Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя заклікае не прыносіць на Дзень Волі партрэты Бандэры і плякаты «Сьмерць крамлёўскім акупантам»


Арганізатары сьвяткаваньня 25 сакавіка ў Менску просяць удзельнікаў не выкарыстоўваць на акцыі правакацыйную сымболіку.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў адзін з заяўнікаў шэсьця і мітынгу ў Менску на 25 сакавіка, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Мы сапраўды заклікаем устрымацца ад любых лёзунгаў і транспарантаў, зьмест якіх не адпавядае заяўленым мэтам, а менавіта — адзначэньню Дня Волі, абароне беларускай незалежнасьці і салідарнасьці з Украінай. Любога кшталту радыкальныя лёзунгі, якія заклікаюць да гвалту, якія ня тычацца тэматыкі шэсьця, мы заклікаем з сабой не прыносіць. Калі будуць зьяўляцца такія лёзунгі ці транспаранты, мы будзем размаўляць зь людзьмі аб тым, каб яны гэтыя транспаранты прыбралі. Таму што ў цяперашняй сытуацыі вельмі важна ня даць падставаў дыскрэдытаваць нацыянальны рух, а гэтага хацелі б і беларускія ўлады, і прадстаўнікі прарасейскага руху. Важна таксама, каб для беларускага грамадзтва было зразумела, што гэта ня шэсьце экстрэмістаў, ня шэсьце нейкіх радыкальных колаў, гэта акцыя нармальных беларускіх грамадзян, для якіх важныя каштоўнасьці беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці і якія выступаюць за мір на беларускай зямлі і ў рэгіёне», — заявіў палітык.п

На просьбу Свабоды ўдакладніць, пра якую правакацыйную сымболіку ідзе гаворка, Янукевіч прывёў два прыклады з Дня Волі — 2014: плякат з партрэтамі Сьцяпана Бандэры і Рамана Шухевіча, а таксама расьцяжку «Сьмерць крамлёўскім акупантам».

«Плякат з выявамі нацыянальных герояў Украіны ня быў, на нашу думку, дарэчны. Хоць я асабіста супраць асобы Сьцяпана Бандэры нічога ня маю, я сапраўды лічу, што ён варты, каб яго ўшаноўвалі ўкраінцы. Аднак усё ж такі да тэматыкі беларускага Дня Незалежнасьці, асабліва з улікам узьдзеяньня расейскай прапаганды, асоба Сьцяпана Бандэры дачыненьня ня мела.

Што тычыцца лёзунга „Сьмерць крамлёўскім акупантам“, то гэта пасыл слушны, але форма была, на нашу думку, недарэчная. І яшчэ тады арганізатары зьвярталіся з заклікам менавіта гэтую расьцяжку згарнуць», — распавёў лідэр Партыі БНФ.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Але супраць украінскіх сьцягоў арганізатары нічога ня маюць: «Больш за тое, паколькі адной з тэмаў ёсьць салідарнасьць з Украінай, заклікаем іх прыносіць. Але, безумоўна, важна, каб бел-чырвона-белых сьцягоў было больш. Таму заклікаем, калі нехта прыносіць украінскі сьцяг, каб ён таксама меў і беларускі нацыянальны».

Арганізатары Дня Волі — 2015 не выключаюць магчымасьці рознага кшталту дробных правакацыяў з боку прарасейскіх актывістаў. У гэтай сувязі Янукевіч паабяцаў захоўваць падчас акцыі пільнасьць, а таксама зьвярнуць увагу міліцыянтаў на гэтую пагрозу.

Плянуецца, што 25 сакавіка ўдзельнікі будуць зьбірацца з 15 да 16 гадзіны ля кінатэатру «Кастрычнік», потым адбудзецца шэсьце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў з 16-й да 17-й гадзіны, і з 17-й да 18-й — мітынг у парку Дружбы народаў. Арганізатары акцыі ад зацьверджанага Менгарвыканкамам фармату адступаць не зьбіраюцца.

«Аднак у залежнасьці ад таго, колькі будзе людзей, у залежнасьці ад таго, ці атрымаецца гэтым разам прывезьці да месца правядзеньня мітынгу гукаўзмацняльную апаратуру — магчыма, мітынг будзем праводзіць у нейкім скарочаным фармаце. Але, у прынцыпе, мы плянуем поўнафарматнае мерапрыемства», — падкрэсьліў лідэр Партыі БНФ.

Янукевіч ня стаў прагназаваць колькасьць удзельнікаў заўтрашняй акцыі, але разьлічвае што людзей будзе багата. «Спадзяюся, што колькасьць будзе супастаўная з колькасьцю ўдзельнікаў Дня Волі ў мінулым годзе, нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам перасунуў час і гэта шмат для каго нязручна», — кажа ён.

Якраз таму, што акцыю прызначылі пасярод працоўнага дня, у сацыяльных сетках распаўсюдзіліся заклікі актывістаў — «спазьніцца» і пачаць Дзень Волі ў 17.00. або 18.00.

Гэтыя заклікі Янукевіч назваў несур’ёзнымі.

Сапраўды, мы лічым, што калі ёсьць нейкі дазволены час, у які дакладна прыйдуць людзі, любыя заклікі да іншых фарматаў шкодзяць нашай агульнай справе.

«Сапраўды, мы лічым, што калі ёсьць нейкі дазволены час, у які дакладна прыйдуць людзі, любыя заклікі да іншых фарматаў шкодзяць нашай агульнай справе. Таму мы просім людзей усё ж такі не зважаць на такія заклікі, бо лічым іх безадказнымі. Тыя, у каго ёсьць магчымасьць, — прыходзьце з трох да чатырох да кінатэатру „Кастрычнік“ і прымайце ўдзел у дэманстрацыі. А тых, хто ў гэты час ня зможа ўдзельнічаць, заклікаем сьвяткаваць у тым фармаце, у якім ім будзе зручна — зь сябрамі і знаёмымі ў кавярнях, на кватэрах зьбірацца і адзначаць», — кажа палітык.

Павал Белавус
Павал Белавус

Адным з актывістаў, якія заклікалі прыходзіць на акцыю пазьней, быў кіраўнік «Арт Сядзібы» Павал Белавус.

У размове са Свабодай Белавус трохі скарэктаваў свой заклік. Каб не рабіць разладу, ён прапаноўвае ўсё ж такі прыходзіць у 15.00, але не ісьці на мітынг, а заставацца каля кінатэатру «Кастрычнік» хаця б да 17 гадзіны.

«Чым заняць гэты час? Сьпяваць разам песьні, дарыць людзям стужкі і паштоўкі, матляць сьцягамі, дарыць усьмешкі і рабіць фатаздымкі. То бок проста сабрацца вялікай грамадою і адчуць, што нас шмат і гэта сапраўды сьвята. Ад традыцыйнага фармату — шэсьця — я б адмовіўся. Або ў выпадку, калі да пятай гадзіны сапраўды зьбярэцца шмат людзей, то ўжо працягнуць шэсьце да Бангалору, бо там плянуецца правесьці канцэрт з выступам некаторых беларускіх гуртоў. Але гэта будзе залежаць ад таго, ці дадуць завезьці канцэртнае абсталяваньне. Калі далі завезьці абсталяваньне і далі падключыць апаратуру, каб быў гук, тады можна ісьці да Бангалору і менавіта на канцэрт. Але калі гэта ня будзе дазволена, то тады няма ніякага сэнсу туды ісьці, і трэба проста заставацца каля кінатэатру „Кастрычнік“. То бок, я прапаную ўсё рабіць па сытуацыі», — кажа ён.

Белавус заклікае прыходзіць на Дзень Волі зь бел-чырвона-белай стужкай або стужкай з арнамэнтам, навязваць іх на сябе і дарыць мінакам падчас акцыі.

Ён таксама распавёў, што «Арт-Сядзіба» знайшла копію арыгінала паштоўкі БНР, надрукавала яе тысячным тыражом і прапаноўвае яе распаўсюджваць. Акрамя таго, «Арт-Сядзіба», сабрала цэлую базу разнастайных варыянтаў «Пагонь» (як клясычныя эскізы, так і сучасныя крэатыўныя моладзевыя варыянты) і заклікае рабіць зь іх плякаты ці друкаваць на майках.

У сваю чаргу, рух «За свабоду» падрыхтаваў да Дня Волі 100 бел-чырвона-белых сьцягоў і зьбіраецца раздаваць іх каля кінатэатру «Кастрычнік» з 15.00. Адзіная ўмова: для таго каб атрымаць сьцяг, трэба мець з сабой вуду. «За свабоду» таксама раздае бел-чырвона-белыя стужкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG