Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадуктовы кошык за паўгода падаражэў на 1,25 рубля. «Не для нас ананас-6»


За паўгода патаньнелі сьвініна і яйкі. Бульба, хлеб, цукар і малако падаражэлі.

Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.

Вынікі замераў у студзені, лютым, сакавіку, красавіку і траўні.

Працягваюць таньнець сьвініна і яйкі

Мяса і яйкі — прадукты, якія паступова таньнеюць, калі параўноўваць з пачаткам году. Часам гэтыя прадукты трапляюць у катэгорыю акцыйных тавараў, тады за кошт зьніжкі цана зьмяншаецца яшчэ больш.

Цана на шыйную частку сьвініны зьмяняецца так: у студзені было 11,99, у красавіку — 9,99, у траўні — 10,69 рубля, у чэрвені — 10,99 рубля.

Таксама патаньнеў у параўнаньні з пачаткам году дзясятак яек «Разумны выбар» С-1 (у студзені ён каштаваў 1,95 рубля, у чэрвені — 1,79 рубля).

Цэны стабільныя — на алей, праезд у грамадзкім транспарце

Як і ў папярэднія месяцы экспэрымэнту, не зьмяняецца цана на алей расейскай вытворчасьці «Золотая семечка» і праезд у грамадзкім транспарце (2,99 і 0,55 рубля адпаведна).

Падаражэла — бульба, хлеб, цукар, малако, паліва, кіно

Найбольш імкліва даражэе ў краме бульба. У сувязі з тым, што гэта сэзонны прадукт, цана на яе ад пачатку году павялічылася амаль у тры разы — ад 38 капеек у студзені да 1,09 рубля ў чэрвені. Гэта цана за караняплоды старога ўраджаю. А вось маладая ўкраінская бульба, якая прадаецца ў менскай краме, дзе мы праводзім экспэрымэнт, каштуе ўжо 2,29 рубля.

Нязначна, але ўсё роўна даражэюць астатнія тавары з нашага кошыка — бездражджавы гатунак хлеба «Добры» (у студзені было 0,91 рубля, у чэрвені — 0,95 рубля), гарадзейскі цукар (у студзені было 1,69 рубля, у чэрвені — 1,75 рубля), малако «Савушкин продукт» тлустасьцю 2,5% (у студзені было 1,3 рубля, у чэрвені — 1,34 рубля), аўтамабільнае паліва А-95 (у студзені было 1,19 рубля, у чэрвені — 1,25 рубля) і квіток у кіно (у студзені мы глядзелі ў кінатэатры «Беларусь» расейскую камэдыю «Елкі» за 5,5 рубля, у чэрвені ў тым жа кінатэатры вечаровы сэанс на блёкбастар «Піраты Карыбскага мора» ў фармаце 3D — за 7 рублёў).

Такім чынам, у параўнаньні з пачаткам году кошык прадуктаў падаражэў на 1,25 рубля (у студзені — 28,45, у траўні — 29,7 рубля) у рублёвым вымярэньні і на 1,44 даляра ў даляравым вымярэньні (у студзені — 14,44, у траўні — 15,88 рубля).

Паводле зьвестак Белстату, сярэдні заробак беларусаў у красавіку 2017 года склаў 777 рублёў (альбо амаль 400 даляраў ЗША).

***

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG