Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суседніх краінах выявілі сьвіную чуму. А ў Беларусі — «нейкая інфэкцыя»


Belarus - Firing a pig in the village Budcha of Hantsavichy region. 9Jul2016
Belarus - Firing a pig in the village Budcha of Hantsavichy region. 9Jul2016

Выпадкі афрыканскай чумы сьвіней зафіксаваныя сёлета ва ўсіх краінах-суседках Беларусі. Тым часам на Берасьцейшчыне ў некаторых вёсках людзі масава забіваюць сьвіней на ўласных падворках, а ўлады кажуць, што прычына — «нейкая інфэкцыя».

1 верасьня Беларусь забараніла ўвоз сьвініны з Валынскай і Віньніцкай абласьцей Украіны. Прычына — выяўленыя там выпадкі афрыканскай чумы сьвіней (АЧС). Як паведамляюць «Валынскія навіны», інфэкцыя зьявілася ў Ратнаўскім і Любешаўскім раёнах, якія мяжуюць зь Беларусьсю. Афіцыйна паведамляецца, што ў Ратнаўскім раёне былі зьнішчаныя 11 жывёлін, хворых на АЧС.

Украіна: 15 выпадкаў АЧС у 2016 годзе

У Ратнаўскім і Любешаўскім раёнах забаранілі прадаваць сьвініну ў крамах і на рынках. Расставілі 9 вэтэрынарна-паліцэйскіх блёк-пастоў з шлягбаўмамі і папераджальнымі знакамі.

Выканаўца абавязкаў начальніка галоўнага ўпраўленьня Дзяржаўнай службы Ўкраіны па пытаньнях бясьпекі харчовых прадуктаў ды абароны спажыўцоў у Валынскай вобласьці Валер Дабрынюк распавёў, што спэцыялісты выехалі ў раёны, каб лякалізоўваць і ліквідоўваць наступствы выпадкаў АЧС. Паводле спадара Дабрынюка, страты могуць дасягаць соцень тысяч грыўняў.

Жыхары памежных зь Беларусьсю ўкраінскіх вёсак кажуць, што ўлады «даюць 2 дні, каб усе прыбралі сьвіней, іначай утылізуюць».

Паводле афіцыйных дадзеных, цягам 2016 году ва Ўкраіне было выяўлена 15 выпадкаў АЧС у 10 абласьцях.

Польшча: урад заклікае фэрмэраў Падляшша адмаўляцца ад сьвінагадоўлі і прапануе кампэнсацыі

Адзін з апошніх выпадкаў АЧС у Польшчы выяўлены ў жніўні таксама непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю — каля Янава Падляскага. Як распавядаў сайт biala24.pl, хваробу знайшлі ў фэрмэрскай гаспадарцы.

Агулам жа на Падляшшы зарэгістравана ўжо 7 выпадкаў гэтай сьвіной хваробы. Як паведамляла Польскае радыё, забітыя тысячы галоў жывёлы.

Польскія ўлады заклікалі фэрмэраў у рэгіёнах, дзе ёсьць рызыка зьяўленьня АЧС, адмаўляцца ад сьвінагадоўлі. Фэрмэрам, якія забіваюць сьвіней, прапануецца кампэнсацыя. Яна будзе выплочвацца штомесяц у памеры 50 злотых (прыблізна 25 беларускіх дэнамінаваных рублёў) за кожную жывёліну цягам трох год.

Апроч таго, у паскораным парадку Сэйм Польшчы будзе разглядаць законапраект, які ўводзіць экстраныя меры па барацьбе з афрыканскай чумой сьвіней. Галоўная мэта закону, як паведамляла Gazeta Wyborcza, — зьмякчыць наступствы АЧС для фэрмэраў тых рэгіёнаў, дзе выявілі хваробу.

У сувязі з выяўленымі выпадкамі АЧС у Польшчы Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі «даручыла прыняць дадатковыя меры па недапушчэньні ўвозу з Польшчы жывых сьвіней і прадукцыі сьвінагадоўлі, кармоў і кармавых дадаткаў для жывёлаў».

Упершыню ў Польшчы АЧС выявілі ў 2014 годзе ў мёртвага дзіка за 800 мэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

Усе краіны — суседкі Беларусі цярпяць ад выпадкаў афрыканскай чумы сьвіней

У 2016 годзе выпадкі чумы сьвіней адзначаліся ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах.

У Расеі апошні такі выпадак быў выяўлены на адным з найбуйнейшых сьвінакомплексаў у Разанскай вобласьці, паведаміў 31 жніўня Рассельгаснагляд. Раней у гэтай вобласьці Расеі нават уводзіўся рэжым надзвычайнай сытуацыі ў сувязі з шматлікімі выпадкамі захворваньня на афрыканскую чуму.

Паводле інфармацыі Рассельгаснагляду, цягам 2016 году зафіксавана 182 выпадкі захворваньня, і ўсе — у эўрапейскай частцы Расеі, у тым ліку ў Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласьцях, якія мяжуюць зь Беларусьсю.

Закранула АЧС і Літву. Паводле дзяржаўнай харчовай і вэтэрынарнай службы Літвы, у 2016 годзе было выяўлена 10 выпадкаў хваробы.

У Латвіі цягам 2016 году было выяўлена каля 700 сьвіней, хворых на афрыканскую чуму.

Беларусь: афіцыйна чумы няма

У Беларусі сёлета ўлады не пацьвердзілі ніводнага выпадку захворваньня на афрыканскую чуму сьвіней.

Аднак у некаторых рэгіёнах Берасьцейшчыны людзі масава забіваюць жывёлу на ўласных падворках, бо сьвіньні гінуць ад невядомай хваробы. Як паведамляла Свабода, панічны забой сьвіней быў сёлета ў вёсках Ганцавіцкага раёну. Але ўлады не пацьвярджалі, што ў гэтай мясцовасьці былі выпадкі АЧС. Журналістам тлумачылі, што гэта «невядомая інфэкцыя».

Пасьля выхаду рэпартажу пра Ганцавіцкі раён з карэспандэнтамі Свабоды зьвязаўся жыхар Лунінецкага раёну, які распавёў, што падобная сытуацыя і ў ягонай вёсцы Вялікія Чучавічы — людзі перабілі сьвіней, бо тыя паміралі ад невядомай хваробы.

А ў Бярозаўскім раёне на фэрме ў вёсцы Сашыца больш як 2 тысячы галоў сьвіней збылі на мясакамбінат. Працаўнікі фэрмы казалі журналістам Свабоды, што сьвіньні на фэрме пачыналі дохнуць. Але адміністрацыя заявіла, што хваробы няма, а сьвіней перабілі, каб «весьці рэканструкцыю» сьвінафэрмы.

Дзьве тысячы галоў сьвіней забілі і закрылі фэрму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00

Упершыню афіцыйна пацьверджаны выпадак АЧС быў зафіксаваны ў Беларусі ў 2013 годзе ў Івейскім раёне Гарадзенскай вобласьці.

Пасьля таго ў Беларусі ўводзіліся буфэрныя пяцікілямэтровыя зоны вакол фэрмаў і сьвінакомплексаў, на якія прыпадае да 85% пагалоўя сьвіней Беларусі. У сувязі з уводам буфэрных зонаў жыхарам вёсак за 5 кілямэтраў ад фэрмаў забаранялася трымаць сьвіней на ўласных падворках.

У некаторых рэгіёнах сяляне пратэставалі. Напрыклад, «сьвіныя бунты» былі ў Бярозаўскім раёне ў 2014 годзе. У выніку пяцікілямэтровыя буфэрныя зоны зьменшылі да 500–1000 мэтраў.

Якія пэрспэктывы барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней?

У камэнтары «Беларускім навінам» дырэктар Інстытуту экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі Пётар Красачка назваў АЧС вельмі небясьпечнай хваробай і параўнаў яе наступствы з чарнобыльскай катастрофай або вайной:

«Калі гэты вірус увайшоў у прыроду і там цыркулюе, то ад яго трэба засьцерагацца. Бо праз адну-дзьве свойскія сьвіньні можна страціць цэлы комплекс, а гэта ўжо палітычная справа».

Спадар Красачка кажа, што барацьба з хваробай можа цягнуцца доўгі час. Напрыклад, у Гішпаніі прафіляктычныя мерапрыемствы ладзіліся 40 гадоў.

Афрыканская чума сьвіней — віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні падвышаецца тэмпэратура цела да 40–42 градусаў, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае.

Адзіны мэтад барацьбы з АЧС, кажуць адмыслоўцы, — гэта прафіляктыка і забой сьвіней у радыюсе 20 кілямэтраў, калі дзе будзе адзначана хвароба.

Людзям афрыканская чума сьвіней не пагражае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG