Архіўная публікацыя, 03 ліпеня 2007
Учора ў Беларусі адзначалі афіцыйны Дзень Незалежнасьці (Дзень Рэспублікі). У гэты дзень у 1944 годзе Менск вызвалілі ад фашысцкіх войскаў. Аднак 360 гадоў таму 3 ліпеня 1655 году Менск быў захоплены войскамі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча. Многія гісторыкі зьвяртаюць увагу на наступную акалічнасьць: калі ў часе другой усясьветнай вайны загінуў кожны чацьверты беларускі жыхар, то падчас вайны 1654 – 1667 гадоў, якую Расея вяла супраць Вялікага Княства Літоўскага, на тэрыторыі цяперашняй Беларусі загінуў кожны другі.
Насельніцтва Беларусі скарацілася напалову
Доктар гістарычных навук прафэсар Анатоль Грыцкевіч лічыць, што ўлады сьвяткуюць Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня літаральна на касьцях нашых продкаў.
“У гісторыі бывае, што некаторыя даты супадаюць. 3 ліпеня 1655 году войскі цара Аляксея Міхайлавіча штурмам узялі Менск, разрабавалі горад, частку спалілі. І гэта была адна з апэрацыяў той вялікай вайны, якую ён вёў супраць Беларусі, супраць Вялікага Княства Літоўскага. Вайна была працяглай – 12 з паловай гадоў.
Для Беларусі гэта была адна з самых цяжкіх войнаў. Людзі зазналі самыя вялікія страты. Насельніцтва Беларусі скарацілася напалову. Прычым ва ўсходніх ваяводзтвах уключна зь Менскім, Віцебскім, Мсьціслаўскім, Полацкім нават было страчана дзьве траціны насельніцтва. Для Беларусі гэта была самая цяжкая з войнаў таго пэрыяду. Беларусь яшчэ доўга ўзнаўляла да канца XVIII стагодзьдзя ўсе гэтыя страты”, – расказаў гісторык Анатоль Грыцкевіч.
“Менск вельмі моцна абараняўся”
Гісторык Алег Трусаў расказвае пра баі, якія ішлі 3 ліпеня 1655 году ў Менску:
“Трэба сказаць, што Менск вельмі моцна абараняўся. Ён меў сыстэму бастыённых умацаваньняў, і самай вялікім пунктам абароны, дарэчы, было месца, дзе праходзяць цяпер розныя парады. Гэта Кастрычніцкая плошча, альбо плошча Кастуся Каліноўскага, як яе назвала моладзь. Дык вось на гэтай плошчы ў той час стаяў Дамініканскі касьцёл – абарончы.
Калі рэшткі гэтага касьцёлу раскопваў Зянон Пазьняк у канцы 1980-х гадоў, высьветлілася, што ён меў вельмі тоўстыя сьцены. Сьцяна, бліжэйшая да плошчы, мела таўшчыню 5 мэтраў і вялізарныя байніцы для гармат ніжняга бою. Якраз тут і была самая вялікая бітва за Менск. Пазьняк пры раскопках знайшоў шмат пахаваньняў менчукоў – чарапы, пасечаныя шкілеты, на многіх чарапох былі кулі ад аркебузаў і мушкетаў.
Такім чынам, якраз у ліпені 1655 году гэтае месца было месцам бязьлітаснага бою ня толькі за незалежнасьць, а наагул за выжываньне. Калі б тую вайну мы канчаткова прайгралі, то беларусаў як нацыі ўжо не было б”.
Цар больш не марудзіў і загадаў галоўным сілам наступаць на Менск...
У гісторыка Генадзя Сагановіча ёсьць кніга “Невядомая вайна: 1654-1667”, прысьвечаная тым трагічным падзеям. Вось яе фрагмэнт:
“Атрымаўшы вестку пра захоп Барысава, цар больш не марудзіў і загадаў галоўным сілам наступаць на Менск... У Менску значных сілаў не было. З сабраных зьвестак маскоўскія ваяводы гэта ведалі... Аднак нейкае войска для... абароны ўсё ж сабралася ды 3 ліпеня сустрэла непрыяцеля за 5 вёрстаў ад гораду... Даўшы бой, яно хутка мусіла адступаць назад у горад, а царскія ратнікі “многих побили и языков взяли 15 человек”.
На плячах адступаўшых яны ўварваліся ў Менск. “Литовские люди” выбягалі з гораду, а ваявода Хітраво аднавіў раскіданы імі мост, перайшоў Сьвіслач і паставіў перад брамай замку пяхоту, затым з астатнімі сіламі выйшаў у поле, дзе адбыўся вялікі бой зь менскім войскам. Праўдападобна, самастойна адбіваліся мяшчане ў замку ды некаторых храмах”.