«Бізнэс па-беларуску: права на мову» — такую тэму абмяркоўвалі ўдзельнікі дыскусійнага клюбу ў Горадні. Яны расказвалі пра свой уласны досьвед.
Замежнікі рэагуюць на беларускую мову станоўча, а беларускія школьнікі — не
Кіраўніца гарадзенскай турыстычнай фірмы «Мерцана» Ганна Шарэнда раздае гасьцям дыскусійнага клюбу рэклямную прадукцыю, візытоўкі, інфармацыйныя тэксты, нават дысконтныя карткі са зьніжкамі — усё ў іх фірме зроблена на беларускай мове. Карыстаючыся прафэсійным слэнгам, яна кажа, што «прадаваць Беларусь» на беларускай мове вельмі выгадна — экскурсіі па-беларуску карыстаюцца попытам.
Паводле яе, усе супрацоўнікі ў фірме валодаюць мовай, і наконт гэтага ніколі не ўзьнікае пытаньняў.
— Наш вопыт паказвае, што мову людзі ўспрымаюць вельмі пазытыўна, прычым ня толькі беларусы, а тыя ж расейцы. Многія зь іх, калі прыяжджаюць да нас, то ведаюць пра Беларусь часам болей, чым самі беларусы. І пачуць яшчэ беларускую мову — для іх гэта проста цудоўна.
Спадарыня Ганна кажа, што найчасьцей сустракаюцца з праціўнікамі беларускай мовы, калі праводзяць экскурсіі для школьнікаў. Большасьць дзяцей заўсёды кажуць, каб экскурсію ім праводзілі па-расейску. І ў гэтым праглядваецца адчувальная праблема беларускай адукацыі.
«Калі ня кожны другі, то кожны трэці кліент у краме размаўляе па-беларуску...»
А вось Юрась Галянеўскі трымае будаўнічую краму на рынку «Паўднёвы» і многія гады даволі пасьпяхова прадае будаўнічыя матэрыялы, карыстаючыся пры гэтым беларускай мовай. Ён вырас у вёсцы, беларуская мова для яго натуральная, хоць штуршком для таго, каб весьці свой бізнэс па-беларуску, стаў рэфэрэндум 1995 году.
— Павінен сказаць, што адпачатку гэта было рабіць вельмі няпроста. Многія беларусы, пачуўшы маю мову ў краме, са зьдзіўленьнем пыталіся — «а чего это ты так со мной разговариваешь?». І гэты пэрыяд трэба было пераадолець. А вось апошнія пяць гадоў адчуваецца паварот да беларускае мовы. Цяпер калі ня кожны другі, то трэці кліент заходзіць да мяне ў краму і размаўляе па-беларуску.
Спадар Юрась расказвае, як нядаўна адна спадарыня выбірала ў ягонай краме нешта з будматэрыялаў, а ён проста прапанаваў на беларускай мове ёй дапамагчы.
— Яна разгубілася і пытаецца — а што, у вас тут так гавораць? Я прапанаваў дапамагчы, а яна настолькі расчулілася, што аж заплакала. Кажа мне, што вось прыйшла ў свой беларускі магазын, а тут яшчэ і па-беларуску гавораць, а я ўжо шмат што і забылася, як мне прыкра...
Яшчэ адзін аповед ад спадара Юрася. Прыйшла ў краму спадарыня, якая вырасла ў Беларусі, але сама жыве ў Расеі, і калі пачула ягоную беларускую мову, то адразу закрычала: «Только не по-белорусски...»
— Я пачаў яе супакойваць, сказаў, што мы можам і па-расейску, запрасіў, каб паказаць тое, што трэба. А на нашу сытуацыю зьвярнулі ўвагу пакупнікі. Адзін адразу запытаўся: «А хто вы такая, дзе вы нарадзіліся? А можа, з вамі па-ангельску ці па-літоўску?» Я быў зьдзіўлены і пачаў за яе заступацца, пачаставаў яе кавай. А потым яна кажа: «А мая мама таксама ў Беларусі жыве». І пасьля гэтага мы сталі сябрамі, і мама ейная тэлефанавала да мяне і па-беларуску размаўляла...
Спадар Юрась робіць выснову, што ў беларусаў на генным узроўні закладзена сыстэма самазахаваньня, і дастаткова толькі трошачкі абудзіць яе. Але, паводле яго, варта гэта рабіць толькі праз дабро.
Пакупнікі тады ня вельмі шанавалі нашу мову, але ў падатковай да яе хутка прызвычаіліся
Мікола Лемяноўскі распавядае, як быў гандляром на рынку і як няпроста было таргавацца шмат з кім па-беларуску, калі сусед побач «говорил просто и понятно». Але справаздачу ў падатковую, кажа, ён стаў пісаць толькі на беларускай мове.
— Першая рэакцыя падатковых інспэктараў была нэгатыўная. Лягчэй пайшла справа, калі ўжо некалькі разоў ізноў прыносіў справаздачы па-беларуску. Потым я, напэўна, стаў самым вядомым кліентам у падатковай. І нават калі дапускаў нейкія дробныя парушэньні, то падаткоўцы проста па-добраму падказвалі, як гэта выправіць. Я адчуваў да сябе павагу за сваю мову ад людзей, якіх усе мае калегі найбольш баяліся. Нават былі моманты, калі самі інспэктары мяне папярэджвалі, што ў пэўны дзень на рынку будзе праверка.
«У мяне цэлы сьпіс сталых кліентаў, якія гатовыя пачакаць маю таксоўку, каб пачуць беларускую мову...»
У таксі Сяргея Верамеенкі ўсе надпісы на беларускай мове. Ён прынцыпова пачынае размову з кліентам па-беларуску, а калі якое непаразуменьне, прапануе яшчэ чатыры мовы на выбар.
— Асабліва турыстам падабаецца, калі зь імі размаўляеш па-беларуску. Яны па-сапраўднаму адчуваюць сябе за мяжой, бачаць наш гістарычны горад. І што датычыць мясцовых кліентаў, то выснову зрабіў даўно: ужываньне беларускай мовы ў нашай справе проста выгадна. У мяне ёсьць цэлы сьпіс сталых кліентаў, якія замаўляюць толькі маю таксоўку, хочуць, каб зь імі паразмаўлялі па-беларуску, каб потым нават пахваліцца гэтым перад знаёмымі. А яшчэ гэта і дадатковыя грошы ў выглядзе «чаявых»...
«Незразумела — чаму дзяржава так працівіцца прымяненьню беларускай мовы?...»
У гасьцях у гарадзенцаў лідэр кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак. Ён упершыню наведаў Горадню і быў прыемна ўражаны старажытным горадам і тым, што ў Горадні значна больш беларускай рэклямы, чым у Гомелі. Заўважыў, што назвы вуліц падпісаныя па-беларуску і ў транспарце прыпынкі называюць таксама на беларускай мове.
Паводле Случака, менавіта на Гарадзеншчыне ён пабачыў шмат прыкладаў таго, як вытворцы на сваёй прадукцыі, акрамя расейскай, разьмяшчаюць беларускую мову. У прыватнасьці, ён узгадаў прадпрыемства «Лідзкае піва», дзе і этыкеткі беларускамоўныя, і сайт на беларускай мове.
— Гэта магчыма, а ня так, як мне адказваюць зь Мінгандлю, што разьмяшчэньне беларускай мовы на этыкетках пацягне за сабой павелічэньне коштаў і ня зьмесьціцца. Аказваецца, што ўсё зьмяшчаецца і кошты ад гэтага не павялічваюцца. Самае цікавае, што буйныя беларускія вытворцы кажуць, што для іх гэта не праблема — двухмоўе на іх прадукцыі, а Мінгандлю кажа нам пра нейкія выдаткі. Я прашу іх: дайце канкрэтныя разьлікі — колькі складуць гэтыя выдаткі. А яны адказваюць, што «ў нашу кампэтэнцыю не ўваходзіць рабіць разьлікі».
Спадар Случак упэўнены, што праблемы з выкарыстаньнем беларускай мовы насамрэч няма. Але, паводле яго, незразумелая прычына — чаму дзяржава так упарта працівіцца прымяненьню мовы.
— Цяпер чыноўнікі яшчэ ня вельмі падтрымліваюць беларусізацыю, але грамадзтва ўсё больш і больш ідзе да беларускай мовы. І калі чыноўнікі сочаць за грамадзкай думкай, то яны павінны ісьці разам зь ёю і нарматыўныя акты падводзіць пад тое, чаго хочуць людзі.