Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў ня зьдзіўлены, што ў новай рэдакцыі Закону аб правах спажыўцоў няма пункту пра абавязковую прысутнасьць на ўпакоўцы тавараў інфармацыі на беларускай мове.
Ён заклікае беларусаў не сядзець на канапах і енчыць, а купіць канвэрты і даслаць лісты ў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а таксама ў Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем інфармацыі пра тавары на беларускай мове.
«Калі такіх лістоў будзе сто, а лепш — тысяча, мы пераможам. У свой час мы сабралі 55 тысяч подпісаў за беларускую мову ў электрычках. І мы выйгралі, дагэтуль абвесткі ў электрычках гучаць па-беларуску. Калі будзе адна тысяча індывідуальных зваротаў — мы таксама выйграем.
Згодна з усімі дакумэнтамі Эўразійскага эканамічнага саюзу, згодна з Мытным кодэксам, Тэхнічным рэглямэнтам ЭАЭС нам не забараняецца пісаць па-беларуску. У нас дзьве дзяржаўныя мовы. Проста за беларускую мову трэба змагацца. Ня ўсё так змрочна, пакуль у парлямэнт накіраваны праект закону. Актыўна пішыце звароты, абурайцеся, і ўсё яшчэ можна зьмяніць».
Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю днямі накіравала праект Закону аб правах спажыўцоў у Палату прадстаўнікоў. Калі яго абмеркаваньне ўключаць у парадак дня сэсіі, пакуль невядома. Пункту пра абавязковае разьмяшчэньне інфармацыі пра тавары на беларускай мове там няма. Як паведаміў міністэрскі чыноўнік, пытаньне пра беларускую мову абмяркоўвалася на паседжаньнях грамадзка-кансультацыйнай рады пры Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а таксама на паседжаньні працоўнай групы, якая была створана пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. Але прапанову не падтрымалі.
Значная частка беларускай прадукцыі імпартуецца ў краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу — Расею, Казахстан, Армэнію. Тэхнічны рэглямэнт Эўразійскага эканамічнага саюзу прадпісвае: «Нанесеная ў выглядзе надпісаў маркіроўка ўпакаванай харчовай прадукцыі павінна быць выкананая на расейскай мове і дзяржаўнай мове дзяржавы — сябра Мытнага саюзу».
Спажыўцы ўжо заўважылі, што на шмат якіх беларускіх таварах інфармацыя зьмешчана на казаскай мове, бо ў Казахстане толькі адна дзяржаўная мова. Адна дзяржаўная мова, дарэчы, і ва ўсіх астатніх дзяржавах — сябрах ЭАЭС, акрамя Беларусі, якая мае дзьве дзяржаўныя мовы, заўважае каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак:
«Нават на фоне ЭАЭС Беларусь выглядае не зусім паўнавартаснай краінай, бо мы адзіная дзяржава, мова тытульнай нацыі якой на таварах амаль не выкарыстоўваецца. Гэта, на маю думку, шкодзіць нашаму міжнароднаму іміджу.
Нам неабходна дамагчыся, каб беларуская мова ўсё ж была на этыкетках, каб паказаць, што Беларусь — гэта незалежная дзяржава, у якой ёсьць свая мова, што мы — ня частка нейкай іншай дзяржавы.
У Эстоніі, якая зьяўляецца сябрам Эўразьвязу, адзін мільён жыхароў, але ўсе дакумэнты ЭЗ ёсьць і на эстонскай мове. І гэта сьведчыць пра павагу да ўсіх чальцоў Эўразьвязу.
Я лічу, да прасоўваньня нашай мовы, да разгляду гэтага законапраекту павінна далучыцца і Міністэрства замежных спраў Беларусі, каб павышаць прэстыж Беларусі і на міжнародным узроўні. Каб іншыя спажыўцы нашых тавараў бачылі, што ў нас ёсьць свая мова і яна адрозьніваецца ад расейскай, што мы — сувэрэнная дзяржава».
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў на карысьць беларускай мовы на таварах беларускай вытворчасьці прыводзіць яшчэ адзін аргумэнт:
«Я наагул зьвярнуўся да міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіла Русага, які скардзіўся, што ў Расеі падрабляюць беларускую малочную прадукцыю, сыры. Я яму прапанаваў: «Калі хочаце, каб не падраблялі нашу прадукцыю, пішыце вялікімі літарамі на беларускай мове, бо ў расейскай мове няма нашых літар „І“, „Ў“. Свой ліст я даслаў у Савет міністраў і цяпер чакаю адказу.
Больш за тое, калі расейцы ўбачаць надпісы на харчах па-беларуску, яны будуць перакананыя на 100%, што гэта не падробка, і купяць у першую чаргу».