Беларусбанк абвясьціў у газэце Financial Times, што шукае фінансавага дарадцу з добрай рэпутацыяй, каб правесьці прыватызацыю.
У абвестцы гаворыцца таксама, што банк плянуе прадаць чвэрць сваіх акцый.
«Беларусбанк шукае аўтарытэтнага фінансавага дарадцу для дапамогі ў прыватызацыі банку — продажу 25% акцый у адпаведнасьці з найлепшымі сусьветнымі практыкамі», — гаворыцца ў абвестцы.
Патрабаваньні да фінансавага дарадцы, які мае дапамагчы прадаць акцыі Беларусбанку, вельмі высокія — сама меней 15 гадоў стажу ў міжнароднай банкаўскай сыстэме.
Будучы дарадца будзе адказваць за стварэньне стратэгіі разьвіцьця банку, каардынаваць рэалізацыю гэтай стратэгіі, рыхтаваць Беларусбанк да прыватызацыі ды ажыцьцяўляць прыватызацыю.
4 траўня пастановай прэмʼер-міністра Беларусі № 166 створана рабочая група для рэалізацыі мінарытарнага (не асноўнага) пакету акцыяў ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк». Група будзе падпарадкаваная міністру фінансаў Уладзімеру Амарыну.
Каб выбраць фінансавага кансультанта па пытаньнях рэалізацыі пакету акцый, мае быць праведзены адкрыты конкурс. Ураду даручана скласьці сьпіс рэкамэндаваных кандыдатаў. Рабочая група мае ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцыяў «Беларусбанку» і да 1 лістапада 2017 году прапанаваць пакупніка пакету.
У гэты час «Беларусбанк» знаходзіцца на 98,7% у дзяржаўнай уласнасьці, яшчэ 1,2% належаць адміністратыўна-тэрытарыяльным адзінкам. На фізычных і юрыдычных асобаў прыходзіцца па 0,013% і 0,015% адпаведна. Устаўны капітал на красавік 2016 году склаў 26,7 трлн беларускіх рублёў. Доля «Беларусбанку» на нацыянальным рынку ў 2014 годзе складала 41%. Паводле Standard & Poorʼs, на красавік 2016 году банк меў доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг «B-» і вытрымліваў пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, бо дамінаваў на рынку і меў падтрымку дзяржавы.