Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да Першай сусьветнай вайны ў маёй вёсцы была фабрыка з ангельскімі машынамі, а што цяпер...»


Аўтар кнігі «Падарожжы па родных мясьцінах» Аляксандар Місьцюкевіч
Аўтар кнігі «Падарожжы па родных мясьцінах» Аляксандар Місьцюкевіч

Гарадзенец Аляксандар Місьцюкевіч, былы інжынэр, сябра ТБМ, выдаў кнігу пра сваю родную вёску Піронім у Слонімскім раёне і навакольлі — «Падарожжы па родных мясьцінах».

— Спадар Аляксандар, што натхніла чалавека з тэхнічнай адукацыяй выдаць кнігу пра родную вёску і ці доўга вы над ёй працавалі?

— Працаваў я над ёй восем гадоў. Канечне, усё даволі марудна, без усякага досьведу. Пасьля апэрацыі я пакінуў працу, і дзеці на мяне населі, што я сяджу ў хаце. Прапанавалі, ведаючы маю цікаўнасьць да краязнаўства, даведацца пра наш радавод. Вось гэта, у прынцыпе, і было пачаткам маёй працы. Праўда, найперш, сутыкнуўшыся з абсалютна новым для мяне заняткам, устанавіў, калі ў суседняй вёсцы была пабудавана царква, бо там пачаў шукаць зьвесткі. А пазьней знайшоў зьвесткі пра маіх родных, і толькі да 1882 году. А далей — тупік...

— І вас гэта захапіла?

— Так, бо я ўжо даведаўся, што да падзелаў Рэчы Паспалітай наша царква была ўніяцкая. Даведаўся, што пасьля 1795 году вяскоўцы пачалі ў большасьці пераходзіць у каталіцызм, а тых, хто не пайшоў, бацюшкі абярнулі ў праваслаўе. Дарэчы, менавіта тады і пачалі маіх вяскоўцаў-каталікоў запісваць па нацыянальнасьці палякамі, а праваслаўных — рускімі. І вось першыя мае знаходкі я апублікаваў у «Газеце Слонімскай». А публікацыі патрабавалі працягу.

— Ваша вёска мае цікавую назву — Піронім. Ці даведаліся вы што пра паходжаньне гэтае назвы?

— Гэта аказалася ня вельмі проста, бо самі вяскоўцы пра гэта нічога ня памятаюць. Але мне ўдалося высьветліць, што ў нашай вёсцы наводшыбе стаяў старажытны дом, я яго яшчэ памятаю, яго называлі «ляпянка» і яму было больш за 400 гадоў. Дык вось я даведаўся, што дамы тыя рабілі з гліны: гліну так пераміналі зь пяском, каб не заставалася паветраных пухіроў — гэта і легла ў аснову назвы маёй вёскі. Цікава, што гэты дом прастаяў да 1972 году, і яго папросту зьнесьлі бульдозэрам — нікому гэта не было патрэбна. Пазьней я адшукаў у архівах, што вёска належала Сапегам, а перад імі нейкаму роду Ісаевічаў.

Кніга «Падарожжы па родных мясьцінах»
Кніга «Падарожжы па родных мясьцінах»

— Вам, напэўна, было прыемна і цікава адкрываць для сябе такія таямніцы пра сваю радзіму?

— Ведаеце, напачатку да маіх пошукаў ставіліся з падазронасьцю. Але потым, калі блізкія пачыталі мае першыя публікацыі, то настрой падняўся і ў мяне. Потым я знайшоў імёны сваіх прадзедаў, адсачыў іх лёсы. Станавілася цікавей і цікавей...

— Вы, паводле артыкулаў у кнізе, адсачылі гісторыю сваёй вёскі на працягу амаль 400 гадоў. Што, на вашу думку, было найбольш адметным у яе разьвіцьці?

— Знаходзіліся рэчы, якія мяне папросту зьдзівілі. Я яшчэ зь дзяцінства памятаю, як у нас адну мясьціну называлі — Фабрыка, але ніхто і ніколі той фабрыкі ня бачыў, папросту людзі так казалі ў вёсцы. І вось праз архівы ў справаздачах царскага ўраду высьвятляю, што існавала ў Піроніме суконная фабрыка, якая была запушчана ў 1830 годзе і праіснавала 32 гады. На ёй стаяла ангельскае абсталяваньне, і ейная прадукцыя ішла пераважна на вайсковыя патрэбы. А гэта зьмяніла ў многім і наша навакольле, бо людзі пачалі трымаць шмат авечак, мелі грошы, будаваліся. Цікава, што ў вёсцы было толькі 20 двароў, і работнікі набіраліся з навакольных вёсак. Так што мае землякі ў той час ужо ўпраўляліся на ангельскіх машынах.

— У вашай кнізе ёсьць асобныя разьдзелы, зьвязаныя з паўстаньнямі 1830 і 1863 гадоў — ці складана было адшукаць матэрыял?

— Матэрыялы ўдалося адшукаць у архівах. Насамрэч, у нашым навакольлі быў атрад паўстанцаў, якім кіраваў сын мясцовага пана, і большасьць людзей брала ўдзел у паўстаньнях. І два браты з нашага роду бралі ўдзел на баку паўстанцаў, а іх старэйшы брат не прыняў паўстаньня і быў на баку царскіх уладаў. Ён тады ўжо быў выдаўцом і журналістам, меў чын тайнага саветніка і пазьней напісаў успаміны пра гэта. Яго ўспаміны ў Беларусі перавыдадзеныя. Дарэчы, ён сябраваў зь Міцкевічам і Пушкіным. Лёс паўстанцаў з нашай вёскі і навакольных быў такі, як па ўсёй Беларусі: іх высылалі. Праўда, царскія ўлады вялі сьпіс паўстанцаў, і хто пасьля паўстаньня прыходзіў і здаваўся, то іх адпускалі. У мяне многія прозьвішчы апублікаваныя.

— У вашай кнізе ўсё расьпісана ў храналягічным парадку, ёсьць шмат спасылак на іншых аўтараў...

— Так, я імкнуўся пісаць у храналягічным парадку. У мяне шмат апублікавана і пра Першую сусьветную вайну, і пра міжваенны час, і пра Другую сусьветную вайну. Цікава, што і пра міжваенны час, і пра Другую сусьветную вайну я ўжо шмат працаваў зь людзьмі, якія самі жылі ў тыя часы. Іх аповеды вельмі каштоўныя. Да прыкладу, у архівах хацеў знайсьці дакумэнты пра спаленую падчас Другой сусьветнай вайны партызанамі суседнюю вёску, але мне іх ня выдалі ў архіве. А вось адзін з аднавяскоўцаў усё гэта добра памятаў і распавёў. Цікава, што ў савецкія часы ў маёй вёсцы налічвалася каля 160 двароў, а цяпер жывуць людзі толькі ў дваццаці хатах, і то гэта хутчэй дажываюць старыя.

— Ці былі з вашае вёскі вядомыя, выбітныя людзі, якіх ведаюць ва ўсім сьвеце?

— Не, такіх я не знайшоў. Праўда, я змог апублікаваць прозьвішчы тых, хто быў вывезены нямецкімі ўладамі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Ёсьць вельмі цікавыя ўспаміны людзей, як партызаны прымушалі нашых аднавяскоўцаў ісьці да іх у лес і як людзі з гэтым не пагаджаліся. Цікавы пэрыяд калектывізацыі, і пра гэта таксама згадваюць мае аднавяскоўцы...

— Ці цікавяцца вашы аднавяскоўцы цяпер гісторыяй сваёй вёскі, ці патрэбная ім ваша кніга?

— Зразумела, што старым, якія там цяпер дажываюць, гэта наўрад ці патрэбна. Але ёсьць маладыя, якія цяпер жывуць у розных гарадах па ўсёй Беларусі, тэлефанавалі, прасілі аб сустрэчы і хочуць атрымаць кнігу. Я зразумеў, што гэтую кнігу было варта напісаць і ня толькі дзеля сваіх дзяцей, яна патрэбная людзям. І шкада, што падобныя кнігі пішуцца ня ў кожнай нашай вёсцы. У мяне, дарэчы, ня ўвесь матэрыял увайшоў у гэтую кнігу, а гэта азначае, што над гісторыяй вёскі трэба яшчэ працаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG