Дакумэнт быў падрыхтаваны Канадай. Рэзалюцыю падтрымалі 122 краіны, супраць прагаласавалі 13 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь, Расея, Іран і Сырыя. Яшчэ 36 дзяржаваў устрымаліся. Рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН ня маюць абавязковай сілы, але маюць значную палітычную вагу.
Сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін яшчэ перад галасаваньнем ў Генэральнай асамблеі ААН заявіў, што у праекце рэзалюцыі ёсьць сур’ёзныя недахопы, і таму Расея яго не падтрымае. Паводле Чуркіна, у праекце рэзалюцыі «няправільна вызначаныя прычыны зараджэньня і разьвіцьця канфлікту ў Сырыі», а таксама «зашкальвае абвінаваўчы акцэнт на адрас уладаў краіны». Акрамя таго, Расею не задаволіла адсутнасьць у тэксьце дакумэнта выразнага ўказаньня на тое, што «рэжым спыненьня баявых дзеяньняў ня можа распаўсюджвацца на тэрарыстаў», а таксама ня згадваецца ключавая праблема адмежаваньня ад тэрарыстаў умеркаванай узброенай апазыцыі.
За 5 з паловай гадоў узброенага канфлікту ў Сырыі загінулі сотні тысяч людзей, больш за палову жыхароў краіны засталіся без прытулку, а ў сьвеце ўзьнік самы цяжкі з часоў Другой сусьветнай вайны міграцыйны крызыс.