Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Дня Волі павінны заплаціць міліцыі 20 мільёнаў


Пра гэта стала вядома пасьля сустрэчы арганізатараў шэсьця і мітынгу 25 сакавіка ў Менску з прадстаўнікамі гарадзкой міліцыі.

Падрабязнасьці карэспандэнту Свабоды апавёў адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Нам прапанавалі падпісаць дамовы на ахову грамадзкага парадку. Агульная сума, калі скласьці дамовы з кожным з заяўнікаў, перавышае 20 мільёнаў. Падпісаньне такой дамовы было адной з умоваў дазволу мерапрыемства. Таму мы іх падпісалі. Таксама супрацоўнікі міліцыі нагадалі нам пра тое, што вельмі важна захоўваць грамадзкі парадак, каб удзельнікі шэсьця не хавалі свае твары, каб зьмест плякатаў адпавядаў заяўленай тэме. Мы зьвярнулі ўвагу, што ў інтэрнэце некаторыя прарасейскія сайты заклікалі не дазваляць шэсьце і мы не выключаем, што яны могуць рыхтаваць розныя правакацыі. Міліцыянты сказалі, што манітораць сытуацыю, і паабяцалі спыняць магчымыя правакацыі».

Карэспандэнт: «А за што арганізатары мусяць плаціць супрацоўнікам міліцыі?»

Янукевіч: «Гэта за тое, што органы правапарадку будуць прыцягнутыя да забесьпячэньня бясьпекі падчас масавага мерапрыемства. Я ня памятаю, каб раней даводзілася плаціць за паслугі міліцыі. А цяпер напісана, што яны будуць выдзяляць супрацоўнікаў, забясьпечваць заступленьне на службу супрацоўнікаў і ахову грамадзкага парадку, асабістую, дарожную і маёмасную бясьпеку пры правядзеньні мерапрыемства».

Таксама арганізатары заключылі дамову з хуткай дапамогай, тут перадаплата склала 1 мільён рублёў.

«Мне дзіўна, што калі ладзіцца мерапрыемства, тым больш некамэрцыйнае, калі грамадзяне РБ рэалізуюць свае правы, то дзяржава за працу міліцыянтаў, якія знаходзяцца на службе, яшчэ здымае грошы. Канечне, гэта нонсэнс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG