Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гастарбайтэры вяртаюцца на радзіму


Сотні беларусаў вяртаюцца ў пераднавагоднія дні з Расеі, дзе яны працавалі на будоўлях. Многія зь іх ужо ня бачаць сэнсу ехаць на заробкі ў суседнюю краіну, бо расейскі рубель значна абясцэніўся, а разам зь ім — і рэальныя заробкі беларускіх гастарбайтэраў.

Ля гомельскіх валютных абменьнікаў часта можна сустрэць гараджан, якія вярнуліся з расейскіх будоўляў. Тут іх чакае расчараваньне. За расейскі рубель банкі даюць цяпер нават меней, чым 200 беларускіх. Даходзіла й да 140 беларускіх рублёў за адзін расейскі — у два разы таньней, чым паўгода таму.

32-гадовы гамяльчук Іван толькі што вярнуўся з Расеі:

«Нявыгадна ў Расеі працаваць, бо рубель абрынуўся. Да прыкладу, я прывозіў з сабою 100 тысяч „расеі“. Рубель каштаваў 280 нашых — была стабільнасьць. Меў на беларускія 28 мільёнаў. Цяпер расейскі рубель — толькі 200 беларускіх, а даляр на расейскія — пад 80. Гэта ж наагул... ня ведаю што. Цяпер гастарбайтэрам у Расеі нявыгадна за рублі працаваць».

Суразмоўца кажа, што сытуацыя яго проста зьбянтэжыла:

«Я толькі сёньня прыехаў з Расеі і бачу, што рубель іхні так моцна ўпаў. А даляр — вырас. Таму й няма сэнсу туды езьдзіць. У Расеі таксама нічога ня выйграеш, калі купляць даляры. Вось такія справы».

Гастарбайтэр мяркуе, што ў абвале расейскага рубля вінаватая Амэрыка — прынамсі, такую думку ён ня раз чуў у Расеі:

«Я там такога наслухаўся! Вінавата Амэрыка. Гэта яны расейскі рубель абвалілі — нібыта з-за нафты».

Незалежны гомельскі эканаміст Дзьмітры Новікаў лічыць, што значная частка беларусаў сапраўды пакіне Расею альбо будзе шукаць сабе заробак у іншых краінах, бо рэзкае падзеньне расейскага рубля абясцэніла іхнюю працу:

У расейскіх рублях заробкі засталіся такія, якія й былі, і ніхто іх падвышаць у такой фінансавай сытуацыі ня будзе

«Справа ў тым, што калі перавесьці іхнія заробкі ў тое, што яны могуць купіць тут, у Беларусі, то заробкі зьменшыліся амаль у два разы. У расейскіх рублях заробкі засталіся такія, якія й былі, і ніхто іх падвышаць у такой фінансавай сытуацыі ня будзе. Хутчэй наадварот. Цэны там таксама падцягваюцца, растуць. Калі сярэдні заробак быў у Расеі каля тысячы даляраў — больш нікому, апроч вельмі ўжо клясных спэцыялістаў, не плацілі, — то цяпер яны будуць мець у эквіваленце 500 даляраў. З паўтысячай даляраў жыць у Маскве, траціць на найманьне жытла, на харчаваньне не выпадае. Трэба ж яшчэ нешта дадому прывезьці, бо людзі ж ехалі зарабіць, прывезьці грошай дахаты. Выходзіць, што везьці з сабою асабліва няма чаго. Таму гэтыя людзі прыедуць сюды і апынуцца таксама ў цяжкім стане».

Ня так даўно беларускі ўрад прызнаваў, што па-за межамі краіны, і найперш у Расеі, працуе сама меней 400 тысяч грамадзянаў Беларусі. І калі нават палова іх з-за сытуацыі з рублём пакіне працаваць у суседняй дзяржаве, то што прапануе ім узамен родная старонка? Ці адразу запіша ў дармаеды?

Эканаміст мяркуе, што праблему ня варта прытойваць:

«Дзяржаве ня трэба хаваць галаву ў пясок, як той страўс, а прызнаваць праблему ды імкнуцца яе вырашыць. І беспрацоўя ня трэба баяцца — варта, аднак, павысіць памеры сацыяльных выплат. Гэта праблема вельмі вострая і балючая для значнай часткі насельніцтва, і асабліва для Гомеля. Менавіта Гомель яшчэ ў часы Саюзу быў тым месцам, адкуль людзі ехалі працаваць у Маскву ды іншыя месцы Расеі».

Дзьмітры Новікаў згадвае, што незалежныя эканамісты прапаноўвалі ўраду шэраг праграмаў пераводу беларускай эканомікі на рынкавыя ўмовы, на разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу. Была й адмысловая праграма «Мільён працоўных месцаў». Тым часам у Беларусі мяняецца толькі ўрад, а сыстэма гаспадараньня застаецца ранейшай — пераважна пад ручным кіраваньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG