Генэральная асамблея ААН 19 сьнежня прыняла рэзалюцыю аб правах чалавека ў анэксаваным Расеяй украінскім Крыме. За ўкраінскі праект прагаласавалі 70 дзяржаваў ААН, супраць прагаласавалі 26, устрымаліся — 77. Сярод тых, хто супраць, была і Беларусь.
«Тыя, хто пакутуюць ад рук акупацыйнага рэжыму ў Крыме, напалоханыя і бездапаможныя, — агітаваў за ўкраінскі варыянт рэзалюцыі намесьнік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісліца. — Яны жывуць без усялякіх шанцаў абараніць свае правы, пратэставаць або быць пачутымі. Украіна прыкладзе ўсе намаганьні, каб прымусіць Расейскую Фэдэрацыю прытрымлівацца ейных абавязкаў як акупацыйнай улады ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, а таксама каб гарантаваць бясьпечны і бесьперашкодны доступ міжнародных праваабарончых мэханізмаў на часова акупаваны паўвостраў дзеля ажыцьцяўленьня маніторынгу і справаздачнасьці аб сытуацыі ў адпаведнасьці зь іхным мандатам».
Месяц таму, у межах пасяджэньня Трэцяга камітэту Генэральнай асамблеі ААН 15 лістапада, быў прыняты праект рэзалюцыі аб правах чалавека ў Крыме, дзе Расея была названая «дзяржавай-акупантам», а Крым і Севастопаль — «часова акупаванай тэрыторыяй». Беларусь тады спрабавала заблякаваць рэзалюцыю.
Кіеў называў галасаваньне Беларусі ў ААН «ударам у сьпіну». МЗС Беларусі тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту» (так і не сказаўшы, чый Крым). Пасьля таго 9 сьнежня Беларусь у ААН зноў прыняла прарасейскую пазыцыю і прагаласавала супраць рэзалюцыі аб спыненьні баёў у Сырыі.
Праз прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь, як мяркуюць некаторыя экспэрты, можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце.