Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які паказаў сьвету магутнасьць беларускай мовы — у Менску прайшла вечарына памяці Рыгора Барадуліна


27 лютага ў менскім Палацы мастацтваў адбылася вечарына, прысьвечаная памяці Рыгора Барадуліна. На ёй прэзэнтавалі ўнікальнае выданьне — 1-шы том дзёньнікаў і запісаў народнага паэта за гады з 1951 да 1969-га.

У кнігу ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаваньні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы яго сяброў і знаёмых.

Упершыню пабачыла сьвет самая першая, невядомая раней паэма «Зацьвітаюць купавы» (1958-1959), прысьвечаная лёсу бацькоў Барадуліна.

Укладальніца «Дзёньнікаў» Натальля Давыдзенка, якой Барадулін яшчэ пры жыцьці даверыў спарадкаваць яго запісы, расказала, як стваралася кніга:

«У працы ўдзельнічаў сам Рыгор Іванавіч. Мы пастаянна ўздымалі розныя пытаньні. Я пыталася што ён памятае, што памятаюць яго сябры ды аднакурсьнікі. Кожны па рысцы дадаваў нешта».

Падчас імпрэзы Барадуліна ўспаміналі яго сябры і калегі. Выступоўцы чыталі вершы паэта ды творы, прысьвечаныя яму.

Сяргей Законьнікаў прыгадаў сумесныя вандроўкі ды фэнамэнальную любоў Барадуліна да беларускай мовы:

«Уся істота Рыгора Іванавіча была скіравана на тое, каб выяўляць магутнасьць нашай мовы, і ён яе выявіў так, як ніхто. Ён паказаў усяму сьвету, што можа наша беларуская мова.

У нас, на жаль, любяць мёртвых паэтаў, артыстаў мастакоў. Пакуль яны жывыя і ў нечым маюць сваю пазыцыю — гэтых людзей называюць ворагамі народу, іх не друкуюць, не даюць ім трыбуну, не адзначаюць іх юбілеі. Як толькі чалавек памірае — адразу знаходзяцца добрыя словы. І гэта вельмі страшна. Пакуль мы не навучымся любіць жывых — нічога добрага нас не чакае.»

Андрэй Хадановіч аналізаваў сюжэты барадулінскіх вершаў.

Страшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч нагадаў пра неабходнасьць усталяваць помнік выбітнаму паэту:

«Нам няма на каго спадзявацца, і нам самім трэба рабіць дзеля памяці нашых выбітных паэтаў, празаікаў, нашых геніяў, і няважна ў якой сфэры яны працавалі. Нам самім трэба шанаваць іх памяць, бо пакуль жыве памяць пра іх — жыве Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG