Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі амаль вынішчылі дзікоў: мінус 100 тысяч за тры гады


За апошнія тры гады ў Беларусі вынішчана 100 тысяч дзікоў, заявіў 8 лютага міністар лясной гаспадаркі Міхаіл Амяльяновіч, перадае БелаПАН. Рашэньне аб масавым вынішчэньні дзікоў было прынятае ў 2013 году, калі ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях зьявілася афрыканская чума сьвіней.

На волі засталося каля 2600 дзікоў, кажа міністар. На пачатак кампаніі вынішчэньня ў 2013 годзе іх налічвалася 82,9 тысячы — зьнішчана амаль 97%. Дзяржава прапануе выплаты за кожнага забітага дзіка, у прыватнасьці 2 базавыя велічыні паляўнічаму.

Раней намесьнік міністра Аляксандар Кулік казаў, што пасьля адстрэлаў дзікоў праца па іх выманьні з прыроды не спыняецца, бо існуе міграцыя дзікоў з суседніх краінаў. А ад адстрэлу, казаў ён, «залежыць харчовая бясьпека краіны», бо менавіта дзікі — асноўныя пераносчыкі АЧС.

Афрыканская чума сьвіней — віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні падвышаецца тэмпэратура цела да 40–42 градусаў, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае. Людзям афрыканская чума сьвіней не пагражае.

Пра выпадкі АЧС у Беларусі не паведамлялася з 2014 году, пасьля чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што АЧС у Беларусі няма. Пры гэтым асобныя выпадкі АЧС рэгулярна фіксуюцца ў суседніх краінах. У Беларусі жа ў 2016 годзе сьвіньні хварэлі на «нейкую інфэкцыю».

У суседніх краінах выявілі сьвіную чуму. А ў Беларусі — «нейкая інфэкцыя»

Беларускія «зялёныя» кепска ставяцца да масавага зьнішчэньня дзікоў: таварыства «Зялёная сетка» піша, што паляўнічыя пасьля кантакту з тушай не праходзяць дэзынфэкцыі, тушы захоўваюцца ў магільніках, а ня спальваюцца, таму вірус АЧС можа распаўсюджвацца, нягледзячы на адстрэл.

Да таго ж, сьцьвярджае «Зялёная сетка», дзікі ня ёсьць жывым рэзэрвуарам АЧС, а могуць заражацца АЧС, паядаючы заражаныя харчовыя адкіды і пры кантакце з свойскімі сьвіньнямі.

Як выйсьце «Зялёная сетка» прапануе спальваць тушы заражаных жывёлаў, а таксама зьнішчаць тушы дзікоў, адстрэленых у межах дэпапуляцыі; увесьці забароны на хаваньне няспаленых тушаў дзікоў і хатніх сьвіней; зьнішчаць тушы сіламі вэтэрынарных брыгадаў; забараніць паляваньне на дзікоў з сабакамі і загоннае паляваньне; забараніць паляваць на дзікоў тым, чые родзічы трымаюць сьвіней; абавязаць паляўнічыя гаспадаркі мець халадзільнікі, у якіх тушы дзікоў можна было б захоўваць да аналізу на АЧС, і адмысловае адзеньне і кантэйнэры, каб перавозіць тушы да халадзільніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG