Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раман зь відам на Апакаліпсіс», — Павал Севярынец зьбірае грошы на «Беларусалім» 


На краўдфандынгавай плятформе Talaka.by стартавала кампанія па зборы сродкаў на выданьне першай кнігі раману Паўла Севярынца «Беларусалім». Першая частка аб’ёмам амаль паўтысячы старонак мае назву «Беларусалім. Золак». Адрасы падзеяў — Менск, Полацак, Кіеў.

На просьбу Радыё Свабода аўтар адхінуў заслону над тым, пра што апавядаецца ў рамане. Галоўная, па яго словах, ідэя — абуджэньне беларускасьці ў беларуса:

«У ціхай і забытай Беларусі засноўваецца карпарацыя „Непагасны сьвет“. Сваёй эмблемай яна выбірае „Чорны квадрат“ і мае мэтай прынесьці шчасьце ўсяму чалавецтву. Дык вось зорка гэтага „Непагаснага сьвету“, беларус Андрэй Белазор, ягоная каханая дзяўчына Воля Васілеўская і купка вернікаў трапляюць у галавакружныя падзеі. Усё пачынаецца ў навагоднюю ноч. Падзеі гэтыя зьвязаныя з тым, што і ў Бога, і ў д’ябла ёсьць свае грандыёзныя пляны адносна Беларусі. Так што раман зь відам на Апакаліпсіс».

Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Павал Севярынец удакладняе, што пісаў «Беларусалім» 12 гадоў — у тым ліку ў сьледчым ізалятары КДБ, на сутках у турме на Акрэсьціна, у сваіх ссылках у Купліне ды Малым Сітне. Паводле жанру схільны хутчэй аднесьці твор да антыўтопіі, чым да фантасмагорыі:

«Прынамсі зусім не фантасмагорыя, гэта дакладна. Можна назваць антыўтопіяй, можна казаць пра раман-адкрыцьцё. Справа ў тым, што там абсалютна рэальная геаграфія, магчыма, нават будуць пазнавальныя нейкія асобы. Але гэта не фантастыка, хутчэй прадчуваньне».

Тыя, хто падтрымае выданьне, могуць разьлічваць ня толькі на кнігу. Сярод прызоў для фундатараў — экскурсія па менскіх мясьцінах раману, асабістая сустрэча з Паўлам Севярынцам за кубачкам кавы і нават правы на экранізацыю «Беларусаліма».

Меркаваны наклад кнігі — 1000 асобнікаў. Калі справа пойдзе згодна з задумай, прэзэнтацыя можа адбыцца ўжо ў кастрычніку.

Пазнаёміцца з праектам і падтрымаць выданьне раману можна на краўдфандынгавай плятформе.

Севярынец на прэзэнтацыі сваёй папярэдняй кнігі, «Беларуская глыбіня». Берасьце, 2014 год
Севярынец на прэзэнтацыі сваёй папярэдняй кнігі, «Беларуская глыбіня». Берасьце, 2014 год

Павал Севярынец — палітык, пісьменьнік, аўтар 9 кніг, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў «Маладога фронту» ды «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», ляўрэат літаратурных прэмій імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, а таксама прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG