Пасьля падзеньня расейскага рубля ў 2014 годзе беларусы спустошвалі бліжэйшыя да мяжы расейскія крамы. Паехаўшы, скажам, у Смаленск з далярамі ці эўра і памяняўшы іх там на расейскія рублі, можна было купіць тавары ў 2-3 разы таньней, чым у Беларусі. Мы высьветлілі, ці ёсьць розьніца ў цэнах на базавыя тавары ў менскім і маскоўскім гіпэрмаркетах цяпер, у канцы 2017 году.
Стабільнасьць ва ўсім. У Менску кошт 10 прадуктаў ад пачатку году не зьмяніўся
У межах праекту «Не для нас ананас» Свабода вядзе штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.
Вынікі замераў у студзені, лютым, сакавіку, красавіку, траўні, чэрвені, ліпені, жніўні, верасьні, кастрычніку і лістападзе.
За 12 месяцаў экспэрымэнты кошт нашага кошыка прадуктаў у менскай краме амаль не зьмяніўся — у студзені ён складаў 28,45 рубля, у сьнежні — 28,3. Патаньнеў набор і ў даляравым вымярэньні — 14,44 у студзені і 14 роўна ў сьнежні. Варта адзначыць, што цягам году чатыры разы нязначна падымаўся кошт аўтамабільнага паліва і адзін раз падаражэў праезд у грамадзкім транспарце. Іншыя тавары то даражэлі, то таньнелі ў залежнасьці ад сэзону, а таксама розных акцый у краме.
Што каштуе аднолькава ў Менску і Маскве
Прыкладна адна цана на малако з тлустасьцю 2,5% (у Менску — 1,38 BYN, у Маскве — 1,4 BYN) і яйкі гатунку С-1 (у Менску — 2,09 BYN, у Маскве — 2 BYN).
Што таньней у Менску
Вялікая розьніца ў цэнах на мяса (мы бяром шыйную частку сьвініны). У Менску кіляграм каштуе 10,89 BYN, у маскоўскім «Ашане» — 15,4 BYN.
Дзіўна, але амаль у два разы даражэй прадаюць у Маскве алей расейскай вытворчасьці (2,49 BYN і 4,05 BYN адпаведна).
Падобная сытуацыя з бульбай: Менск — 0,49 BYN, Масква — 0,71 BYN.
Нязначна таньнейшае ў Менску паліва маркі А-95, яно каштуе 1,27 BYN, у Маскве сярэдняя цана — 1,4 BYN.
Больш чым у тры разы ў Менску таньнейшы праезд у грамадзкім транспарце: 0,6 BYN супраць 1,9 BYN у Маскве.
Трохі адрозьніваецца і цана на квіток у кіно. Мы паглядзелі расейскую камэдыю «Апошні асілак» за 6,5 BYN у Менску і за 7,7 BYN у Маскве.
Што таньнейшае ў Маскве
Цукар і хлеб. У Менску кіляграм гарадзейскага ці скідзельскага цукру каштуюць 1,59 BYN, у Маскве расейскі аналяг — 0,99 BYN. Дарэчы, танны цукар з Расеі часта трапляе і ў беларускія крамы, прывабліваючы пакупнікоў сваёй цаной.
Што да хлеба, то тут адрозьненьне не такое істотнае. Мы набылі паўкіляграмовы бохан бездражджавога «Добрага», які выпякаюць у Слуцку, і параўноўвалі яго з маскоўскім «Барадзінскім новым»: 1 BYN супраць 0,8 BYN.
Выснова: у Менску таньней, чым у Маскве і Варшаве
Усяго за набор прадуктаў у менскай краме мы заплацілі 28,3 рубля (гэта 14$), а ў маскоўскай — 1061,16 рублі (гэта 18,02$, ці 36,35 беларускіх рубля). Цікава, што вынікі расейскіх замераў амаль паўтараюць польскія, якія Свабода рабіла ў ліпені. У Варшаве наш кошык каштаваў 68,31 злотых (гэта 35,46 BYN, ці 18,27 даляраў).