Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў пра крымінальныя справы, заведзеныя супраць кіраўнікоў незалежнага прафсаюзу Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка па ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
«У ходзе праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгальтар прафарганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэньня адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)», — гаворыцца ў паведамленьні камітэту.
Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі ў лістападзе 2011 году быў асуджаны паводле таго ж артыкула 243 на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Адседзеў 2 гады 10 месяцаў, быў вызвалены па амністыі. На просьбу Свабоды праваабаронца пракамэнтаваў справу незалежнага прафсаюзу:
«Гэта поўная аналёгія са справай супраць мяне асабіста і праваабарончага цэнтру «Вясна», якая была заведзеная ў 2011 годзе. Мінула 6 гадоў, і літаральна з розьніцай у два дні (таму што мяне затрымалі 4 жніўня 2011 году), 2 жніўня мы бачым абсалютна падобныя затрыманьні на тых самых падставах і з тым самым абгрунтаваньнем, толькі прозьвішчы іншыя.
Я нагадаю, што тады спрабавалі завесьці крымінальную справу супраць мяне і Валянціна Стэфановіча, але сума на рахунку Стэфановіча была меншая, чым мінімум, зь якога можна было адкрыць крымінальную вытворчасьць. Таму ў дачыненьні да яго завялі адміністрацыйную справу, а на мяне — крымінальную.
Падставай для справы супраць мяне была нерэгістрацыя «Вясны» — адзін момант, і другі момант — немагчымасьць атрыманьня легальнай дапамогі з-за мяжы, тое, што дэкляруецца міжнароднымі пагадненьнямі, якія падпісала Беларусь. Тым ня менш у рэальнасьці такая дапамога была проста немагчымая.
У зьвязку з гэтым няўрадавыя арганізацыі, а таксама незалежныя прафсаюзы, верагодна, трапілі ў такую самую сытуацыю, у якую ў свой час трапілі праваабарончы цэнтар «Вясна» і я. Пакуль няма ніякіх канкрэтных дадзеных, і гаварыць, што гэта так, не выпадае. Таму што мы ня маем ніякай інфармацыі па самой справе. Мы бачым з прэс-рэлізу Дзяржкантролю толькі абвінавачаньні, якія выстаўлялі мне — той самы артыкул 243, частка 2. Але па сутнасьці справы, што мае Дзяржкантроль супраць незалежнага прафсаюзу, супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, інфармацыі канкрэтнай няма.
Гэта цалкам палітычны працэс
Але мяне насьцярожвае, што паралельна праверкі адбываюцца і ў іншым прафсаюзе ў Салігорску, і тое, што старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук быў на допыце. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады пачалі заплянаваны наступ на незалежны прафсаюзны рух. І гэта зьвязана з той актыўнай пазыцыяй, якую займалі і сам Фядыніч, і незалежныя прафсаюзы падчас вясновых пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах. Мы бачылі, што была распачатая адна крымінальная справа — так званых „патрыётаў“, якая выклікала шмат скептыцызму і крытыкі. І паралельна ўлады вырашылі ўдарыць па арганізаваных структурах, па незалежных, сапраўды апазыцыйных структурах: падчас сацыяльнай напружанасьці, эканамічных праблем улады ўяўляюць менавіта іх сапраўднымі ворагамі.
Вось так улады ўяўлялі ў 2011 годзе небясьпеку ад праваабаронцаў, таму што тады мы крычалі на ўвесь сьвет, баранілі дзясяткі палітзьняволеных, якія сядзелі ў турмах, у выніку чаго і я потым апынуўся за кратамі. А цяпер улады баяцца той верагоднай актыўнай ролі, якую незалежныя прафсаюзы маглі б адыграць гэтай восеньню. Гэта практычна разгром незалежнага дэмакратычнага руху ў Беларусі.
Я быў у той сытуацыі, у якой сёньня апынуўся Фядыніч, і раю грамадзянскай супольнасьці тэрмінова ўключыцца ў абарону незалежных прафсаюзаў. Гэта цалкам палітычны працэс».