Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі, калі працягне блякаваць крымскую рэзалюцыю ў ААН


Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка
Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка

15 сьнежня ў Нью-Ёрку адбудзецца пленарнае пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН, якое можа істотна адкарэктаваць статус Беларусі як дзяржавы-міратворцы.

Месяц таму ў Трэцім камітэце Генасамблеі ААН разглядалася рэзалюцыя Ўкраіны аб парушэньні правоў чалавека ў акупаваным Крыме і Севастопалі. Супраць прагаласавалі 23 краіны, якія самі маюць вялікія праблемы з забесьпячэньнем элемэнтарных свабод для сваіх грамадзян — Ангола, Куба, КНДР, Іран, Расея, Нікарагуа, Судан, Сырыя, Узбэкістан, Вэнэсуэла, Эрытрэя ды іншыя.

У іх ліку аказалася і Беларусь – пакуль што асноўная перамоўная пляцоўка для ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Беларуская дэлегацыя паспрабавала заблякаваць праект, заявіўшы аб «празьмернай палітызацыі» пытаньня. Праўда, супраць ініцыятывы выступіла 101 краіна, 37 устрымаліся, бок Беларусі занялі 32 аднадумцы.

Пазнавальны стыль: дэкляраваць адно, рабіць іншае

На перакананьне кіраўніцы Камітэту замежных спраў Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ганны Гапко, Менск пры сваім статусе мусіць трымацца як мінімум нэўтральнасьці, а не бязвольна плыць у фарватэры Крамля. Нагадаем, што 15 лістапада прадстаўнік Расеі ў ААН выступіў рэзка супраць праекту ўкраінскай рэзалюцыі, сьцьвярджаючы, што «Крым адвечна быў расейскай тэрыторыяй», а правы чалавека парушала якраз Украіна, навязваючы адзіныя стандарты.

Саміт ААН, ілюстрацыйнае фота
Саміт ААН, ілюстрацыйнае фота

Паводле яе, калі прадстаўнік Беларусі і гэтым разам зойме прарасейскую пазыцыю, наступствы не прымусяць чакаць:

«Першапачаткова рэзалюцыя разглядалася ў Трэцім камітэце ААН, дзе, уласна кажучы, уздымаюцца тэмы, зьвязаныя з выкананьнем правоў чалавека. Яе падтрымалі 73 дзяржавы, 23 былі супраць, 76 устрымаліся. Цяпер пацьвердзіць дакумэнт агульным галасаваньнем мусіць на сваім пленарным пасяджэньні Генэральная асамблея. Як правіла, калі ў часе Трэцяга камітэту нейкія краіны прагаласавалі «за», яны проста пацьвярджаюць сваю пазыцыю. За мінулы месяц у нас быў шанец павялічыць колькасьць тых, хто падтрымае Ўкраіну, мы ў гэтую паўзу актыўна вялі перамовы з рознымі краінамі, якія, скажам так, вагаліся».

Паводле дэпутаткі, вялася такая праца і з афіцыйным Менскам. Але з улікам пазыцыі, якую краіна дэманструе, пачынаючы ад 2014 году, калі сьледам за расейскай анэксіяй Крыму пачалася фактычная акупацыя часткі Данбасу, спадзеў на цывілізацыйны разварот мізэрны. Зрэшты, гэта пацьвярджае і апошні выпадак, калі 9 сьнежня Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб спыненьні баёў у Сырыі. Прапанову падтрымалі 122 дзяржавы, 36 устрымаліся, 13 выступілі супраць, у тым ліку, Расея, Беларусь, Іран, Сырыя ды іншыя:

«26 сакавіка 2014 году, пасьля таго, як здарылася першая расейская агрэсія з уварваньнем у Крым і наступнай незаконнай яго анэксіяй, у ААН разглядалася рэзалюцыя пра тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны, — гаворыць Ганна Гапко. — У ёй было дакладна сказана, Крым – гэта Ўкраіна, ніякіх іншых прачытаньняў быць ня можа. Тады 100 дзяржаў адназначна падтрымалі нашу рэзалюцыю, супраць выступілі 11, у тым ліку і Беларусь. Так што тэндэнцыі відавочныя…»

Як заяўляе Ганна Гапко, калі 15 сьнежня Беларусь зноў выканае волю Масквы, украінскаму боку нічога не застанецца, як замест Менску абвясьціць іншую плятформу для мірных перамоваў: «Мы ня можам быць там, дзе дзяржава не займае нэўтральнай пазыцыі», — кажа яна і аргумэнтуе: адна справа – устрымацца, але зусім іншы расклад, калі гаворка ідзе пра спробу блякаваньня рэзалюцыі.

Дэпутатка прызнаецца, што пэрспэктыва зьмены Менску на іншае месца пачала абмяркоўвацца ў дыпляматычных колах адразу пасьля 15 лістапада. Актыўнасьць гэтага працэсу будзе залежаць ад вынікаў сёньняшняга галасаваньня:

«Мы разумеем, што Лукашэнка зараз намагаецца выстройваць дачыненьні і са Злучанымі Штатамі, і з Эўразьвязам, і ў двухбаковых пагадненьнях, напрыклад з палякамі, кітайцамі і г.д. Прыкладаюцца высілкі, рух ідзе ў розныя бакі. Вядома, ён быў бы куды больш актыўны, каб не маскоўскі ціск. Відавочна, што гэты прэсінг і палітычны, і эканамічны, і вайсковы. Беларусь уваходзіць у АДКБ, адпаведна, мусіць удзельнічаць у сумесных вучэньнях. Гэта ўжо гістарычная повязь, ад якой вызваліцца досыць складана. Плюс расейская прапаганда, якая цяпер прыкладае багата намаганьняў, каб пасварыць суседзяў – украінцаў, беларусаў, палякаў, шмат укідваецца фэйкаў на гэты конт. З гэтым трэба лічыцца, мы ўсё цудоўна разумеем».

Дыпляматычны торг: прадаць голас за патрэбны вынік

Тым ня меней, гаворыць Ганна Гапко, нават з улікам, што беларускае кіраўніцтва вымушанае лявіраваць паміж рознымі палітычнымі сыстэмамі, гэта ня значыць, што можна і надалей беспакарана «прадавацца» за голас, патрэбны Расеі. А ў тым, што Беларусь знаходзіцца ў зоне вонкавага ўзьдзеяньня, яна не сумняваецца: «Нельга так рэзка зьмяніць пазыцыю пасьля таго, як беларускі амбасадар заяўляе, што ягоная краіна паважае цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны; як на вышэйшым узроўні праходзяць перамовы паміж прэзыдэнтамі; як Беларусь падкрэсьлена пазыцыянуе сябе гарантам рэгіянальнай бясьпекі», — зазначае суразмоўца.

Франсуа Алянд, Ангела Мэркель і Аляксандар Лукашэнка
Франсуа Алянд, Ангела Мэркель і Аляксандар Лукашэнка

Адрозна ад Беларусі, якая спрабуе весьці двайную гульню ў разьліку дагадзіць Маскве і спадабацца Захаду, для Ўкраіны вяртаньня ва ўлоньне Крамля ужо немагчымае, — канстатуе Ганна Гапко:

«Для нас цяпер няма розьніцы паміж сталінскім рэжымам, які вынішчаў украінцаў як нацыю (зараз мы якраз змагаемся за тое, каб галадамор быў прызнаны генацыдам; больш за 20 краінаў ужо выказалі з намі салідарнасьць), і рэжымам пуцінскім, які праз расейскую агрэсію, праз эканамічны ціск намагаецца дэстабілізаваць Украіну і зьнішчыць яе як дзяржаву. Зрэшты, ня толькі Ўкраіну: мэта Крамля – расхістаць усю Эўропу, узяўшы кантынэнт пад свой геапалітычны ўплыў».

Ганна Гапко перакананая: якімі б рычагамі Расея не спрабавала залучыць на свой бок прыхільнікаў (эканамічным шантажом, запалохваньнем ці інфармацыйнымі ўкідамі), цывілізаваны сьвет усё адно будзе на баку Ўкраіны:

«Важна праз культурную дыпляматыю даносіць, што такое Ўкраіна, а што такое ідэя «русского мира», у якую інвэставана куча грошай. Нават тое, што Пуцін паставіў у Маскве помнік нашаму князю Ўладзімеру Вялікаму, ніяк не дапаможа яму “прыхватызаваць” нашу частку гісторыі. Была Кіеўская Русь, ёсьць храм Сьвятой Сафіі, збудаваны на пачатку ХІ стагодзьдзя, калі Масквы не існавала нават у праекце. Пакуль там стаяла балота, князь Яраслаў Мудры выдаваў сваіх дачок у Нарвэгію, у Францыю, Ганна Яраслаўна была каралевай Францыі. Усе спробы нешта загрэбці — таксама вайна: гібрыдная, гістарычная. Але плян Пуціна і ягонага сябра-фээсбэшніка Кірыла на ўсталяваньне «русского мира» праваліўся: колькі б яны ня езьдзілі і з праваслаўнымі не чаравалі, не нагняталі эмоцыяў, усё канула ў Лету».

Адметна, што ў гэты ж дзень 15 сьнежня, але ўжо не ў Нью-Ёрку, а ў Брусэлі, будзе вырашацца лёс эканамічных і палітычных санкцыяў супраць Расеі за агрэсію ва Ўкраіне. Як лічыць украінская дэпутатка Ганна Гапко, у Масквы няма ніякіх шанцаў, каб дачакацца «амністыі»:

«Неабходна, каб міжнародная супольнасьць рознымі спосабамі працягвала ціск на краіну-агрэсарку. У канцы лістапада на саміце «Украіна —Эўразьвяз» папярэдне было пацьверджана, што санкцыі будуць працягнутыя. Гэта прагучала ў выглядзе палітычных заяў, але мы чакаем, што 15 сьнежня, падчас сустрэчы кіраўнікоў краінаў ЭЗ у Брусэлі, намер прадоўжыць санкцыі супраць Расеі будзе падмацаваны дакумэнтам. Я думаю, што ў рэчышчы іншых гісторыяў – сытуацыі ў Сырыі і абстрэлу мірных жыхароў Алепа, расьсьледаваньня авіякатастрофы малаазійскага аэробуса MH17 – усе гэтыя факты ўзмацняюць доказную базу дзеля прыцягненьня Расеі як дзяржавы і яе кіраўнікоў да міжнароднага суду».

Расея ў кампаніі ўсясьветных ізгояў

Адно з дасягненьняў рэзалюцыі, ініцыяванай Украінай, у тым, што ўпершыню ў дакумэнтах ААН Расея проста называецца дзяржавай-акупанткай, а Крым і Севастопаль — часова акупаванымі тэрыторыямі. Перадусім асуджаюцца абмежаваньні правоў чалавека і дыскрымінацыйныя захады з боку расейскіх акупацыйных уладаў у дачыненьні да крымскіх татараў, украінцаў, а таксама асобаў, якія належаць да іншых этнічных і рэлігійных групаў.

«Зялёныя чалавечыкі» ў Крыме, 2014 год
«Зялёныя чалавечыкі» ў Крыме, 2014 год

Сама ж Украіна паступова рушыць у бок Эўропы; наступным крокам, мяркуючы па ўсім, стане бязьвізавы ўезд для украінцаў на тэрыторыю Эўразьвязу. Ці не плянуецца з гэтай прычыны больш жорсткі рэжым у дачыненьні ня толькі Расеі, а і Беларусі, ажно да ўвядзеньня візаў?

«Магу сказаць, што ў Вярхоўнай Радзе былі размовы пра ўвядзеньне візавага рэжыму з Расеяй, — удакладняе Ганна Гапко. — Дэпутаты называлі розныя прычыны, але найперш да гэтага прычынілася эскаляцыя напружанасьці на ўсходзе Ўкраіны. Увесьці візавы рэжым, каб у тым ліку зьменшыць колькасьць прадстаўнікоў розных расейскіх спэцслужбаў, вайскоўцаў і г.д. Пра Беларусь ніколі такіх размоваў не было – каб адгарадзіцца візавым бар’ерам. Шчыра скажу, сёньня я ня бачу нейкіх важкіх прычынаў, каб пра гэта пачынаць гаварыць. Нам трэба завершыць дэмаркацыю мяжы зь Беларусьсю – вось гэта сапраўды актуальна. Мы ў камітэце ратыфікавалі пагадненьне, каб пры дапамозе Эўразьвязу нарэшце закончыць працэс. Гэта адна з важных задачаў».

Страта міжнароднага даверу ў статусе міратворчай пляцоўкі можа мець для вышэйшага кіраўніцтва Беларусі маштабныя наступствы — ад палітычных да эканамічных. Аднак найбольш ганебна страціць дзяржаўны аўтарытэт — нельга адначасова запэўніваць увесь сьвет у шчырасьці сваіх намераў і пры гэтым весьці закулісныя перамовы з адным з зацікаўленых бакоў.

Таму, як кажа дэпутатка Вярхоўнай Рады Ганна Гапко, сьнежаньскае галасаваньне на пленарным пасяджэньні ААН у Нью-Ёрку стане для Беларусі, без перабольшаньня, тэставым. У іншым выпадку Ўкраіна неадкладна паставіць пытаньне перад нармандзкай чацьвёркай наконт іншай, сапраўды неангажаванай пляцоўкі для сустрэчаў трохбаковай кантактнай групы. «Што гэта можа быць за дзяржава, сказаць цяжка, неабходна, каб пагадзілася і Расея, — гаворыць Ганна Гапко. — Але прынамсі зразумела, што Беларусь у прапанаванай ролі сябе не апраўдала».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG