У Менску патаньнела
У межах праекту «Не для нас ананас» Свабода вядзе штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.
Вынікі замераў у студзені, лютым, сакавіку, красавіку, траўні і чэрвені.
У пачатку ліпеня кошт нашага кошыка прадуктаў у менскай краме ў параўнаньні з папярэднім месяцам зьменшыўся амаль на рубель: у чэрвені ён складаў 29,7 рубля, у ліпені — 28,8. Гэта адбылося за кошт зьмяншэньня цаны на алей, цукар і квіток у кіно. Затое прагназавана падаражэла бульба — цяпер яна каштуе 1,59 рубля, а не 1,09, як было ў чэрвені. Праўда, у ліпені прадаваўся ўжо новы ўраджай.
Аднолькава ў Менску і Варшаве каштуе толькі цукар
Параўнаўшы цэны на аналягічныя тавары ў менскім і варшаўскім гастраноме, мы паспрабавалі праверыць, ці праўда, што ў Польшчы прадукты харчаваньня таньнейшыя. Вось параўнальная інфаграфіка з цэнамі ў нацыянальных валютах і далярах ЗША.
Глядзіце выяву ў вялікім памеры >>
Такім чынам, у менскім і варшаўскім гастраноме практычна не адрозьніваецца цана толькі на адзін прадукт — цукар.
А вось па іншых пазыцыях разыходжаньні ёсьць. Таньнейшыя ў Беларусі: алей, яйкі, хлеб, аўтамабільнае паліва, квіткі на грамадзкі транспарт і ў кіно (у абодвух гарадах мы глядзелі блёкбастар «Трансформэры: Апошні рыцар»).
Затое ў Варшаве выгадней набываць сьвініну (праўда, паводле мытных правілаў, увоз мясных вырабаў з Польшчы ў Беларусь забаронены), малако і бульбу.
Маладая бульба ў Польшчы таньнейшая ледзь не ў 4 разы.
Як ні дзіўна, але найбольшая розьніца ў цане — на маладую бульбу. У беларускай краме яна каштуе ў 3,5 раза даражэй. Гэта пры тым, што ў нас бульба прадаецца беларуская, а ў польскай краме — грэцкая. У сваю чаргу, квіток на праезд у грамадзкім транспарце ў тры разы даражэйшы ў Варшаве, чым у Менску.
Усяго за набор прадуктаў у беларускай краме мы заплацілі 28,8 рубля (гэта 14,85$), а ў польскай — 68,31 злотых (гэта 18,27$, ці 35,46 рубля).
Трэба адзначыць, што польскі кошык прадуктаў даражэйшы за беларускі ў асноўным за кошт цэнаў на паліва, кіно і грамадзкі транспарт. Калі пакінуць толькі харчовыя прадукты, то ў Беларусі яны будуць каштаваць 20,5 рубля (гэта 10,51 $), а ў Польшчы — 36,91 злотых (гэта 9,87 $). Розьніца — 0,64 даляра.
Калі ўлічыць, што для таго, каб закупіцца ў польскай краме, беларусу трэба патраціцца на візу, паліва і аўтастрахоўку ці на квіток, выгада выглядае сумнеўнай.