Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім, Кастусёў, Лагвінец, Някляеў...


Агульны кандыдат у прэзыдэнты ад кампаніі «Народны рэфэрэндум» павінен быць вылучаны ў сярэдзіне красавіка. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Рашэньне наконт агульнага кандыдата ў прэзыдэнты будзе прымацца кіраўнікамі арганізацыяў-удзельнікаў «Народнага рэфэрэндуму» (Партыя БНФ, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада») паводле прынцыпу кансэнсусу.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што папярэдні сьпіс магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты ад «Народнага рэфэрэндуму» яшчэ не закрыты.

Паводле слоў палітыка, на сёньняшні дзень у гэты сьпіс уваходзяць:

— намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў;
— намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец;
— лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў;
— намесьніца старшыні ТБМ імя Францішка Скарыны Алена Анісім.

Аляксей Янукевіч адзначае, што да гэтай чацьвёркі могуць дадацца і іншыя прозьвішчы. Гэта можа быць як прадстаўнік адной з структураў «Народнага рэфэрэндуму», так і палітыкі, якія ня маюць дачыненьня да гэтых арганізацыяў.

Янукевіч паведаміў, што ў гэтым сьпісе амаль дакладна ня будзе старшыні руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які, хутчэй за ўсё, сканцэнтруецца на праекце рэктарства ў ЭГУ.

Трэба адзначыць, што ў кастрычніку 2014 году на зьезьдзе Партыі БНФ па выніках галасаваньня было вырашана, што на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах партыя падтрымае менавіта кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча. Другое месца па колькасьці галасоў тады заняў палітвязень Мікалай Статкевіч.

Кандыдатура Статкевіча не адкінутая канчаткова, — старшыня БНФ

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Кандыдатура Статкевіча не адкінутая канчаткова, — кажа Янукевіч. — Разам з тым на сёньняшні момант, на жаль, мы бачым, што дэмакратычным партыям не ўдалося дамовіцца нават пра тое, каб разам вылучаць Міколу Статкевіча, што, безумоўна, мінус для нас усіх. Сёньня ёсьць фактычна некалькі паралельных ініцыятыў: Аб’яднаная грамадзянская партыя заяўляе, што яна будзе гэтую кампанію рабіць, сама партыя Статкевіча нешта робіць (аргкамітэт па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная грамада“ — РС), ну, і калі яшчэ Партыя БНФ асобна будзе нешта рабіць — гэта будзе недарэчна, і напэўна такі падыход дыскрэдытуе саму ідэю. Паўтаруся: варыянт вылучэньня Міколы Статкевіча канчаткова не адкінуты, але на сёньняшні момант так выглядае, што гэты варыянт неажыцьцяўляльны ў сваёй найбольш эфэктыўнай форме — то бок калі ўсе прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў працавалі б на яго».

Цікава, што падчас апошняга зьезду Партыі БНФ гаворка ішла пра тое, што сама партыя ня будзе вылучаць партыйнага кандыдата (менавіта таму і было праведзенае галасаваньне па тых кандыдатурах, якіх магла б падтрымаць арганізацыя). Між тым кандыдатуру Рыгора Кастусёва на разгляд «Народнага рэфэрэндуму» вылучыў 7 сакавіка менавіта Сойм Партыі БНФ.

«Зьезд Партыі БНФ не прымаў нейкага жорсткага рашэньня, яно было рэкамэндацыйнае, — тлумачыць Янукевіч. — Тое, што на сакавіцкім сойме была вылучаная кандыдатура Рыгора Кастусёва, — гэта не азначае, што Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у выбарах аднаасобна са сваім кандыдатам. Кандыдатура Рыгора Кастусёва вылучаная для абмеркаваньня ў коле нашых паплечнікаў як агульнага кандыдата ў межах „Народнага рэфэрэндуму“. Але мы да гэтага часу лічым, што аднаасобны ўдзел любой палітычнай структуры, у тым ліку Партыі БНФ, будзе дэструктыўны ў цяперашняй сытуацыі (у першую чаргу — геапалітычнай сытуацыі, калі сапраўды гаворка вядзецца пра захаваньне незалежнасьці краіны)».

Плошча-2015 — гэта нейкая гапонаўшчына, — Янукевіч

На думку Янукевіча, прэзыдэнцкая кампанія 2015 году не павінна быць разьлічаная на сцэнар Плошчы.

«З аднаго боку — падзеі 2010 году, а зь іншага боку — тое, што мы бачым ва Ўкраіне пасьля перамогі Майдана 2014 году, сьведчыць пра тое, што на сёньняшні момант казаць пра варыянт Плошчы ў Беларусі ў 2015 годзе — гэта, мякка кажучы, несур’ёзна. А па вялікім рахунку гэта можа выглядаць як сапраўды нейкая гапонаўшчына — ня толькі сьвядомая ці несьвядомая пастаноўка пад рызыку людзей, патэнцыйных удзельнікаў Плошчы, але і правакаваньне пэўных падзеяў, якія могуць вельмі драматычным чынам паўплываць на лёс усёй краіны. Таму пакуль сапраўды ў грамадзтве няма адпаведных настрояў (а такіх настрояў і блізка няма), пакуль няма мінімальнага набору фактараў, каб Плошча стала або пераможнай, або хаця б стала моцным голасам у абарону тых каштоўнасьцяў, якія будуць прапаноўваць кандыдаты ў прэзыдэнты, — заклікі на Плошчу выглядаюць вельмі безадказна», — упэўнены палітык.

З пункту гледжаньня Янукевіча, 2010 год паказаў, што выхад на Плошчу вялікай колькасьці людзей яшчэ не вырашае сытуацыю сам па сабе.

«Сёньня мы бачым абсалютна відавочна, што бяз большасьці падтрымкі ў грамадзтве за канкрэтную праграму, за канкрэтную асобу гаварыць пра нейкія перамены проста не выпадае. Таму, на нашу думку, усё ж такі важна (прычым не прывязваючыся да сцэнару прэзыдэнцкіх выбараў, бо мы ведаем, што як мэханізм зьмены ўлады ён у Беларусі не працуе) працаваць дзеля здабыцьця гэтай падтрымкі. І гэта павінна быць мэта і падчас прэзыдэнцкай кампаніі, і фактычна ў кожны дзень нашай працы», — падкрэсьлівае старшыня Партыі БНФ.

Рашэньне аб вылучэньні «Народным рэфэрэндумам» сумеснага кандыдата ў прэзыдэнты — яшчэ адна канстатацыя таго факту, што ніякай агульнай стратэгіі і агульнага кандыдата ад беларускай апазыцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ня будзе. Іншыя апазыцыйныя партыі не зьбіраюцца падтрымліваць кандыдата ад чацьвёркі «Народнага рэфэрэндуму» і маюць свой погляд на будучую прэзыдэнцкую кампанію.

Павал Севярынец: дзейнічаць у стылі 2010 году — гэта палітычнае самагубства

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што БХД не зьбіраецца ні вылучаць уласнага кандыдата ў прэзыдэнты, ні падтрымліваць кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму».

«Калі няма адзінага лідэра апазыцыі, калі няма адной каманды і адной стратэгіі, то ўсё астатняе будзе разбуральным — і для дэмакратычных сілаў, і для Беларусі. Тыя кандыдаты, якія цяпер вылучаюцца паасобку, — гэта кандыдаты на ганьбу і кандыдаты ў турму. Таму мая пазыцыя: не падтрымліваць, не вылучаць кандыдата ў прэзыдэнты, а выкарыстаць гэтую палітычную кампанію для пашырэньня шэрагаў, даць уяўленьне грамадзянам Беларусі пра альтэрнатыву, а таксама абараніць незалежнасьць», — адзначыў палітык.

Тыя кандыдаты, якія цяпер вылучаюцца паасобку, — гэта кандыдаты на ганьбу і кандыдаты ў турму

«Агулам кажучы, сытуацыя цяпер у дэмакратычных сілах кепская. Вылучэньне асобных кандыдатаў — хто ў лес, хто па дровы, хто ўдзельнічае да канца, хто здымаецца — гэта найгоршы варыянт, які толькі мог бы быць. Гэта проста палітычнае самагубства — дзейнічаць у стылі 2010 году», — лічыць Севярынец.

Палітык паведаміў, што на чэрвень заплянаваны зьезд БХД, дзе пазыцыя па прэзыдэнцкай кампаніі будзе заяўленая больш выразна.

«Сёньня Беларуская хрысьціянская дэмакратыя мае дзьве ўстаноўкі. Па-першае — выбараў няма, таму ўдзел у якасьці асобных кандыдатаў проста немагчымы. Але, па-другое, мы павінны выкарыстоўваць гэтую кампанію. І, хутчэй за ўсё, гэта будзе кампанія, накіраваная на сацыяльна значныя для беларусаў пытаньні», — кажа сустаршыня БХД.

Севярынец адзначае, што «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» будзе падтрымліваць вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

«Мы разумеем, што гэта хутчэй маральны крок. Але, тым ня менш, на мой погляд, усёй апазыцыі трэба аб’яднацца вакол патрабаваньня „Свабоду Статкевічу і іншым палітвязьням!“ у форме вылучэньня яго кандыдатам у прэзыдэнты. А далей, калі будзе ісьці кампанія, канцэнтравацца на сацыяльных пытаньнях, на пытаньнях вызваленьня палітвязьняў і пытаньнях абароны незалежнасьці. То бок — выкарыстаньне кампаніі, але няўдзел у выбарах», — падкрэсьлівае ён.

Палітык дадае, што важнае значэньне будзе мець кампанія назіраньня, якая стане на перашкодзе спробам уладаў легітымізаваць гэтыя выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG