Выступаючы перад кіраўніцтвам Узброеных сіл, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў ня ўцягваць Беларусь у дурныя супрацьстаяньні з кім бы там ні было.
«Вы павінны ведаць: у неабдуманыя, непатрэбныя для краіны авантуры я вас ніколі не ўцягну. Але калі давядзецца абараняць сваю зямлю і стаяць сьпіна ў сьпіну, плячо ў плячо, вы можаце быць упэўнены, што мяне вы там убачыце ў першых шэрагах», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
«Калі раней некаторыя казалі, што Лукашэнка нагнятае абстаноўку, гадоў пяць-сем таму назад раздаваліся такія словы, што мы трацім невядома на што грошы, укладваючы ў мадэрнізацыю ўзбраеньняў і ўдасканаленьне нашай арміі, то сёньня, асабліва пасьля падзеяў ва Ўкраіне, усе зразумелі, што трэба карміць сваіх салдат і войска трэба мець дастатковае для таго, каб забясьпечыць уласныя інтарэсы», — адзначыў прэзыдэнт.
Лукашэнка падкрэсьліў: нягледзячы ні на што, унутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі застаецца стабільнай і «наш народ шануе гэта»: «Ёсьць усе падставы меркаваць, што дасягненьні дзейнай улады будуць годна ацэненыя беларусамі».
Між тым Лукашэнка падкрэсьліў, што беларусам ніхто спакойнага жыцьця не гарантуе і таму варта «трымаць порах сухім».
Ён таксама зьвярнуў увагу на важнасьць эканамічнай стабільнасьці ў краіне.
«Я нядаўна сказаў і прэм’еру, і новаму складу ўраду: вам ніхто не перашкаджае — дзейнічайце! Але пагаршэньня сытуацыі ў эканоміцы быць не павінна. Вытрымаем гэты трэнд, не абавязкова ўжо занадта дадаваць у гэтым годзе, захаваем тое, што ёсьць у гэты крызісны цяжкі час, зьвязаны са зьнешнім узьдзеяньнем на нашу эканоміку, — значыць, у нас будзе мір і спакой, і ніякія каляровыя рэвалюцыі нас з ног на галаву не паставяць», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Мы ні з кім гуляцца ня будзем і ў нас не заржавее, калі камусьці захочацца якогасьці тут майдана ці яшчэ чаго горшага
Лукашэнка зьвярнуў увагу, што важныя грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі традыцыйна суправаджаюцца «актывізацыяй спроб і пятай калёны, і яе замежных заступнікаў разгайдаць грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне». «Чакаць, што іх актыўнасьць пойдзе на спад у год прэзыдэнцкіх выбараў, таксама не выпадае. У гэтых „дзеячоў“ спэцыфічнае разуменьне палітыкі — замест прапановы канструктыўнай альтэрнатывы, сумленнай і адкрытай барацьбы за сымпатыі выбаршчыкаў яны займаюцца правакацыямі і ўсімі тымі справамі, якія нам вядомыя, — адзначыў ён. — Мы гэта ўсё праходзілі. У нас ёсьць дзейсныя прылады адэкватнага рэагаваньня. Але выключна ў прававым полі. І ўсе павінны разумець: мы ні з кім гуляцца ня будзем і ў нас не заржавее, калі камусьці захочацца якогасьці тут майдана ці яшчэ чаго горшага».