Менскі скульптар Гэнік Лойка скончыў працу над помнікам-бюстам беларускаму першадрукару Францішку Скарыну для Малдовы. Як казаў аўтар Свабодзе, скульптура прынятая экспэртнай радай, адгружаная, і на пачатку лістапада яе паставяць у сквэры насупраць амбасады Беларусі ў Кішынёве.
Сёлета ў ліпені Гэнік Лойка быў абвешчаны пераможцам конкурсу эскізных праектаў на бюст Скарыны ў малдаўскай сталіцы. Ягоную заяўку прафэсійнае журы прызнала найлепшай зь дзясятка. Згодна з патрабаваньнямі, кампазыцыйнае і плястычнае выкананьне трэба было рэалізаваць «у найлепшых традыцыях клясычнага і нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва».
Памер ганарару зрэзалі ў 10 разоў
Спачатку на помнік (з улікам выкарыстанага матэрыялу) меркавалася патраціць ня больш за 150 тысяч рублёў. Аднак у працэсе суму зьменшылі ў 10 разоў. Прычым канчатковую лічбу назвалі ўжо пасьля таго, як Лойку прысудзілі перамогу ў конкурсе.
Скульптар кажа, што збольшага задаволены працай, за выключэньнем некаторых нюансаў.
Па-першае, адпачатку ён «замахнуўся» на манумэнтальны твор вышынёй у тры мэтры. Аднак ягоны імпэт істотна прызямлілі і на выхадзе атрымаўся роўна мэтар — ад пастамэнту да кончыкаў промняў сонца.
Па-другое, поўнай паразай завяршылася змаганьне за напісаньне імя Скарыны. Згодна з умовамі конкурсу, як сьцьвярджаюць арганізатары, на помніку павінен значыцца «Францыск», Лойка ж настойваў на «Францішку». У той жа час, калі падняць афіцыйныя паперы, у тэксьце фігуруе «Ф. Скарына». Іншымі словамі, дапушальныя розначытаньні, аднак дзяржаўныя куратары паставілі сваё меркаваньне вышэй за аўтарскае.
«Хай усталёўваюць безь мяне, бо самае ганебнае ўжо адбылося, — кажа Гэнік Лойка. — Па сутнасьці, беларуская дзяржава забараніла беларускае імя Францішак, якое хацеў выкарыстаць беларускі аўтар, робячы беларускі твор. У выніку зрабілі на расейскі ўзор — Францыск. Малдаване, у якіх няма сваёй мовы, а румынская, знайшлі свой варыянт лацінкай. А беларуская дзяржава ня ведае, як пісаць беларускае імя. Проста далі зразумець, што ў гэтым праекце павінен быць Францыск — маўляў, калі прыняў умовы конкурсу, значыць, усё. На жаль, не здагадаўся прывесьці іншы аргумэнт: паводле ўмоваў конкурсу была пазначана сума ў 150 тысяч рублёў — і калі так, то давайце быць пасьлядоўнымі ва ўсім...»
Па экспэртную дапамогу Гэнік Лойка зьвярнуўся ў Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. У адказе за подпісам дырэктара ўстановы Ігара Капылова гаворыцца, што ў старабеларускай мове напісаньне ўласных імёнаў не было ўнармавана.
Нават у тэкстах, выдадзеных самім беларускім асьветнікам і першадрукаром, сваё імя ён піша па-рознаму. Напрыклад, на тытульным аркушы Бібліі 1517 году ўжытая форма Францыско ў назоўным склоне. Форма, адпаведная сучаснаму напісаньню Францішак, ужываецца ў прадмовах да Псалтыра, да Кнігі Ёва, да Кнігі Прамудрасьці Саламона і іншых.
Паводле навукоўца Капылова, у сучаснай беларускай мове варыянты імёнаў Францыск і Францішак ідэнтычныя, таму вырашэньне пытаньня іх прыярытэтнасьці знаходзіцца ў кампэтэнцыі саміх аўтараў мастацкіх, інфармацыйных, даведачных і іншых тэкстаў.
Гэнік Лойка абураны, што ў ягоным выпадку дзяржаўныя чыноўнікі аўтарскую пазыцыю папросту праігнаравалі.
Раней ён вырабіў узоры гліняных і мэталічных мэдальёнаў з сэрыі «Наша пяцісотгоднасьць», дзе Скарына названы так, «як і мае быць» — Францішкам. На авэрсе — рысы твару першадрукара і юбілейная лічба 500.
Што агульнага ў Скарыны з Малдовай
Чаму помнік беларускаму першадрукару едзе менавіта ў Кішынёў? Умовы конкурсу гэтага не тлумачаць. Аднак некаторыя навукоўцы разглядаюць вэрсію, што Скарына мог быць пахаваны... на тэрыторыі сучаснай Малдовы.
Так, загадчык катэдры славянскіх літаратур Белдзяржунівэрсытэту Іван Чарота ў інтэрвію радыё «Sputnik Беларусь» казаў, што мае факты, якія выходзяць па-за традыцыйныя ўяўленьні пра біяграфію «Георгія Скарыны»:
«Гэта тэксты, пра іх я меў уяўленьне яшчэ гадоў шэсьць таму. Ёсьць непасрэдны ўладальнік і захавальнік гэтых тэкстаў — пісьменьнік, літаратар Юры Іваноў, які пражывае ў Малдове. Ён прывозіў сюды гэтыя матэрыялы і паказваў малюнкі — дзьве фігуры, зьлева нейкі чалавек з каронай, справа чалавек у шапцы, і над ім надпіс: „Юрга Скарына Полацкі“. Мы разумеем, што гэта Георгі ці Юры. На малюнку паміж імі на падстаўцы ляжаць друкаваныя кнігі», — казаў Чарота.
Малюнкі суправаджаюцца тэкстам, напісаным шрыфтам, «блізкім да кірыліцы». У чарнавым перакладзе Юрыя Іванова ён гучыць наступным чынам:
«І быў Юрга Скарына Полацкі ў Вялікай Сучаі і зямлі Малдаўскай, бо запрасіла яго з Прагі Чэскай добрая царыца малдаўская Алена Сэрбская, любая жонка вялікага гаспадара Пятра Стэфанавіча. Яна мела зарок надрукаваць кнігі-пісаньні пра сваіх вялікіх продкаў... якіх прынізілі і на якіх навялі вялікую хлусьню, няпраўду і крыўду праклятыя шалёныя туркі».
У тэксьце называецца дата, калі прыбыў у малдаўскія землі Юрга Скарына — 1520 год. І гаворыцца, што Скарына памёр 22 верасьня 1572 году ў цяперашніх Рошканах. Юрыю Іванову магчымае месца спачыну Скарыны яшчэ ў 1970-я паказаў ягоны дзед. Са словаў навукоўца, там быў прастакутны камень-стол зь вядомым знакам — месяцам, які закрывае сонца.
«Сэнсацыйным адкрыцьцям» прафэсара не даюць веры шмат якія адмыслоўцы. Так, ставіць пад сумнеў высновы Івана Чароты старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша:
«Інфармацыя вельмі сумнеўная. Невядомыя паперы, на невядомай мове, невядомага паходжаньня, невядомага часу стварэньня. Наогул падобна да сучасных казак пад даўніну. Да таго ж арыгінал належыць прыватнай асобе, нейкаму невядомаму пісьменьніку, і трактуецца толькі ім самім. Самае дзіўнае, што ён гэтыя „ўнікальныя дакумэнты“ без праблемаў возіць празь мяжу і адзін у сьвеце „ведае“ пра месца пахаваньня Скарыны... Трэба было б спачатку дасьледаваць гэтую „ўнікальную“ крыніцу, праверыць яе, а ўжо пасьля арганізоўваць экспэдыцыі на пошук уяўнай магілы».
Паводле Івана Чароты, ён чакае перакладаў усіх 11 аркушаў з тэкстамі, якія захоўваюцца ў Юрыя Іванова, каб зрабіць заключэньне. Пасьля гэтага, ягонымі словамі, «можна будзе выпраўляцца ў экспэдыцыю».