Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія ўікэнды»: замежныя фільмы афіцыйнага кінапракату з дубляжом па-беларуску


У гісторыі незалежнай Беларусі такога яшчэ не было: дзякуючы праекту «Беларускія ўікэнды» у кінатэатрах сталіцы цяпер можна пабачыць замежныя фільмы з акторскім дубляжом па-беларуску. Іх паглядзела і наша аўтарка Паліна Масьлянкова.

«Пакуль ногі носяць» (2007, ЗША), рэжысэр Роб Райнэр

(перакладчыца Надзея Кiм)

28 траўня ў кінатэатры «Масква» а 19 гадзіне адбудзецца кінапаказ жыцьцесьцьвярджальнай камэдыі Роба Райнэра «Пакуль ногі носяць». Мільярдэр Эдвард Коўл (Джэк Нікалсан) і аўтасьлесар Картэр (Морган Фрымэн), якіх па-беларуску агучылі Павал Харланчук і Алесь Малчанаў, у фільме трапляюць у адну палату шпіталя з аднолькавым дыягназам — рак. Героі апынаюцца перад выбарам: пакутліва сканаць на шпітальным ложку або пражыць напоўніцу апошнія дні, адведзеныя лёсам. І яны ня толькі пабачылі мора, але і паганялі на крутых гоначных тачках, скокнулі з парашутам, а таксама наладзілі стасункі з блізкімі людзьмі. І хоць стужка прымушае задумацца над сэнсам жыцьця, камэдыйны складнік уносіць у фільм іскарку самаіроніі, якой часта нестае фільмам пра немінучую сьмерць.

«Кніга Ілая» (2009, ЗША), рэжысэры браты Хʼюз

(перакладчыца Вольга Жандарава)

У красавіку ў кінатэатры «Масква» ішоў адзін з найлепшых фільмаў у жанры постапакаліпсісу «Кніга Ілая» братоў Хʼюз. Пасьля сусьветнай катастрофы на выпаленай сонцам зямлі засталіся лічаныя людзі, якія змагаюцца за выжываньне і гатовыя забіць за кропельку вады ці кавалак ежы. Галоўны герой Ілай (у выкананьні Дэнзэла Вашынгтана) падарожнічае па зямлі з надзеяй адбудаваць гэты сьвет наноў па законах чалавечнасьці. Ён нясе з сабой Біблію, якая можа стаць асновай для аднаўленьня грамадзтва. Герою супрацьстаіць Карнэгі (у выкананьні Гары Олдмана), які захапіў Каліфорнію і марыць завалодаць кнігай, каб валадарыць над зьняверанымі людзьмі. На беларускую мову гэты постапакаліптычны баявік агучылі акторы Павал Харланчук, Сьвятлана Цімохіна, Зьміцер Саладуха, Ганна Хітрык, Алесь Малчанаў, Уладзімер Глотаў.

«Таямніца Келза» (2009, Францыя, Бельгія, Ірляндыя), анімацыя Норы Тумі і Тома Мура

(перакладчыца Надзея Кiм)

У сакавіку ў кінатэатры «Масква» дзеці і іх бацькі маглі пабачыць на вялікім экране мультфільм «Таямніца Келза» — пра абацтва, якое спрабуе процістаяць навале вікінгаў у часы IX стагодзьдзя нашай эры. І зноў дзеяньне разварочваецца вакол чароўнай кнігі — прарока Ёна, якую бярэцца перапісаць хлопчык Брэндан. Але для чароўнай кнігі патрэбныя чароўныя чарнілы, і Брэндан выходзіць за сьцены абацтва ў дзівосны сьвет духаў і феяў, якія насяляюць увесь кельцкі эпас. Анімацыя ўражвае рукатворнай карцінкай, ірляндзкай музыкай і своеасаблівай атмасфэрай, цудоўна перададзенай у беларускім перакладзе галасамі Ганны Хітрык, Паўла Харланчука ды іншых актораў.

«Падынгтан» (2014, Вялікабрытанія, Францыя), рэжысэр Пол Кінг

(перакладчыца Надзея Кiм)

У лістападзе і сьнежні на экране кінатэатра «Перамога» можна было пабачыць вельмі вясёлы і сьмешны фільм «Падынгтан», заснаваны на вядомым дзіцячым кніжным бэстсэлеры Майкла Бонда. Гісторыя пра тое, як медзьведзяня прыбыло ў Лёндан з самых нетраў Пэру і атабарылася ў сямʼі паважных ангельцаў. Колькі прыгодаў і няўклюдных дзівацтваў ім давялося перажыць! Аднак, у адрозненьне ад кніжнага сэрыялу, кожная кніжка якога не заходзіць за межы побытавых катастроф, у фільме зьяўляецца антыгерой — зламысная Мілісэнта (у выкананьні Ніколь Кідман) — і распрацоўвае плян вырабу пудзіла з Падынгтана і ўсяе сямʼі Браўнаў, што надае сямейнаму фільму крыху страху і трымценьня за ўлюбёных герояў.

«Лютар» (2003, Германія, ЗША), рэжысэр Эрык Тыль

(перакладчыца Вольга Жандарава)

Праз 500 гадоў пасьля таго, як Марцін Лютар прыбіў да дзьвярэй храма ў Вітэнбэргу свае 95 тэзісаў, дарэчы перагледзець гісторыю пра выбітнага манаха, які прайшоў эвалюцыю ад каталіцтва да пратэстанцтва, пераклаў Біблію на нямецкую мову і заснаваў магутную хрысьціянскую канфэсію. Здымаць гістарычныя фільмы пра вядомых асобаў ды яшчэ на рэлігійную тэму — занятак няўдзячны. Аднак Эрыку Тылю ўдалося акуратна распавесьці біяграфію Марціна Лютара, а Джозэфу Файнсу — раскрыць усе адценьні складанай натуры слыннага дзеяча Рэфармацыі. А калі ўзгадаць, што Лютар быў сучасьнікам і, магчыма, знаёмцам Скарыны, то нам гэты фільм дае магчымасьць акунуцца ў кантэкст і гэтак адзначыць 500-годзьдзе першай беларускай друкаванай кнігі. Пра Скарыну ж пакуль ніхто фільма-біяграфіі ня зьняў!

«Цудоўна ласка» (2006, Вялікабрытанія, ЗША), рэжысэр Майкл Эптэд

(перакладчыцы Алiна Радачынская, Надзея Кiм)

Фільм, які распачаў традыцыю «Беларусіх уікэндаў», распавядае пра гісторыю змаганьня з рабаўласьніцтвам у Вялікабрытаніі XVІІІ стагодзьдзя. Дзяржаўны муж Уільям Уілбэрфорс (у выкананьні Яна Грыфіта), пазнаёміўшыся з былым рабом Алаўдам Эквіяна, становіцца на абарону правоў рабоў і актыўна прасоўвае ў Парлямэнце ідэі забароны гандлю рабамі на працягу 15 гадоў. Ягоны сябра Ўільям Піт (у выкананьні Бэнэдыкта Камбэрбэтча) усяляк падтрымлівае яго, але абірае для змаганьня больш акуратныя мэтады і ўрэшце становіцца брытанскім прэмʼер-міністрам. А Ўілбэрфорс, стомлены змаганьнем і хваробамі, сыходзіць з палітычнай арэны. Але гэта толькі пачатак. Увесь фільм толькі распачынаецца, калі зьнясілены Ўілбэрфорс сустракае сваю будучую жонку Барбару, захопленую ягонымі ідэямі, і, натхнёны яе падтрымкай, зноў вяртаецца ў палітыку, але ўжо з больш прадуманым праектам, накіраваным на паступовае разбурэньне рабаўласьніцкай палітыкі. Практычна ўвесь фільм — гэта флэш-бэк: пра сваю маладосьць Уілбэрфорс распавядае Барбары, якую ў фільме сыграла Рамола Гарай. У фільме герояў агучылі акторы Павал Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Сьвятлана Цімохіна, Уладзімер Глотаў.

«Добрыя дзеці ня плачуць» (2012, Нідэрлянды), рэжысэр Дэніс Ботс

(перакладчыца Надзея Кiм)

Па-за праектам «Беларускіх уікэндаў», але таксама на вялікім экране кінатэатра «Перамога» быў паказаны нідэрляндзкі фільм «Добрыя дзеці ня плачуць» у беларускай агучцы. Кранальная сямейная стужка з неверагодна цудоўнай гульнёй актораў-дзяцей, якім хочацца верыць. Сюжэт нам вельмі знаёмы: дзяўчынка Акі, першая ў школе і па вучобе, і па спорце, раптам дазнаецца, што хворая на лейкемію. І тут аднаклясьнік Джоэб, што заўжды чапляў Акі (аднойчы яны нават пабіліся), раптам становіцца ёй найлепшым сябрам і абаронцам. Пра тое, як жыць са сьмяротным дыягназам, як цаніць тое, што маеш, пакуль ня страціў, як заставацца сабой перад абліччам сьмерці, распавядае фільм «Добрыя дзеці ня плачуць». А вось гледачы плачуць дакладна, бо фінал фільма нікога не пакідае абыякавым.

Паказы арганізоўваюцца ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG