Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім: «Я не лічу, што ў Беларусі мае права выступаць нацысцкі гурт»


Андрэй Кім, архіўнае фота
Андрэй Кім, архіўнае фота

У «Інтэрвію тыдня» грамадзкі актывіст Андрэй Кім адказвае на пытаньне, чаму ён выступае супраць прыезду ў Беларусь харкаўскага рок-гурту Nokturnal Mortum, разважае пра тонкую рысу паміж свабодай творчасьці і заклікамі да гвалту і тлумачыць, якія козыры можа даць расейскай прапагандзе выступ нацысцкага гурту ў Беларусі.

— Андрэй, нядаўна вы напісалі ў Фэйсбуку пра тое, што арганізатары беларускага фэстывалю «Купальскае кола» запрасілі на фэст харкаўскі гурт Nokturnal Mortum, які, на вашу думку, прытрымліваецца нацысцкіх поглядаў. Вы прыводзілі як доказ адпаведныя цытаты з творчасьці гурту. Але арганізатары адказалі ў тым сэнсе, што гэты гурт ня першы раз выступае ў Беларусі і даўно не прытрымліваецца нацысцкіх поглядаў. Ці задаволіў вас такі адказ?

— Я мяркую, што арганізатары фэстывалю хлусяць — у сувязі з тым, што яны камэрцыйна зацікаўленыя, каб гэты гурт выступіў. Мы ж не адразу выклалі інфармацыю ў публічны доступ. Спачатку мы зьвязваліся з арганізатарамі фэстывалю, давалі ім адпаведныя цытаты — яны казалі, гэты гурт ужо памяняўся. Мы кажам — дык дайце нам нейкія пацьверджаньні. Можа, лідэр гурту раскаяўся ў сваіх нацыстоўскіх поглядах, заявіў, што Гітлер, расізм, антысэмітызм — гэта кепска.

Але такіх заяваў няма. Абвяржэньняў, што гэты гурт перастаў быць нацысцкім, няма. Ёсьць, аднак, сьпевы, якія я прыводжу, дзе заклікі забіваць габрэяў, рэзаць хрысьціян. Гэта сьпявалася яшчэ некалькі гадоў таму, ёсьць канцэрт 2012 году, называецца «Коловрат», дзе яны такое сьпяваюць.

Гурт Nokturnal Mortum афіцыйна называецца прадстаўніком жанру «нацыянал-сацыялістычны блэк-мэтал». Нацыянал-сацыялізм — гэта нацызм. Гэты гурт сам пацьвярджае, што ён нацысцкі.

Пры ўсёй павазе да арганізатараў фэстывалю я не лічу, што ў Беларусі мае права выступаць нацысцкі гурт, нават зь ненацысцкімі песьнямі. Тыя людзі ў інтэрвію заяўлялі, што Гітлер малайчына, але адзінае ён кепска зрабіў, што ваяваў са славянамі — трэба было ваяваць усёй белай цывілізацыяй супраць іншых цывілізацыяў, і ўсё такое. Калі гэтыя людзі сапраўды зьмяніліся — то мы павінны былі б бачыць нейкае раскаяньне, абвяржэньне, перамену. Але яе няма.

— Чаму тады арганізатары фэстывалю гэтак настойваюць на запрашэньні гэтага гурту? Можа, яны ўжо проста ня маюць арганізацыйных магчымасьцяў адмяніць прыезд гэтай групы?

— Гэта пытаньні да іх. Да фэстывалю яшчэ месяц. Наколькі я ведаю, зь імі зьвязваліся прыватна і папрасілі адмяніць выступ гэтага гурту. Калі яны адмовілі ў рэзкай форме, то мяне папрасілі апублікаваць гэтую інфармацыю. Цяпер мяне абвінавачваюць у чым заўгодна — што я працую на дзяржаву, што нападаю на безабаронных нацыстаў. Для мяне сумная сама сытуацыя, што хтосьці лічыць нармальным запрашаць у Беларусь нацысцкі гурт, які заклікае да гвалту.

— Але калі браць творчасьць сусьветна вядомых гуртоў, асабліва ў жанры трэш-мэтал — то антыхрысьціянскія, сатанінскія матывы прысутнічаюць даволі шырока ў некаторых гуртоў. На сцэне часам прысутнічаюць перакуленыя крыжы — і гэта ўспрымаецца як свабода творчасьці, ніхто з гэтым на змагаецца шляхам нейкіх забаронаў. Дзе тут праходзіць мяжа паміж свабодай творчасьці і абразай нейкіх пачуцьцяў?

— Ведаеце, апошнім часам ёсьць такая тэндэнцыя — ствараць недатыкальны маркер: мастак ці музыка. Тое, за што «звычайнага» чалавека асудзяць ці нават пасадзяць — тыя самыя дзеяньні пад маркерам «мастак» ухваляюцца часткай грамадзтва. Калі нехта скажа «бей жидов, спасай Россию», і гэта будзе «просты» чалавек — то гэта назавуць жахлівым. А калі ён назаве сябе мастаком ці музыкам і будзе сьпяваць пад гітару «бей жидов, спасай Россию» — то гэтага чалавека будуць абараняць, казаць, што гэта творчасьць, высокае мастацтва, дайце яму самавыказацца.

Я думаю, варта ставіцца да музыкаў як да звычайных людзей. Больш за тое, яны маюць большую адказнасьць

Я думаю, варта ставіцца да музыкаў як да звычайных людзей. Больш за тое, яны маюць большую адказнасьць. Я ніколі не выступаў публічна зь нейкімі патрабаваньнямі забараніць антыхрысьціянскія, сатанінскія ці паганскія гурты. Людзі маюць права лічыць, што хрысьціянства — гэта шкодна, і пакланяцца паганскім багам. Я ніколі ня буду заклікаць да забароны такіх мерапрыемстваў.

Але сутнасьць у тым, што гэты гурт заклікае да гвалту, да нацызму, да рэчаў, якія забароненыя ў Беларусі. Калі лідэр гурту — адкрыты антысэміт, расіст, то тут ніякай мяжы няма. Тут усё вельмі празрыста.

— Як, на вашу думку, магла б вырашыцца гэтая сытуацыя? Ці ёсьць нейкі спосаб для ўсіх бакоў, каб захаваць твар? Калі ж арганізатары будуць упарта адстойваць сваю пазыцыю — што вы думаеце рабіць далей?

— Я бачу два шляхі да выйсьця. Першы — арганізатары проста адмяняюць выступ гэтага гурту. Там заплянаваны выступ больш як 30 розных гуртоў, і ставіць хэдлайнэрам такі «спрэчны», мякка кажучы, гурт — гэта было глупствам. Хэдлайнэрам можна паставіць наш «Стары Ольса». А Nokturnal Mortum адмяніць — і ніхто не пацярпіць.

Другі варыянт, які прапанаваў Павал Севярынец, — калі зьявіцца відэазварот гэтага гурту, які публічна скажа, што ён адракаецца ад нацысцкай, расісцкай, антысэміцкай ідэалёгіі. Адракаецца ад тых заклікаў да нянавісьці, якія ён рабіў раней. Бо рэчы, у якіх мы іх абвінавачваем, вельмі сурʼёзныя — заклікі да забойства, нянавісьці.

Я думаю, абодва гэтыя варыянты нескладаныя для арганізатараў. Але я мяркую, што гурт ня выкажацца, не адрачэцца ад сваіх поглядаў. Бо тады ён баіцца страціць сваіх фанатаў-нацыстаў. Яшчэ адна небясьпека такіх гуртоў, што калі яны прыяжджаюць, то яны зьбіраюць пад свае сьцягі нацыстаў.

Што да маіх далейшых дзеяньняў, то ў мяне няма ніякіх намераў пісаць нейкія заявы. Я выказаў сваю пазыцыю, я прадставіў доказы. І я спадзяюся, што ў людзей, якія адказныя за гэты фэстываль, хопіць розуму не дапусьціць такой ганьбы для нашай зямлі.

Зараз на ўкраінцаў і беларусаў вядзецца сурʼёзная інфармацыйная атака, што мы з вамі нацысты, фашысты. І запрашэньне на фэстываль нацысцкага гурту менавіта падстаўляе ўвесь беларускі рух, кампрамэтуе яго. Бо калі гэты гурт выступіць у Беларусі, у нашых ворагаў будуць падставы сьцьвярджаць, што беларускамоўныя беларусы — фашысты, бо яны слухаюць фашыстоўскі гурт.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG