Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панславіст назваў беларускі гук «брыдкім». Як яму адказаць?


У Беларускай мове чатыры мяккія зычныя – [с’], [з’], а таксама [ц’], [дз’] – ня проста мяккія. Нават неспрактыкаванае вуха чуе: яны асабліва мяккія. Піша Вінцук Вячорка

У беларускай мове, як і ў многіх іншых, ёсьць цьвёрдыя і мяккія зычныя гукі, напрыклад, н у слове кон і нь [н’] у слове конь.

Але чатыры мяккія зычныя – [с’], [з’], а таксама [ц’], [дз’] – ня проста мяккія. Нават неспрактыкаванае вуха чуе: яны асабліва мяккія, “прыцемненага” тэмбру.

Гэтая асаблівасьць уражвала іншаземцаў, а навукоўцаў вымушала доўга падбіраць словы й тэрміны, каб яе апісаць. На жаль, у школе на гэтую адметнасьць нашае фанэтыкі не зьвяртаюць увагі. А між тым,

“…[с’], [з’] уяўляюць сабой адну з самых яркіх рыс фанетычнага ладу беларускай мовы”,

– пісалі фанэтысты Аляксандар Падлужны і Віктар Чэкман у першай у нашым мовазнаўстве манаграфіі, заснаванай на лябараторных дасьледзінах (“Гукі беларускай мовы”, 1973 г.).

У некаторых даведніках іхную мяккасьць пазначаюць не адной рыскай, а дзьвюма:

[с”], [з”], [ц”], [дз”]

Як жа гучаць такія гукі? Зьвернемся да клясыкаў.

Янка Купала – ня толькі носьбіт віленска-маладэчанскіх гаворак – асновы сучаснае літаратурнае мовы, але і адзін са стваральнікаў апошняе. На жаль, засталося вельмі мала запісаў, дзе ён сам чытае свае вершы. Верш “Песьня будаўніцтву” напісаны ў 1931 годзе, ужо зь цяжкім адбіткам бальшавіцкага ціску (хаця, як заўсёды ў Купалы, ёсьць і прыхаванае другое дно). Безадносна да зьместу, фрагмэнты гэтага аўдыязапісу трэ будзе ўключыць у будучую фонахрэстаматыю “Беларускае літаратурнае вымаўленьне вуснамі клясыкаў”.

Прыйдзе новы — а мудры — гісторык,
А ён прыйдзе — ужо ён ідзе —
І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак
І да зорак аб нашых прасторах,
Аб падзеях, людзях павядзе...

Прыйдзе, ідзе, дзіўны, зьнішчаючы, сьмела… Купалавыя [дз”], [з”], [с”] узорныя.

Спрабуючы апісаць характэрны тэмбр, казалі пра “шапеляватасьць” гэтых гукаў: перш нейкі ананімны аўтар, якога цытавалі яшчэ Восіп Бадзянскі ды Яўхім Карскі, а потым згаданыя мною А. Падлужны і В. Чэкман.

Слова Яўхіму Карскаму:

Интересно свидетельство об этой черте в одном смоленском говоре… в Собрании Бодянского: “шепелеватый звук (средний между с и ш) имеем только перед (…) мягкими (…): сёлета, сянні, ёсь, святэй, світаіць, валосся”.

Е. Ѳ. Карскій. Бѣлоруссы. Томъ ІІ. Языкъ бѣлорусскаго племени. 1. Историческій очеркъ звуковъ бѣлорусскаго нарѣчія. Варшава, 1908. С. 457

Думаю, ніхто зь іх не ўкладаў у тое слова прыніжальнага сэнсу, хаця фанэтыст Пётра Садоўскі лічыць, што адмоўнае адценьне ў ім ёсьць.

Зрэшты, задоўга да Карскага вакол гэтых беларускіх гукаў разгарэўся міжнародны скандал. Быў такі высокаадукаваны вучоны, харват з паходжаньня Юрай Крыжаніч, што бачыў шанец да паяднаньня славянаў пад бэрлам маскоўскага цара. З ідэямі стварэньня адзінай славянскай мовы і пераадоленьня веравызнаўчага падзелу праехаў праз розныя славянскія краіны, у тым ліку Беларусь, і дабраўся да Масквы, дзе яго ўрэшце, як водзіцца, палічылі гэрэтыком і саслалі ў Сыбір. Не ўратаваў нават складзены для цара плян заваёвы Крыму.

Пісаў Крыжаніч ім жа штучна створанаю “агульнаславянскаю” моваю. У працы “Обjасньенjе виводно о писмѣ словѣнскомъ” (напісаная ў Табольску, выйшла ў 1666 г.) ён апісаў беларускае вымаўленьне гукаў [дз”], [ц”]. Замест

С. 42 перавыданьня 1891 г.
С. 42 перавыданьня 1891 г.

Вось такая навукова ўзважаная ацэнка: “бри́дко óдурно изговâранjе” – ‘брыдкае агіднае вымаўленьне’ беларускіх мяккіх гукаў [ц”], [дз”]. Так вырашыў Юрай Крыжаніч, першы ідэоляг панславізму. Хаця самі “беларусцы”, паводле мовазнаўцы, лічаць такое вымаўленьне “ня толькі правільным і сапраўдным, але яшчэ і тонкім, лагодным і шляхотным”.

Ваня Радаўш. Юрай Крыжаніч (з цыклю Panopticum croaticum)
Ваня Радаўш. Юрай Крыжаніч (з цыклю Panopticum croaticum)

Наагул беларускія моўныя рысы Крыжаніч часьцей за ўсё называў “мерзкімі” ды лічыў іх вынікам моўнага зьмешваньня. Іронія ў тым, што акурат мова, на якой ён гэта пісаў, была ім створаная шляхам штучнага спалучэньня пераважна стараславянскіх, расейскіх і сэрбскіх моўных рысаў. І, відавочна, у прапанаванай Крыжанічам расейскаму цару “агульнаславянскай мове” не было месца беларушчыне.

Годна адказаць ваяўнічаму панславісту на абразу беларускае мовы мог бы ўсьлед за фальклярыстам М. Федароўскім акадэмік Яўхім Карскі (з выкарыстаньнем асабліва мяккага [c”] з эмацыйным падаўжэньнем):

Я. Карскі. Згаданая праца. С. 456
Я. Карскі. Згаданая праца. С. 456

У кожным разе Крыжаніч пакінуў нам важнае сьведчаньне: і ў XVII стагодзьдзі беларусы вымаўлялі гэтыя гукі адметна. Такіх няма ні ў воднай суседзкай мове. Скажам, мяккія гукі польскай літаратурнай мовы [ś], [ź], [ć], [dź] – са значна большым “шыпячым” кампанэнтам.

“Dziwny jest ten świat” – “Дзіўны гэты сьвет”. Сьпявае Чэслаў Немэн, тут у яго вымаўленьне зь першага ж гуку [dź] польскае літаратурнае.

(Зрэшты, у тутэйшай polszczyźnie kresowej – “пальшчызьне крэсовай” – у словах “дзівны” і “сьвят”адпведныя гукі вымаўляюцца дакладна як беларускія; можна не сумнявацца, што і Адам Міцкевіч іх так вымаўляў).

Бадай што найбліжэйшыя да беларускіх будуць японскія мяккія гукі, як у слове 寿司

– сусі (а ня “сушы”!)

РОЛЯ ЯЗЫКА Ў МОВЕ

Адпаведныя расейскія мяккія [с’], [з’], як і цьвёрдыя, утвараюцца кончыкам языка, які набліжаецца да зубоў. Слухайма, як вядомы кожнаму са школы Пушкінаў верш чытае сучасны актор родам з Архангельска.

Тут зубныя і чыста сьвісьцячыя [з’], [с’].

А нашыя – пры апушчаным кончыку языка і прыўзьнятымі пярэдняй і часткова сярэдняй яго часткамі. Апошнія набліжаюцца ўверх да пярэдняй часткі паднябеньня – palatum па-лацінску. (То і называе іх сучасная мовазнаўчая навука асабліва: ці краепалятальнымі (г. зн. утворанымі на краі паднябеньня), ці прэпалятальнымі (у пярэдняй частцы паднябеньня) гукамі).

У працы “Гукі беларускай мовы” публікуюцца вынікі рэнтгенаграфіі руху маўленчых органаў, а таксама палятаграмы – адбіткі дотыку языка да паднябеньня. Г. зн. навукоўцы робяць высновы на аб’ектыўным грунце.

“На палятаграмах украінскіх і рускіх [с’], [з’] выразна адлюстравана іх больш пярэдняе, у параўнанні з беларускімі, месца ўтварэння; яны зьяўляюцца тыповымі зубнымі гукамі. …Язык дакранаецца разцоў і клыкоў, а струмень паветра накіраваны на зубы”. (C. 123)

А ў беларускіх мяккіх [с’], [з’] “…cтрумень паветра накіроўваецца на прэдарсальную [пярэднюю] зону паднябення… а таксама шырокая шчыліна, па якой паветра праходзіць”

– што абумоўлівае “вельмі характэрнае гучанне гэтых гукаў. На слых беларускія [с’] і [з’] робяць уражанне не чыста свісцячых, а “шапяляватых” зычных. Гэтым яны адрозніваюцца як ад рускіх, так і ад украінскіх [с’], [з’]. Польскія ж [ś], [ź] характарызуюцца большай ступенню “шапялявасці”, але па месцы і спосабу ўтварэння гэта тыповыя палатальныя (сярэднепаднябенныя-сярэднеязычныя) гукі”. (C. 122)

І ўрэшце:

“Больш плоская шчыліна, зрух месца артыкуляцыі і высокае становішча языка ствараюць уражаньне большай мяккасці гэтых гукаў, чым адпаведных гукаў рускай мовы”,

“Фанетыка беларускай літаратурнай мовы., 1989

– пішуць фанэтысты. То зьберагайма сваё. Да перадачы асаблівай мяккасьці на пісьме яшчэ вернемся.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG