Трыццаць гадоў таму ў Горадні расчыніў дзьверы музэй Максіма Багдановіча. За гэты час ён стаў прыкметным культурным цэнтрам. Пра тое, як ствараўся музэй і зьбіралася ягоная экспазыцыя, Свабода гутарыць са стваральніцай і першай дырэктаркай, вядомай беларускай паэткай Данутай Бічэль-Загнетавай.
— Спадарыня Данута, праз трыццаць гадоў існаваньня музэю Багдановіча ў Горадні многім было б цікава, як ён ствараўся — з чаго ўсё пачыналася?
— Ён пачынаўся з таго, што Максім Багдановіч жыў у гэтым горадзе, і ягоны музэй ня мог тут ня ўзьнікнуць. Вядомы факт, што маці Багдановіча пахаваная тут, у Горадні, а гэта галоўны чалавек у жыцьці паэта.
У сярэдзіне 60-х гадоў на доміку, дзе цяпер музэй, павесілі шыльдачку, на якой было напісана, што тут жыў Максім Багдановіч. Праўда, гэта ня так: домік, у якім жыў Багдановіч, стаяў трошкі воддаль, у садочку. Але ў нас улады неяк любяць, каб усё было каля дарогі, навідавоку. Багдановічы тут хадзілі заўсёды, яны яго ведалі. А дом належаў беларусу, спадару Міклашэвічу.
— Выходзіць, шыльдачка доўгі час уводзіла ў зман гарадзенцаў і тых, хто прыяжджаў і цікавіўся лёсам Багдановіча...
— Выходзіць, так. Калі я прыйшла сюды на працу на пачатку 80-х гадоў, то адразу зьмяніла шыльдачку. Праўда, у 1986 годзе, калі мы адчынялі музэй, то была яшчэ адна неспадзяванка з шыльдачкай. Мы павесілі на доме надпіс: Музэй Максіма Багдановіча, а перад самым адкрыцьцём прыляцеў сакратар абкама Таранцей і сарваў гэтую шыльду — маўляў, ня ўводзьце людзей у зман, бо гэта не музэй Багдановіча, а толькі аддзел Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю. Вось такое было ўдакладненьне.
— А першыя экспанаты, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю паэта, іх сям’і — якім чынам трапілі ў аддзел гісторыка-археалягічнага музэю?
— Аляксей Карпюк па сваіх справах езьдзіў у Яраслаўль і між іншым знайшоў там дом, у якім жыў Адам Ягоравіч зь сям’ёй. У тым доме ён убачыў куфар, які пакінуў Адам Ягоравіч з рознымі сваімі рэчамі і які, на шчасьце, так і стаяў у доме нікім не крануты. Куфар аказаўся ўнікальны. Карпюк узяў зь яго толькі тое, што мог забраць з сабою ў партфэлі: гарадзенскую шкатулачку і дакумэнты, якія ў яе зьмясьціліся. Усяго набралася больш за 70 экспанатаў. Гэта былі важныя дакумэнты аб нараджэньні чальцоў сям’і, аб сьмерці, іншыя дакумэнты і арыгінальныя здымкі з Горадні — усё гэта яму дасталося бясплатна. Праўда, пазьней гэты каштоўны куфар забраў з Горадні Алесь Бачыла і перавёз у Менск.
— Значыцца, усё пачыналася з удалай паездкі Аляксея Карпюка ў Яраслаўль?
У 1982 годзе я прыйшла на працу і да экспанатаў, якія ўжо былі, пачала зьбіраць іншыя.
— Нейкі час гэтыя рэчы знаходзіліся ў аддзяленьні Саюзу пісьменьнікаў, а потым іх здалі ў гісторыка-археалягічны музэй, дзе ўжо існаваў літаратурны аддзел. А ў 1991 годзе сьвяткавалі 90-я ўгодкі нараджэньня Максіма Багдановіча, мастакі ў Горадні падрыхтавалі цудоўную выставу, прысьвечаную клясыку, і прапанавалі падчас адкрыцьця падараваць усе гэтыя рэчы ў будучы музэй Максіма Багдановіча. А ў 1982 годзе я прыйшла на працу і да экспанатаў, якія ўжо былі, пачала зьбіраць іншыя. У гэтым доме на рагу вуліц 1 траўня і Максіма Багдановіча вызвалілі адну кватэру, дзе і павінна была адчыніцца экспазыцыя, прысьвечаная клясыку беларускай літаратуры.
— Выходзіць, што экспазыцыя рыхтавалася на працягу чатырох гадоў...
— Так, я паехала па ўсёй Беларусі зьбіраць гэтую экспазыцыю. Цікавыя былі часы. Менавіта тады я запазналася з цудоўнымі краязнаўцамі, сапраўднымі беларусамі. Тады я пазнаёмілася са спадаром Корзунам у Гальшанах, з Тарлецкім у Солах, з Логашам на возеры Сьвіцязь, зь цікавым старым настаўнікам спадаром Голубам у Зэльве, шмат знаёмстваў і цудоўных людзей было ў Слоніме і іншых гарадах. Канечне, у мяне не было тады ніякага вопыту, і я імкнулася сабраць як мага больш экспанатаў. Але неяк паціху ўсё зьбіралася дзякуючы цудоўным людзям, зь якімі мне даводзілася тады сустракацца. Праўда, мушу зазначыць, што ў мяне тады не было ніякай канцэпцыі музэю, бо ён месьціўся ў адным пакойчыку. Але імкнулася зьмясьціць усё, што магло б сьведчыць пра жыцьцё Максіма. Зрэшты, касьцяк тае экспазыцыі застаўся дагэтуль: ад жыцьця сям’і ў Горадні ў ХІХ стагодзьдзі і да віленскага пэрыяду, калі выйшаў зборнік «Вянок».
— Якія экспанаты ў музэі, на ваш погляд, былі і застаюцца самымі каштоўнымі?
Самыя каштоўныя рэчы ў музэі — тыя, які прывёз зь Яраслаўля Аляксей Карпюк: асабістыя дакумэнты сям’і і арыгінальныя фатаздымкі Багдановічаў.
— Безумоўна, самыя каштоўныя рэчы ў музэі — тыя, які прывёз зь Яраслаўля Аляксей Карпюк: асабістыя дакумэнты сям’і і арыгінальныя фатаздымкі Багдановічаў. Там былі і іншыя асабістыя рэчы — кшталту лыжачкі і іншага, якімі карысталіся Багдановічы. Каштоўным лічу збор выданьняў Багдановіча з усяго сьвету, якія былі сабраныя на працягу маёй працы. Была асобная паліца з гэтымі кнігамі. Дарэчы, першую экспазыцыю ў музэі рабілі гарадзенскія мастакі Алесь Ступень і Валянцін Кічко.
— Спадарыня Данута, я памятаю, як у той час шмат людзей зьбіралася ў музэі, там пастаянна праводзіліся розныя імпрэзы...
— Сапраўды, я цяпер узгадваю, і мне здаецца, што ў музэі ў тыя гады пабывала ці ня ўся інтэлігенцыя беларуская. А што да гарадзенцаў, якія хадзілі ў «Паходню», то гэта было звычайнай справай заглянуць у музэй без усякае імпрэзы.
— Што мяне тады яшчэ зьдзіўляла — у музэі заўсёды былі дзеці.
Былі цэлыя школы, якія сябравалі з музэем, нават садочкі і дзеткі адтуль прыносілі падарункі для Максіма — гэта кранала да сьлёз.
— Так, сапраўды. Асабліва 1 верасьня вельмі шмат дзетак свой першы ўрок пачыналі ў музэі Максіма Багдановіча. Быў тады па-сапраўднаму сьветлы час для Максіма і для ўсіх нас. Памятаю, я выходзіла на вуліцу перад гэтым домам і некалькім клясам адразу распавядала пра Багдановіча. Былі цэлыя школы, якія сябравалі з музэем, нават садочкі і дзеткі адтуль прыносілі падарункі для Максіма — гэта кранала да сьлёз. Часам увечары школьнікі бягуць побач і бачаць, што музэй не зачынены, забягаюць, стукаюць у дзьверы і кажуць, што добра патрапілі, бо раней ніяк не даводзілася тут пабываць...
Праводзіліся цэлыя сьвяты, прысьвечаныя дню нараджэньня Багдановіча, прыяжджалі дзеці зь Яраслаўля і таксама тут цешыліся. Пры музэі мы стварылі дзіцячы гурток, прыяжджалі госьці і з замежжа. Мы сябравалі зь дзіцячымі дамамі, якія пастаянна да нас наведваліся з розных гарадоў вобласьці, і вясковыя дзеці былі частымі гасьцямі. І плян мы, дарэчы, заўсёды выконвалі, які начальства ніколі не забывалася даводзіць і спраўджваць.
— Спадарыня Данута, вы даўно наведвалі музэй? Якія вашы ўражаньні?
— Статус музэю, дарэчы, быў яму нададзены толькі ў 1995 годзе. Але некалькі гадоў таму яго ізноў вярнулі да літаратурнага аддзелу Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю. Я была там нядаўна, але шмат чаго зьмянілася. Асаблівыя зьмены адбыліся ў экспазыцыі «Літаратурнай Гарадзеншчыны». Яны яе па сутнасьці зьмянілі. Нават там, дзе стаялі дзьве шафы Васіля Быкава — цяпер стаіць піяніна. А паштовачкі, якую ён клеіў сваімі рукамі, — наагул ня стала. Выкінулі фатаграфію з экспазыцыі, дзе я стаю з Быкавым, якая, дарэчы, нідзе не друкавалася... Навошта яны гэта зрабілі? Ня стала партрэта Элізы Ажэшкі і Ларысы Геніюш, які зрабіў Сяргей Грыневіч, хаця ў гэтым была глыбокая ідэя...