Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 прычын, чаму беларуская мова мае быць на цэтліках


На пачатку красавіка пачнецца чарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Для беларускамоўных беларусаў яна будзе адметная тым, што на ёй будуць разгледжаныя і прынятыя зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».

Сярод іх будуць і прапанаваныя мною зьмены, каб інфармацыя аб таварах і паслугах адначасова была на дзьвюх дзяржаўных мовах — па-беларуску і па-расейску. Сёньняшняя рэдакцыя закону дазваляе публікаваць такую інфармацыю толькі на адной зь дзяржаўных моваў, а таму ў цяперашняй грамадзка-палітычнай сытуацыі ў абсалютнай большасьці выпадкаў беларускамоўныя грамадзяне пазбаўленыя права на родную мову ў сфэры гандлю і паслугаў.

На жаль, распрацоўнікі зьменаў у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» — Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня, Савет Міністраў і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і праўных дасьледаваньняў ня ўнесьлі ў тэкст законапраекту прапанаваныя мною ды іншымі беларусамі зьмены аб раўнапраўі дзьвюх дзяржаўных моваў, таму застаецца спадзявацца, што калі адкрыецца сэсія, сярод 110 дэпутатаў знойдзецца хоць адзін або некалькі беларусаў, што шануюць беларускую мову і незалежнасьць Беларусі, і яны ўнясуць прапанову ў праект закону. А калі прыйдзе час для галасаваньня, то большасьць дэпутатаў прагаласуюць за гэтыя зьмены.

Ёсьць мінімум 10 прычынаў, чаму беларуская мова мае быць на этыкетках:

1. Канстытуцыя Беларусі (арт. 17) гаворыць, што дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская мовы. У ёй не сказана, што дзяржаўнымі зьяўляюцца беларуская або расейская мова, таму ўсе нарматыўныя акты, дзе закранаюцца пытаньні мовы, павінны выкарыстоўваць менавіта фармулёўку Канстытуцыі, не парушаючы яе і правы беларусаў.

2. Беларусь уваходзіць у Эўразійскі эканамічны саюз (далей — ЭАЭС), а гэта значыць, што на тэрыторыі дзяржавы дзейнічаюць Тэхнічныя рэглямэнты Мытнага зьвязу. Тэхнічны рэглямэнт ТРМС 005/2011 «Аб бясьпецы ўпакоўкі» у пункце 4 арт. 6 кажа, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на расейскай мове і на дзяржаўнай мове дзяржавы-чальца Мытнага зьвязу пры наяўнасьці адпаведных патрабаваньняў у заканадаўстве дзяржавы-чальца Мытнага зьвязу».

З гэтага вынікае, што калі расейская мова у адпаведнасьці з ТРМС (ЭАЭС) абавязковая, а дзейная рэдакцыя закону «Аб абароне правоў спажыўцоў» дазваляе вытворцу абіраць адну зь дзяржаўных моваў Беларусі, то ў гэтым выпадку ён выбера расейскую, бо яна абавязковая, а беларуская мова — не.

Такім чынам адбываецца парушэньне Канстытуцыі Беларусі. Каб сытуацыю выправіць, не парушаючы і заканадаўства Беларусі, і заканадаўства ЭАЭС, неабходна, каб згодна зь беларускім заканадаўствам інфармацыя выкладалася на абедзьвюх дзяржаўных мовах.

3. У ЭАЭС уваходзяць 5 дзяржаваў — Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.

У Армэніі, Кіргізстане і Расеі заканадаўства патрабуе, каб інфармацыя аб таварах і паслугах даводзілася на дзяржаўнай мове. Паводле Канстытуцыі Казахстану, казаская мова ёсьць дзяржаўнай, а расейская мова — афіцыйнай, але інфармацыя мае публікавацца на абедзьвюх гэтых мовах. І толькі ў Беларусі з усіх краін-чальцоў ЭАЭС дзьве дзяржаўныя мовы, але няма патрабаваньня, каб інфармацыя даводзілася на абедзьвюх мовах адначасова. Толькі беларуская мова ў межах ЭАЭС можа не выкарыстоўвацца, прынамсі ў сфэры гандлю і паслуг. Гэта падрывае аўтарытэт Беларусі як незалежнай дзяржавы, як роўнага ў правах чальца гэтага міждзяржаўнага ўтварэньня. Ганебную сытуацыю можа выправіць толькі заканадаўчае замацаваньне абавязковага выкарыстаньня абедзьвюх дзяржаўных моваў у гандлі й паслугах.

4. 1 лютага 2017 года ўступіў у сілу СТБ1100-2016.​

Прыняты ён быў беларускім Дзяржстандартам. Арт. 4 вымагае: «Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на расейскай або расейскай і беларускай мовах». Г. зн. толькі па-беларуску інфармацыю даводзіць нельга, а толькі па-расейску — можна. Сказанае быццам бы вынікае з вышэйзгаданых патрабаваньняў ТРМС, але фармулёўка яўна парушае палажэньне Канстытуцыі аб роўнасьці моваў. Выправіць парушэньне можа толькі ўвядзеньне абавязку інфармаваць спажыўца на дзьвюх дзяржаўных мовах адначасова.

5. Праблему неадпаведнасьці беларускага моўнага заканадаўства Канстытуцыі прызнае і Канстытуцыйны суд.

Яшчэ у 2003 годзе Канстытуцыйны суд прапаноўваў парлямэнту разгледзець зьмены ў моўным заканадаўстве з мэтай забясьпечыць роўнасьць дзьвюх моваў, адзначаючы, што «пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моваў на практыцы балянс іх выкарыстаньня не заўсёды захоўваецца». Гэтыя ж думкі Канстытуцыйны суд пацьвярджаў і ў 2014, і ў 2015 годзе. Цяпер аптымальны час пачуць пазыцыю Канстытуцыйнага суду і прывесьці заканадаўства аб мовах у адпаведнасьць з Канстытуцыяй.

6. Праблему і яе вырашэньне бачаць і ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дырэктар філіялу «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтру дасьледваньняў беларускай мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў паведаміў, што Інстытут мовазнаўства падтрымлівае прапанаваныя мною карэкцыі п. 9 арт. 7 і п. 4 арт. 8 закону «Аб абароне правоў спажыўцоў».

Ігар Капылоў
Ігар Капылоў

Паводле сп. Капылова, «унясеньне гэтых зьменаў у Закон будзе садзейнічаць забесьпячэньню моўных правоў беларускіх спажыўцоў, раўнапраўнаму становішчу Беларусі як самастойнага суб’екту Мытнага зьвязу, а таксама замацаваньню станоўчага міжнароднага іміджу нашай краіны».

7. Неабходнасьць прапанаваных зьменаў у закон прызнаюць і самыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Адказы на нашыя пісьмовыя запыты сьведчаць, што сёньня 21 дэпутат «за» дзьве дзяржаўныя мовы на таварных цэтліках і толькі 5 супраць.

Сярод тых, хто «за», — Леанід Брыч, Анатоль Дашко, Вольга Паліціка, Іван Рэбкавец, Сяргей Занько, Вадзім Дзевятоўскі, Андрэй Юніцын, Алена Астапюк, Мікалай Васількоў, Ірына Кралевіч, Мікалай Расоха, Уладзіслаў Шчэпаў, Андрэй Навумовіч, Вольга Папко, Алена Анісім, Пётра Вабішчэвіч, Тацяна Кананчук, Валеры Варанецкі, Наталя Клімовіч, Людміла Кубракова, а таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка. Астатнія пакуль ня вызначыліся, але будзем спадзявацца, яны падтрымаюць большасьць сваіх калегаў.

Вольга Папко
Вольга Папко

Дэпутат Вольга Папко, напрыклад, адзначае: «Як беларускі гісторык у сваёй дасьледчай, навуковай і выкладчыцкай дзейнасьці актыўна выкарыстоўваю беларускую мову. На ёй надрукаваная большасьць маіх навуковых і навукова-папулярных публікацый. У якасьці адной з найважнейшых мэтаў маёй дзейнасьці дэпутата я меруся як мага актыўней садзейнічаць распаўсюджваньню беларускай мовы. У такім кірунку трактую і магчымыя дапрацоўкі закону «Аб абароне правоў спажыўцоў».

8. Падтрымліваюць зьмены ў заканадаўстве на карысьць раўнапраўя моваў і грамадзкія аб’яднаньні, якія прадстаўляюць правы грамадзян ва ўзаемадзеяньні з прадпрыемствамі, што вырабляюць тавары і аказваюць паслугі. Гэта «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў», «Берасьцейскі спажывец», «Гарадзкое таварыства абароны спажыўцоў», «Абарона правоў спажыўцоў «Садружнасьць», «Менскае таварыства спажыўцоў» і іншыя.

«Гарадзкое таварыства абароны правоў спажыўцоў», напрыклад, адзначае: «На наш погляд, недахопам закону «Аб абароне правоў спажыўцоў» ёсьць тое, што ў ім прапісаная альтэрнатыўнасьць выкарыстаньня альбо беларускай, альбо расейскай мовы, а не абавязковасьць выкарыстаньня абедзьвюх моваў. Такім чынам, у ім выпусташаная самая прававая сутнасьць, дух і літара закону аб абароне правоў грамадзяніна на адну зь дзяржаўных моваў. Відавочна, што для забесьпячэньня рэальнай роўнасьці моваў неабходнае, у першую чаргу, прыняцьцё зьменаў у заканадаўстве».

9. Ды і самыя грамадзяне салідарызуюцца і зьвяртаюцца да дэпутатаў з прапановай інфармаваць іх на дзьвюх дзяржаўных мовах адначасова. Толькі за апошні час яны накіравалі больш за 250 індывідуальных зваротаў у Палату прадстаўнікоў, а пад электроннымі калектыўнымі зваротамі, што падпадаюць пад дзеяньне закону «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў», падпісаліся каля 5000 чалавек. Гэтыя пэтыцыі — адны з самых масавых у гісторыі Беларусі. Пераканаўчае сьведчаньне таго, што праблема грамадзянаў хвалюе і зьмены запатрабаваныя.

10. Нарэшце, выкарыстаньня дзьвюх дзяржаўных моваў у сфэры гандлю і паслуг жадаюць і тыя, на каго зьмены ў закон накіраваныя — самі вытворцы тавараў і паслугаў. Сярод іх «Вэлком», «Гарызонт», «МТС», «Керамін», банк «Рашэньне», Гомельскі тлушчавы камбінат, Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў, «Марцін», Менскі завод безалкагольных напояў, Навабеліцкі камбінат хлебапрадуктаў, «Белрыба», «Берасьцейскае марожанае», Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат і іншыя вялікія й малыя вытворцы тавараў і паслугаў.

Напрыклад, банк «Рашэньне» «лічыць забесьпячэньне раўнапраўнага ўжываньня абедзьвюх дзяржаўных моваў адной з важных задачаў, што стаяць перад Рэспублікай Беларусьсю», а Гомельскі тлушчавы завод адзначае, што «заканадаўства адной дзяржавы — чальца ЭАЭС (Рэспублікі Беларусі) павінна быць гарманізавана з заканадаўствам іншых дзяржаваў-чальцоў, дзе інфармацыя аб таварах, вытворцах выкладаецца на дзьвюх мовах: замежнай і нацыянальнай».

Добра падсумоўвае адзначанае ААТ «Белрыба»: «Мы лічым, што балянс павінен быць або на карысьць беларускай мовы, або з расейскай хаця б на роўных. Мы ўхваляем зьмены з мэтай папулярызацыі і шырэйшга выкарыстаньня беларускай мовы і лічым гэта неабходным і своечасовым».

Зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якіх інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца па-беларуску і па-расейску, адначасова запатрабаваныя ў беларускім грамадзтве. Іх падтрымліваюць вытворцы, таварыствы абароны правоў спажыўцоў, грамадзяне Беларусі, частка дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Зьмены падтрымліваюць Канстытуцыйны суд і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Гэтыя зьмены неабходныя, каб заканадаўства адпавядала патрабаваньням Канстытуцыі Беларусі і нарматыўных актаў ЭАЭС. Няма іншага годнага рашэньня праблемы, акрамя забесьпячэньня роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў у сфэры гандлю і паслугаў. Будзем спадзявацца, што ўжо ў красавіку зьмены будуць прынятыя і беларуская мова зойме ў сфэры гандлю належнае месца, як гэтага і патрабуе Канстытуцыя Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG