Паводле афіцыйнай інфармацыі, перавышэньня дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў як на тэрыторыі прадпрыемства, так і ў навакольлі не назіраецца. Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме.
Афіцыйны сайт «Гродна-Азот» зьняпраўдзіў інфармацыю, што на заводзе нібыта адбыўся выкід шкодных рэчываў. У афіцыйным паведамленьні гаворыцца, што ў цэху азотнай кіслаты і вадкіх азотных угнаеньняў адбываліся плянавыя тэхнічныя працы, у выніку чаго адбылося частковае спыненьне абсталяваньня (без спыненьня працы цэху), а таксама ў некаторыя памяшканьні пранік газ, але яны своечасова былі праветраныя.
Сяргей Бараўкоў, прадстаўнік «Гродна-Азот» па сувязях з грамадзкасьцю, патлумачыў Свабодзе, што некаторыя інтэрнэт-рэсурсы падаюць недакладную інфармацыю адносна шкодных выкідаў:
«Перавышэньня канцэнтрацыі шкодных рэчываў няма ні на тэрыторыі прадпрыемства, ні ў навакольлі. Абсталяваньне працуе ў штатным рэжыме, людзям і навакольлю нічога не пагражае. Гэта абсалютна тэхналягічна штатная сытуацыя. Зрэшты, аб гэтым сьведчыць і тое, што ні службы МНС, ні іншыя не былі задзейнічаны».
Тым ня менш, па горадзе з раніцы ходзяць чуткі, што на «Азоце» адбылася чарговая няштатная сытуацыя. Прычым, чуткі шырацца не без удзелу саміх работнікаў «Азоту», якія расказваюць пра жоўта-карычневае воблака над адным з цэхаў прадпрыемства.
У прадуктовай краме чулі размову паміж жанчынамі, якія адна другой раілі не выпускаць сёньня на вуліцы дзяцей, бо на «Азоце» адбыўся чарговы выкід.
Супрацоўніца прэс-службы Упраўленьня МНС па Гарадзенскай вобласьці Наталя Жывалеўская сказала Свабодзе, што такое здарэньне ў іх зводках не зафіксаванае:
«Нашы службы наагул не задзейнічаны. Нават інфармацыя аб нейкім надзвычайным здарэньні (што нашым службам трэба ўмяшацца) да нас не паступала».
Тым ня менш, любая інфармацыя, зьвязаная з «Гродна-Азот», апошнім часам выклікае ў гарадзенцаў павышаную цікавасьць. Напачатку месяцу, калі ў цэху зь едкім натрыем праводзіліся вогненныя работы, іскра трапіла на ёмкасьць з сульфатам гідраксыляміну. Двое работнікаў атруціліся парамі, і яшчэ дваіх адвезьлі ў шпіталь.