Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Гродна Азоце» аварыя: двое загінулі, двое параненых


Задымленьне над «Гродна Азотам». Фота vk.com/autogrodnoby
Задымленьне над «Гродна Азотам». Фота vk.com/autogrodnoby

Каля абеду 6 чэрвеня на прадпрыемстве «Гродна Азот» здарылася аварыя, два чалавекі загінулі, і два шпіталізаваныя ў цяжкім стане. Прычыны высьвятляюцца. Небясьпекі для насельніцтва няма, эвакуацыя цэху не спатрэбілася, паведамляе МНС.

Пра задымленьне ў адным з цэхаў паведамілі ў МНС каля 12:45. Да прадпрыемства рушылі дзясяткі машынаў спэцтэхнікі. Паводле папярэдняй інфармацыі, падчас правядзеньня агнявых работ іскра трапіла на гідраксіламінсульфат. Людзі атруціліся выпарэньнямі.

МНС паведамляе, што ўжо арганізаванае асьцюджэньне канструкцыяў цэху і ўласна гідраксіламінсульфату, асаджэньне прадуктаў раскладаньня. На прадпрыемстве працавалі 16 адзінак спэцтэхнікі., МНС на момант публікацыі ўжо пакінула прадпрыемства.

Як паведамляе гарадзенскі блог s13, загінулі мужчыны 1981 і 1988 гадоў нараджэньня. Відавочца кажа, што да вытворчасьці яны ня мелі дачыненьня: клалі плітку, тым часам як побач вяліся працы з агнём. Калі выбухнула, адзін нібыта разьбіўся, выпаўшы з вакна, другога знайшлі мёртвым пад вакном.

Перавышэньня ўтрыманьня шкодных рэчываў у паветры пасля здарэньня на "Азоце" зафіксавана не было, паведаміла агенцтву БелаПАН начальніца аддзелу экалягічнага маніторынгу Гарадзенскага абласнога цэнтру па гідраметэаралёгіі і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Натальля Талочка.

Яна ўдакладніла, што прылады не зафіксавалі перавышэньня канцэнтрацыі цьвёрдых часцінак (недыфэрэнцыяваны па складзе пыл / аэразоль), аксіду вугляроду, дыяксіду азоту, фармальдэгіду.

«Гродна Азот» — адкрытае акцыянэрнае таварыства, якое ўваходзіць у склад канцэрну «Белнафтахім». Першыя лініі вытворчасьці азотных мінэральных угнаеньняў пачалі працаваць у 1965 годзе. «Гродна Азот» выпускае каля 50 відаў прадукцыі — у тым ліку вадкі тэхнічны аміяк, азотныя ўгнаеньні і біядызэльнае паліва — і ўваходзіць у лік найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў краіны. На прадпрыемстве працуе больш за 7 тысячаў работнікаў, ёсьць свае Палац культуры, санаторый-прафілякторый, паліклініка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG