Сёньня Палата Прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні папраўкі да Закону «Аб занятасьці насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь».
«Зьмены ў гэтым Законе ўсталёўваюць шэраг абавязкаў для грамадзян Беларусі, якія зь нейкіх прычын не працуюць, і накіраваныя на стымуляваньне больш актыўнага пошуку імі самімі працоўных месцаў», — заявіў, выступаючы перад дэпутатамі, першы намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч.
Прынамсі прадугледжваецца, што максымальны пэрыяд, на якім грамадзянін можа знаходзіцца на ўліку як беспрацоўны, будзе скарочаны з 36 да 18 месяцаў. Прадугледжаныя яшчэ такія меры супраць дармаедаў, як прыпыненьне ім выплаты грашовай дапамогі, зьмяншэньне памеру грашовай дапамогі на 50%, а не на 25, як гэта адбываецца зараз, скарочаны тэрмін для беспрацоўнага, які павінен абавязкова зьявіцца ў цэнтар занятасьці. Калі ён не зьявіцца туды цягам двух дзён, то яму прыпыняецца выплата дапамогі.
Падчас абмеркаваньня пытаньняў па беспрацоўі было зафіксавана, што за апошні год у Беларусі ўдвая павялічылася колькасьць беспрацоўных, як сьведчыць афіцыйная статыстыка, і, з другога боку, памяншаецца колькасьць вакансіяў ад наймальнікаў. Што тычыцца наймальнікаў, то і для іх прадугледжана адказнасьць: калі, згодна з дзейным заканадаўствам, яны павінны былі інфармаваць пра вакансіі службы занятасьці цягам 2 тыдняў, то цяпер гэты тэрмін скарочаны да 5 дзён.