Першыя сьнежаньскія маразы выявілі на прадпрыемствах Гомеля і ахвяраў эканоміі энэргарэсурсаў. У шэрагу цэхаў заводу самаходных камбайнаў вытворчага аб’яднаньня «Гомсельмаш» людзі мерзнуць на працоўных месцах.
Асабліва нізкая тэмпэратура ў мэханазборачным, прэсава-нарыхтоўчым цэхах, цэху афарбоўкі.
Апавядае адзін з рабочых заводу, які не захацеў афішаваць сваё імя:
«Што вам сказаць — холадна. У цэхах сама холадна ў ПНЦ — прэсава-нарыхтоўчым, у мэханазборачным. Мінусавой тэмпэратуры няма, але недзе каля нуля. Можа, плюс два ці тры. Хто сядзіць у кабінэтах, таму цёпла».
Суразмоўца лічыць, што, апроч эканоміі, на тэмпэратуру, хутчэй за ўсё, ўплывае яшчэ й стан ацяпляльных сыстэмаў:
«Ужо ўсё старое. А што зробіш, калі трубам гадоў па сорак, ці колькі там. Яно ж там усё іржой пабралася. Паток малы, таму так і атрымліваецца».
Яшчэ адзін рабочы заяўляе, што цярпець можна. А чаму ў цэхах такая тэмпэратура — гэта ўжо мусяць ведаць начальнікі.
Намесьнік дырэктара заводу ў сацыяльных пытаньнях і побыце Аляксандар Мазоль заяўляе, што цяпло было пры Cавецкім Саюзе, а цяпер у цэхах ёсьць толькі пакоі для абагрэву, бо печку ў цэху не паставіш:
Я ж не магу печку ў цэху паставіць і паліць
«Я ж не магу печку ў цэху паставіць і паліць. Ёсьць у цэхах пакоі прыёму ежы — там тэмпэратура не ніжэй за 16 градусаў. Гардэробныя ацяпляюцца электрычнымі абагравальнікамі. Там таксама няма пытаньняў. У цэхах ацяпленьне не працуе. Калі ў нас 50 градусаў тэмпэратура на падачы ацяпленьня, то мы ня можам нават уключыць свае цеплавыя завесы, бо яны надзімаюць халоднае паветра».
У аддзеле арганізацыі і аховы працы, адказным за тэмпэратурны рэжым на вытворчасьці, сьцьвярджаюць, што пазбаўленыя самастойнасьці, — усё трэба прасіць у кіраўніцтва аб’яднаньня. І цяпло таксама:
Просім, каб цепланосьбіт быў хоць бы 70 градусаў. Але адпаведныя службы ня могуць ніяк гэта забясьпечыць
«Просім, каб цепланосьбіт быў хоць бы 70 градусаў. Але адпаведныя службы аб’яднаньня і ўправа галоўнага энэргетыка галаўнога заводу ня могуць ніяк гэта забясьпечыць, хаця ёсьць адпаведны загад генэральнага дырэктара і нашага дырэктара самаходных камбайнаў. Мінімальная тэмпэратура ў цэхах мусіць быць не ніжэй за плюс сем».
Спэцыяліст кажа, што калі два дні таму тэмпэратура на дварэ апускалася да мінус 14 градусаў, то ў цэхах каля вокнаў яна была не вышэй за тры градусы цяпла — гэта афіцыйныя замеры.
Ва ўправе аховы працы й прамысловай бясьпекі аб’яднаньня «Гомсельмаш» адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю з ацяпленьнем вытворчасьці, дзе працуюць тысячы рабочых. Цяжкі фінансавы стан прадпрыемства прымушае эканоміць, і на энэрганосьбітах у першую чаргу. Бо нездарма ж «Гомсельмаш» пэрыядычна адпраўляе сваіх рабочых у дадатковыя адпачынкі, каб эканоміць рэсурсы.
Дарэчы, падобная сытуацыя, якая ўзьнікла цяпер у аб’яднаньні «Гомсельмаш» з прыходам зімніх халадоў, гадоў дзесяць таму назіралася на шмат якіх прадпрыемствах гораду.
Грамадзкі актывіст Анатоль Паплаўны згадвае, што, напрыклад, у велічэзных цэхах заводу пускавых рухавікоў будавалі печы, каб неяк іх апальваць і не марозіць рабочых:
«Майстравалі такія вялікія печы, назапашвалі дровы, кідалі туды — і абагравалі. Гадзіну папрацуеш, прыйдзеш, пагрэесься крыху — і зноў ідзеш працаваць. Цёпла было, калі побач з печкай. Але ад гэтай печкі потым увесь чорны, бо ў сажы. Ратавацца ад холаду даводзілася. Парушаючы тэхніку бясьпекі: апраналі пальчаткі ці спэцоўкі на рукі, фуфайкі на плечы. А пальчаткі ўжо на станку — вялікая перашкода, яны перашкаджаюць нармальна працаваць».